RU BE

Алесь Рылько

Алесь Рылько - беларускі драматург, пісьменнік, празаік, публіцыст

27 сакавіка 1923г - 16 красавіка 1967г

Віцебская вобласць, Талачынскі раён, Рыдамля

Драматург, Пісьменнік, Празаік, Публіцыст

Руск. Алесь Рылько

Беларускі празаік, драматург, публіцыст. Член СП Беларусі (з 1952). Псеўданімы і крыптанімы: Аляксей Добры, А. Дрыль, Ал. Дрыль, Алесь Дрыль, Л. Дрыль, Алесь Кандыба, Кандыдат навук бытавога абслугоўвання, В. Крыжэня, Прымус Чапяльніцкі, Алесь Рыль, Л. Халіцкі, А. Яленец, Ал. Яленец, Л. Яленец, Ал. Ялень.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў 9 класаў школы ў Радамлі (1939), педагагічныя курсы ў Оршы (1939). Працаваў загадчыкам Лявонаўскай пачатковай школы на Аршаншчыне, адначасова завочна вучыўся ў настаўніцкім інстытуце (1939—1941). У першы год Вялікай Айчыннай вайны (ліпень 1941 — жнівень 1942) А. Рылько жыў у бацькоў, працаваў на сельскай гаспадарцы. У 1942—1944 — разведчык у партызанскім атрадзе «Перамога» брыгады К. Заслонава, потым мінёр спецгрупы «Непераможныя». Быў паранены. Узнагароджаны медалямі.

Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў працаваў адказным сакратаром Баранавіцкага аблспорттаварыства «Дынама», настаўнічаў на Пастаўшчыне (1944—1946). У 1946 паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1951 годзе. Працаваў у газеце «Савецкі селянін» (1947—1948), «Літаратура і мастацтва», часопісах «Вожык», «Полымя», літаратурным кансультантам праўлення СП БССР (1952—1967). Загінуў ад няшчаснага выпадку.

Творчасць

Дэбютаваў у друку ў 1946 годзе. Першае апавяданне «Сама зразумела» змешчана ў часопісе «Вожык». Аўтар кніг апавяданняў «Мае сустрэчы» (1952), «Цвіце чаромха» (апавяданні, п’есы, 1957), «Стуканок у аблавушцы» (гумарыстычныя апавяданні, 1959), «Ты прыгожая, Арынка» (апавяданні, нарысы, 1960), «Напрадвесні» (выбранае, 1984), аповесці для дзяцей «Мядовыя краскі» (1959, 1983), аднаактовай п’есы «Гром з яснага неба» (1953), «Колькі вяровачку не віць…» (аднаактовая камедыя і сцэнкі, 1958). У 1969 г. выйшла «Выбранае». Смерць перапыніла працу над раманам «Срэбныя росы». Творы А. Рылько перакладзены на балгарскую, польскую, рускую (Ю. Багушэвічам), чэшскую і іншыя мовы.

Галоўнае ў творчасці А. Рылько — лірычны роздум пра жыццё і працу, любоў да сціплых людзей і працаўнікоў, іх барацьба з захопнікамі, выяўленне рамантыкі будняў беларускай вёскі, паказ пошукаў чалавекам свайго месца ў жыцці. Для творчасці характэрны ярка выяўленыя гумарыстычна-сатырычныя элементы, каларытная, па-народнаму дасціпная мова, увага да трапнай дэталі, дынамічны, экспрэсіўны стыль.

Спампаваць кнігі

Стуканок у аблавушцы
Спампаваць: doc, fb2, txt
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(