RU BE

Алесь Гарун

Алесь Гарун - беларускі дзіцячы пісьменнік, пісьменнік, паэт, публіцыст

11 сакавіка 1887г - 28 ліпеня 1920г

Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск

Дзіцячы пісьменнік, Пісьменнік, Паэт, Публіцыст

Руск. Алесь Гарун

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч. Псеўданімы і крыптанімы: І. Жывіца; А. Новадворскі; Сальвэсь; А. Сумны; А. Г.; І. Ж.; А. Н.; А.Н-і.

Біяграфія

Раннія гады

Нарадзіўся 27 лютага (11 сакавіка) 1887 г. у Мінску, на Багадзельнай вуліцы. Яго бацька Уладзімір Прушынскі і маці Соф’я (дзяв. Жывіца) былі простымі прадстаўнікамі рабочай каталіцкай грамады Мінска. З дзяцінства палюбіў кнігі і ў пяць гадоў умеў чытаць па-руску і па-польску. У далейшым скончыў мінскія 3-е гарадское прыхадское (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у сталярных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Мінску. З 1904 далучыўся да партыі эсэраў-максімалістаў. Пачаў публікавацца з 1907 у газеце «Наша ніва».

Арышт і ссылка

Арыштаваны за антыўрадавую дзейнасць 4 сакавіка 1907 у падпольнай друкарні на вуліцы Шырокай у Мінску, дзе ў той момант друкавалася адозва «Да ўсіх працоўных». У ліпені 1908 Віленскай судовай палатай асуджаны на ссылку і пажыццёвае пасяленне ў Сібіры. Сасланы ў Іркуцкую губерню. З 1914 атрымаў права перамяшчацца па ўсёй Сібіры. Працуючы на баржы на рацэ Лене, падрыхтаваў зборнік «Матчын дар» і ў 1914 пераслаў яго ў Вільню (выйшаў у 1918). Пасля працаваў на залатых прыісках у Бадайба. Творчасць Алеся Гаруна прасякнута ідэяй сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларускага народа.

Вяртанне на радзіму

Хворы на сухоты, вярнуўся ў Мінск у верасні 1917. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917; удзельнічаў у стварэнні БНР. З № 3 да № 100 рэдагаваў газету «Беларускі шлях», актыўна выступаў у ёй як публіцыст. Падчас польскай акупацыі быў членам Беларускай ваеннай камісіі, Часовага беларускага нацыянальнага камітэта (з 12 жніўня да 17 кастрычніка 1919 — старшыня). Алесь Гарун асабіста вітаў Юзэфа Пілсудскага ў Мінску ад імя ўсяго беларускага насельніцтва, і не паскупіўся на паэтычныя вобразы ў сваёй вітальнай прамове:

Ужо шосты тыдзень, як мы жывем спакойным жыцьцём разьвеяўся чырвоны туман, разтвеялася відмо галоднай сьмерці. Гэты цуд ёсьць дзелам гераічнага польскага войска, якога вы ёсьць начальнікам. Вітаю Вас ад імя нашых беларускіх дэлегацыяў, прадстаўляючых тутака беларускае насяленьне, выслаўляю гарачую падзяку за звальненьне Менску й Меншчыны ад новага цяжкага нападу маскоўскага імпэрыялізму, які на гэты раз прыбраўся ў бальшавіцкую вопратку. Але плачуць яшчэ маткі ў Віцебску, стогнуць людзі ў Магілёве, маўчыць, бо забаронены, хаўтурны голас зьімшэлых званіцаў Смаленску. Мы верым і спадзяемся, што, разам, з вольнымі Менскам, Вільняй і сівой Гародняй, вольнымі і шчасьлівымі будуць у вольнай і незалежнай Беларускай рэспубліцы нашыя адвечныя астрогі на рубяжох Масквы — Віцебск, Магілёў і стары Смаленск. Гэтага мы спадзяемся, у гэта мы верым, а гэтымі верай і надзеяй адараваў нас братні народ, якога слаўнамупрадстаўніку гатовы мы сказаць на Меншчыне ня толькі нашы сягоньняшняе «дзякуй», але й заўсёды: «Здароў будзь, прыходзь да нас, наш госьцю мілы, суседзе дарагі!»

Пачынаючы з кастрычніка 1919 г. А. Гарун канчаткова закінуў сваю паэтычную творчасць, бо з галавой акунуўся ў працэс стварэння беларускай нацыянальнай арміі пры Польшчы.

У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве. Яго магіла была нанова адшуканая ў 1988 годзе. У 1991 пра Алеся Гаруна зняты дакументальна-публіцыстычны фільм «Праз сваю хату ўбачыць бацькаву».

Творчасць

Пісаць вершы Гарун пачаў змалку, спачатку, як сведчыць М. Гарэцкі, на рускай мове, затым — на беларускай. Раннія яго творы да нас не дайшлі. 1905 г. датуецца паэма «Мае коляды», апублікаваная ў Вільні ў 1920 г. пад псеўданімам А. Сумны. Гэта — гісторыя нечаканага абуджэння нацыянальнай свядомасці ў беларускага вясковага хлопчыка, які прыехаў да свайго школьнага таварыша і правёў свята ў асяроддзі паноў.

