1 лістапада 1933г - 5 жніўня 2001г
Гродзенская вобласць, Дзятлаўскі раён, Варакомшчына
Драматург, Пісьменнік, Празаік
Руск. Адамчик Вячеслав Владимирович
Беларускі празаік, драматург, кінасцэнарыст.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў сямігодку (1949), працаваў грузчыкам на станцыі Наваельня, адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У 1952—1957 займаўся на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў у газетах «Знамя юности» (1957—1958), «За вяртанне на Радзіму» (1958—1960), рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1960—1962), рэдактарам аддзела публіцыстыкі часопіса «Полымя» (1962—1963). Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы пры СП СССР у Маскве (1965). Працаваў літсупрацоўнікам часопіса «Нёман» (1965—1967), загадчыкам рэдакцыі часопіса «Полымя» (1967—1969), рэдактарам аддзела прозы, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (1969—1977), галоўным рэдактарам сцэнарнай майстэрні пры кінастудыі «Беларусьфільм» (1977—1980), намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1980—1982). З 1982 — галоўны рэдактар часопіса «Бярозка». Прымаў удзел у рабоце XXXVIII сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1983). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1960).
Дэбютаваў вершамі ў 1952. Першае апавяданне апублікавана ў 1957 г. Аўтар зборнікаў прозы «Свой чалавек» (1958), «Млечны шлях» (1960), «Міг бліскавіцы» (1965), «Дзікі голуб» (1972), «Дзень ранняй восені» (1974), «Раяль з адламаным вечкам» (1990) і раманаў «Чужая бацькаўшчына» (1978, паводле рамана зняты аднайменны мастацкі фільм (1982) і пастаўлены тэлеспектакль (1983)), «Год нулявы» (1983), «І скажа той, хто народзіцца…» (1987), «Голас крыві брата твайго» (1990).
Напісаў сцэнарыі да дакументальных фільмаў «Іван Мележ» (зняты ў 1977), «Валянцін Таўлай» (зняты ў 1978), «Дзядзька Якуб» (зняты ў 1981), п’есу «Раіса Грамычына» (1989). Пераклаў кнігу балгарскіх народных казак «Незвычайны асілак» (1961), паасобныя творы М. Прышвіна, Ю. Казакова, С. Залыгіна і інш.
Пахаваны на Кальварыйскіх могілках.