RU BE

Адам Гурыновіч

Адам Гурыновіч - беларускі паэт, фалькларыст

25 студзеня 1869г - 2 лютага 1894г

Мінская вобласць, Мядзельскі раён, Кавалі

Паэт, Фалькларыст

Руск. Гуринович Адам

Адам Гіляры Калікставіч Гурыновіч - беларускі паэт-дэмакрат, фалькларыст, рэвалюцыянер.

Біяграфія

Паходзіў са шляхецкага роду татарскага паходжання герба «Праўдзіц», вядомага з XV—XVI стст. Бацькі, Калікст Іасафатавіч і Элеанора з Сяняўскіх (з гетманскага роду), мелі некалькі дробных фальваркаў. Спачатку сям’я жыла ў Кавалях (цяпер Мядзельскі раён), пасажным фальварку маці, дзе нарадзіліся Адам і яго старэйшы брат Юзаф. Потым пераехалі ў Крыстынопаль (цяпер в. Золькі), які быў супольнай уласнасцю Калікста Іасафатавіча і яго брата Абдона. Тут нарадзіліся браты і сёстры Адама. Родны дзядзька Адама Гурыновіча — Абдон Іасафатавіч Гурыновіч — таксама нарадзіўся ў фальварку Крыстынопаль (Вілейскі раён). Пахаваны на каталіцкіх могілках у в. Канстанцінава (Мядзельскі раён). На надмагільным помніку маецца надпіс: «Абдон Гурыновіч, памёр 27 кастрычніка 1896 года, маючы 88 гадоў. Божа, выратуй яго душу».

Бацька памёр рана, пакінуўшы маладую ўдаву з шасцю дзецьмі. Вырашана было даць Юзафу вайсковую адукацыю, а Адаму і Яну — практычную (рэальнае вучылішча). Сям’я купіла ў Вільні невялікі дом, з якім і звязана пара духоўнага станаўлення Адама.

У 1879—1887 гг., уключаючы гадавую спецыялізацыю на механікатэхнічным аддзяленні дадатковага класа, вучыўся ў Віленскім рэальным вучылішчы. Афіцыйныя поспехі яго ў час вучобы ў былі сярэднія, але ўжо тады ён пачаў цікавіцца беларускім фальклорам, пытаннямі грамадскага жыцця, рабіць літаратурныя спробы. У 1887 годзе паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут і, як і іншыя калегі-разначынцы, упарта пераадольваў матэрыяльныя цяжкасці. Але захварэў на тыф і ў студзені 1888 года быў вымушаны часова звольніцца з інстытута і вярнуцца на радзіму. Увосень 1888 зноў паступіў на 1-ы курс.

У студэнцкія гады шмат займаўся літаратурай, напісаў свае лепшыя творы. Захапляўся і тэхнічнымі навукамі. Паводле ўспамінаў блізкіх, спецыяльна займаўся паляпшэннем паравозаў і ў гэтым пытанні меў быць, як кажуць, на дарозе да важных і цікавых вынаходак. Адначасова штудзіраваў працы беларускіх фалькларыстаў І. Насовіча, П. Шэйна, на канікулах папаўняў у ваколіцах Крыстынопаля свае фальклорна-этнаграфічныя зборы. У 1890 ён даслаў узоры сваіх запісаў у Варшаву Я. Карловічу, які быў амаль суседам па Вішневе, і прасіў у яго парады па фальклорна-этнаграфічнай працы. Карловіч у сваю чаргу адаслаў матэрыялы Гурыновіча ў Кракаўскую акадэмію навук, дзе яны былі надрукаваны ў 1893 годзе ў часопісе «Zbiór Wiadomości do Antropologii Krajowej» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі») і выдадзены асобна.