Першы друкаваны верш «Маці-Беларусі» пабачыў свет у 1907 годзе ў нумары газеты «Наша Ніва». У 1908 г. з’явіліся два вершы: «Януку Купале» (паэтычны водгук на зборнік «Жалейка») і «Начныя думкі» — лірычны ўсхваляны ўспамін аб родных мясцінах, ад якіх аўтар быў адарваны, знаходзячыся ў астрогу. Заслугоўвае ўвагу вобразная асаблівасць твора: тут ява ўвесь час пераплятаецца са сном, а рэальная рэчаіснасць — з казкай.

Гэты верш сведчыць, што Алесь Гарун не паў духам, не зламіўся маральна. Ён падтрымліваў сувязь са знешнім светам, жыў яго клопатамі. Паэтычная спадчына А. Гаруна ўключае ў сябе зборнік «Матчын дар», напісаны напачатку Першай Сусветнай вайны, і вершы, апублікаваныя ў розных выданнях пад псеўданімамі А. Гарун, А. Сумны, а таксама Сальвэсь. Гэты зборнік можна паставіць побач з такімі кнігамі, як «Шляхам жыцця» і «Вянок». Ён з’яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў 20 стагоддзя.

У нейкім сэнсе блізкім да праграмных можна лічыць верш «Людзям», якім адкрываецца зборнік і ў якім аўтар непасрэдна звяртаецца да чытачоў. Гэта — свайго роду прадмова, ці можа нават споведзь з выяўленнем асабістых перажыванняў. У гэтым вершы Гарун гаворыць, што ён не паэт.

Наступны этап развіцця творчасці Алеся Гаруна — гэта вершы, напісаныя ў Сібіры. Яны як водгук пакуты і сімвал веры, споведзь і скарга выгнанніка, а таксама сведчанне нязломнай, непахіснай вытрымкі.

Багата ў Алеся Гаруна песняў жальбы, сумных настрояў, плачу. Але сум яго не так ідзе ад драмы ўласнага жыцця, колькі ад таго, што ён больш за ўсё баяўся страціць духоўную повязь з Бацькаўшчынай. І адначасова паэт паказвае, што ахвяры лірычнага героя і пакуты, якія выпадаюць на яго долю, не могуць быць дарэмнымі.

Вершы: Спрэчка, Nokturno, Самсон, «Думкі-дыялекты, краскі жыцця» і інш. Проза: «Першы снег», «Пан Шабуневіч», «Маладое», «Чалавек без крыві», «Свята», «П’ера і Каламбіна», «У Панасавым сяле».

Памяць

У Мінску адна з вуліц названа ў гонар Алеся Гаруна (Фрунзенскі раён).

Творы

  • Выбраныя творы / Алесь Гарун; [Уклад., прадм., каментар У. Казберука]. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2003. — 445 с. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1. Мастацкая літаратура). — ISBN 985-6730-08-2.
  • І я з народам …: вершы, апавяданні, п’еса: [для сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту] / Алесь Гарун; [уклад. і прадм. У. Казберука]. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2007. — 140, [1] с. — (Бібліятэка школьніка). — ISBN 978-985-02-0963-4
  • Мае каляды / А. Сумны. — Вільня: Выдавецтва У. Знамяроўскага, 1920. — 15 с.
  • Матчын дар: Думы і песні 1907—1914 / Пад рэд. акад. І. І. Замоціна. — Мн.: Выд. Беларус. Акад. навук, 1929. — 158(2)с. — (Акадэмічная бібліятэка беларускіх пісьменнікаў. Кн. 3).
  • Матчын дар і іншыя творы = Mutters Gabe und andere Werke = Mother’s gift and other writings / Алесь Гарун; пад рэд. А. Адамовіча і Ст. Станкевіча; Беларускі інстытут навукі і мастацтва. — Нью Ёрк — Мюнхэн: Выд-ва «Бацькаўшчына», 1962. — 270 с., [1] л. партр.
  • Матчын дар: Вершы, апавяданні, п’есы / А.Гарун; Уклад. і аўт. прадм. У. Казбярук. Запіскі Самсона Самасуя: Раман, апавяданні: Для ст. шк. узросту / А.Мрый; Аўт. прадм. і ўклад. Я. Р. Лецка; Да зб.у цэлым: Маст. Г. В. Шапялевіч. — Мн.: Юнацтва, 1995. — 475 с. — (Школьная библиотека). — ISBN 5-7880-0734-8
  • Матчын дар: Думы і песні, 1907―1914 гг. / Алесь Гарун. — Мн.: Маст. літ., 1988. — 125, [2] с. — ISBN 5-340-00368-X
  • Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка / Уклад., прадм. і камент. У.Казберука; Маст. У.Басалыга. — Мн. : Маст. літ., 1990. — 358, [1] с., 5 л. партр.: іл. — (Спадчына).

Спампаваць кнігі

Матчын дар
Спампаваць: doc, fb2, txt
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(