8 лютага 1914г - 5 сакавіка 2010г
Мінская вобласць, Вілейскі раён, Урэчча
Руск. Ахрем Афанасий Андреевич
Беларускі савецкі хімік-біяарганік. Акадэмік Акадэміі навук БССР (1970), доктар хімічных навук (1960), прафесар (1960). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Скончыў Беларускі політэхнічны інстытут ў 1934 годзе. У 1961—1962 гадах А. А. Ахрэм працаваў у Гарвардскім і Стэнфардскім універсітэтах у лабараторыях пад кіраўніцтвам такіх выбітных хімікаў, як будучы нобелеўскі лаўрэат Р. Б. Вудвард і прафесар К. Джэрасі. У 1963—1972 гадах загадчык лабараторыі хіміі картыкастэроідаў Інстытута арганічнай хіміі АН БССР. У 1974—1988 гадах дырэктар Інстытута біяарганічнай хіміі АН БССР, з 1988 года — Ганаровы дырэктар. Член Прэзідыума Акадэміі навук БССР з 1973 года.
Аўтар больш за 800 навуковых прац, у тым ліку 13 манаграфій і 100 вынаходніцтваў.
Навуковыя даследаванні па біяарганічнай хіміі стэроідаў, бялкоў, пептыдаў, нуклеатыдаў. Адкрыў рэакцыю гетэраанеліравання, рэакцыю хлорангідрыда ацэтыльсаліцылавай кіслаты з цукрамі, нуклеазідамі і нуклеатыдаў, стэрэаспецыфічную перагрупоўку стэроідных гліцыдолаў пад дзеяннем грыньяраўскага рэагента; з’ява рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыенавых злучэннях (1975).
Галоўны рэдактар часопіса «Известия АН БССР. Серия химических наук» з 1972 года.
Дзяржаўная прэмія БССР 1988 за стварэнне навуковых асноў, распрацоўку тэхналогіі, арганізацыю доследнай вытворчасці і ўкараненне ў практыку аховы здароўя радыёдыягнастычных набораў.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1976), «Знак Пашаны» (1952), Айчыннай вайны I ступені (1945), Айчыннай вайны II ступені (1944, 1985), Чырвонай Зоркі (1943), медалямі, ордэнам Пашаны (2004).
17 кастрычніка 2014 года ў Інстытуце біяарганічнай хіміі НАН Беларусі прайшла канферэнцыя да 100-годдзя з дня нараджэння акадэміка Ахрэма. Адкрыта памятная дошка навукоўцу.