У той жа час Гурыновіч напружана працаваў над пытаннямі грамадскага жыцця, вывучаў перадавую філасофскую літаратуру, у т.л. марксісцкую. Ен прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху, у студэнцкім «Гуртку моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай», які ўтварыўся ў 1889 і хутка эвалюцыяніраваў ад зямляцкай арганізацыі культурна-асветнага характеру ў бок падпольнай антыўрадавай арганізацыі, цесна звязанай з іншымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі Пецярбурга, сярод якіх былі і групы першых расійскіх марксістаў (у іх складзе блізкія сваякі Ф. Багушэвіча муж і жонка Г. і Ю. Радзевічы). Блізкімі таварышамі Гурыновіча па падпольнай рабоце былі Ю. Бурачэўскі, К. Акуліч і І. Непакайчыцкі. Як адзін з кіраўнікоў гуртка ён у лісце да сяброўкі С. Пяткевіч у Цюрых (1892) прасіў арганізаваць дастаўку для гуртка вялікай партыі рэвалюцыйнай літаратуры на беларускай, польскай, рускай і ўкраінскай мовах, прац Маркса, Энгельса, Пляханава, Ласаля, Лібкнехта. Пісьмо было перахоплена паліцыяй, якая пачала сачыць за членамі гуртка.

У 1893 годзе Гурыновіч быў арыштаваны ў сваім доме ў Вільні, дзе пры вобыску знайшлі нямала забароненай літаратуры, у тым ліку нататкі, звязаныя з паўстаннем 1863 года. Яго даставілі спачатку ў Віленскую цытадэль, потым неадкладна адправілі пад вартай у Пецярбург, дзе трымалі ў доме папярэдняга зняволення, а па некаторых звестках у Петрапаўлаўскай крэпасці. У тым жа годзе ён выпушчаны зза хваробы і высланы пад нагляд паліцыі ў бацькоўскі фальварак Крыстынопаль, дзе неўзабаве памёр ад чорнай воспы.

Творчасць

Як беларускі дзеяч і паэт Гурыновіч сфарміраваўся пад уплывам народніцкага «Гомана» і творчасці Францішка Багушэвіча. Пэўны ўплыў на яго мелі таксама традыцыі паўстання 1863 года, ідэі Кастуся Каліноўскага. Пад уздзеяннем марксісцкай тэорыі ў поглядах Гурыновіча знайшлі далейшае развіццё рэвалюцыйна-дэмакратычныя, народніцкія ідэі.

У гісторыю беларускай літаратуры Гурыновіч увайшоў як паэт-рэвалюцыянер, пясняр народнай нядолі, які заклікаў да рашучай барацьбы з панамі і самаўладствам, першы з беларускіх літаратараў звярнуўся да рабочай тэмы.

Своеасаблівым паэтычным маніфестам гучыць прысвечаны Багушэвічу верш «Дзякуй табе, браце Бурачок Мацею…»:

Дзякуй табе, браце, і за тыя словы,
Што ўспомнілі звукі нашай роднай мовы,
Бяры, браце, дудку, наладзь і жалейку,
Няхай песнь смутная ідзе ў калейку
І будзіць у сэрцах мысль аб лепшай долі,
Якой мы не зналі дагэтуль ніколі.

Нягледзячы на шляхецкае паходжанне, у сваіх вершах выступае супраць «паноў» ад імя тых, каго і шляхта, і чыноўнікі спрадвеку «абдзіралі»:

Перш душылі паны,
Што шляхтай зваліся,
Цяпер «сукіны сыны»
За нас узяліся.
Ані той, ані сёй
Нічога не далі,
Нашу ж працу у свой
Кішэнь пакавалі.

Які ж выхад бачыць Гурыновіч з дадзенай сітуацыі?

Няхай хлопцы ўсе
Збіраюццы кучай,
У такім хаўрусе
Станемся мы тучай,
Што дожджыку дасць --
У нашай злой долі
Дух падыме ў нас,
Як рунь у тым полі.
А з той тучы, як гром
Сярод летняй ночы,
Загручыць ўсім паном
Загуба ў вочы!

Ён адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай паэзіі. Плённай была таксама спроба пісьменніка ў перакладах з польскіх, рускіх, украінскіх твораў. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, І. Крылова, М. Някрасава, А. Талстога, А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі, Я. Каспровіча, І. Франко.

Значная частка творчай спадчыны Гурыновіча загінула. Частка рукапісаў і пісьмаў зберагаецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва Рэспублікі Беларусь і рукапісным аддзеле бібліятэкі АН Літвы.

Упершыню яго творы апублікаваў Браніслаў Тарашкевіч (з уступным артыкулам) у 1921 г. (газета «Беларускі звон»).

Ушанаванне памяці

Імем паэта названа вуліца ў Мядзелі (Беларусь). У вёсцы Золькі пастаўлены мемарыяльны знак памяці Адама Гурыновіча.

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(