6 жніўня 1840г - 22 жніўня 1898г
Магілёўская вобласць, Глускі раён, Калацічы
Руск. Обухович Ольгерд
Беларускі паэт, перакладчык.
Паходзіў са шляхецкага роду Абуховічаў. Нарадзіўся ў сям’і Рышарда (Рычарда-Юліяна-Ксаверыя-Вінцэнта) Юзафавіча Абуховіча (1815—?) і Караліны Эсткі. Імёны продкаў пісьменніка не раз згадваюцца ў гісторыі.
У XVII — пачатку XVIII ст. род Абуховічаў вылучыў некалькі відных дзяржаўных і ваенных дзеячаў Вялікага Княства Літоўскага, якія пакінулі таксама след у літаратуры, былі аўтарамі цікавых «Дыярыушаў» (аднаму з іх адрасаваны вядомы сатырычны «Ліст да Абуховіча»). Дзед Альгерда Юзаф Абуховіч быў шамбялянам (камергерам) польскага каралеўскага двара, удзельнічаў у паўстанні Касцюшкі, пасля чаго доўга хаваўся ва Украіне; прычыніўся ён і да паўстання 1831 года. Бацька меў тытул суддзі Мазырскага павета, яму належалі буйныя маёнткі Калацічы ў Бабруйскім і Грабава ў Мазырскім паветах. «… Тысяча „душ“ людзей мелі працаваць на хлеб для маладога Ольдзі…», — адзначалася ў мемуарах пісьменніка.
Яго прабабкай была Марыя Бандынэлі, якая паходзіла з італьянскага графскага роду Бандынэлі (Бандзінелі) і пайшла за Дамініка Вінцэнтавіча Абуховіча, што атрымаў 5 снежня 1738 пасаду мазырскага скарбніка. Італьянскі графскі род Бандынэлі даў свету нямала знакамітых асоб, у тым ліку скульптара (Бача Бандынэлі, які працаваў у XVI ст. у Фларэнцыі) і нават аднаго Папу Рымскага (Аляксандр III Бандынэлі, XII ст). Альгерд Абуховіч ганарыўся неардынарнасцю свайго роду (адсюль яго псеўданім). На схіле дзён, фактычна парваўшы са сваім класам і жывучы ў вялікай беднасці, ён усё ж адзначае ў сваіх мемуарах: «Я падпісваюся на маіх беларускіх творах „Граф Бандзінелі“; гэта прозвішча маёй бабкі, апошняй з гэтага роду… Пазываючыся ў подпісы на дзядоў сваіх, грудзі мае парушае пачуццё нечага вялікага, сільнага…».
Альгерд Рышардавіч Абуховіч нарадзіўся ў маёнтку Калацічы Бабруйскага павета (цяпер Глускі раён). Як было прынята ў заможных памешчыцкіх сем’ях, Альгерд атрымаў добрае хатняе выхаванне. У далейшым, паводле сведчанняў сучаснікаў, пісьменнік свабодна валодаў асноўнымі еўрапейскімі мовамі — французскай, італьянскай, англійскай, нямецкай, лёгка чытаў па-іспанску. Адным з яркіх уражанняў дзяцінства была паездка ў Кіеў у 1852, дзе хлопчыку зрабілі даволі складаную па тым часе аперацыю (ён меў ад нараджэння фізічную хібу — так званую «заечую губу»). Увосень таго самага 1852 Альгерд паступіў у Слуцкую кальвінскую гімназію. Школьнае навучанне супала з пярэдаднем вялікага грамадскага ўздыму ў краіне, які адыграў вырашальную ролю ў станаўленні дэмакратычнага светапогляду будучага пісьменніка. «Растучы, я развіваўся, а перада мною штораз харашэй рассцілаўся свет… насталі часы, аб каторых можна сказаць, што людзей нікчэмных яны не бачылі», — гаварыў ён пазней у сваіх мемуарах. Пэўная ідэалізацыя далёкага часу юнацтва толькі рэльефней падкрэслівае ўзнёслыя настроі тагачаснай перадавой моладзі, да якой належаў пісьменнік.
У гімназіі А. Абуховіч правучыўся ўсяго некалькі гадоў (да 1854) і поўнага гімназічнага курса не скончыў. Для багатага юнака гэта было неабавязкова. Затое ён шмат падарожнічаў, жыў у Жэневе і Парыжы, дзе сустракаўся з многімі выдатнымі людзьмі таго часу, у тым ліку з кіраўнікамі польскай эміграцыі А. Чартарыйскім і Л. Мераслаўскім. У Жэневе, як цяпер устаноўлена паводле звестак замежных архіваў (рупнасцю швейцарскай беларусісткі М. Банькоўскі-Цюліг), будучы пісьменнік пражыў 8 месяцаў з восені 1858 да вясны 1859, у якасці вольнага слухача наведваў прырода- і літаратуразнаўчы факультэты тамашняй кальвінскай акадэміі. Тут умацавалася цікавасць А. Абуховіча да кальвінізму.
У 1862 пісьменнік некалькі разоў прыязджаў у Вільню, ёсць няпэўныя дадзеныя пра яго сувязі з У. Сыракомлем. Па некаторых звестках, не пацверджаных пакуль архіўнымі крыніцамі, А. Абуховіч удзельнічаў у паўстанні 1863 года, быў сасланы (нібыта нават у Сібір, што не зусім стасуецца з храналогіяй яго жыцця, зрэшты, яшчэ недастаткова вывучанай).
Вядома, што ў другой палове 1860-х гадоў пісьменнік ажаніўся (жонка памерла ў 1873), у 1878 зноў наведаў Кіеў. У мемуарных крыніцах (успаміны Я. Дылы) гаворыцца пра рэзкі канфлікт А. Абуховіча са сваякамі і ўсім памешчыцкім асяроддзем: пісьменнік хацеў усю зямлю аддаць сялянам, у выніку чаго ўзнікла пагроза аб’яўлення яго вар’ятам. Менавіта тады ён і пакінуў родны дом, забраўшы з сабой толькі любімыя кнігі.
Спачатку А. Абуховіч жыў у прыяцеля — удзельніка паўстання 1863 года Расудоўскага (маёнтак Курганы на Случчыне), потым перабраўся ў Слуцк, дзе займаўся рэпетытарствам. Цікава, што па афіцыйных дакументах за Абуховічам яшчэ ў 1884 лічыліся немалыя маёнткі ў Бабруйскім павеце (звыш 1360 дзесяцін зямлі), якія ацэньваліся амаль на 25 тыс. рублёў. Але яны, як і бацькоўскі маёнтак Грабава, былі закладзены-перазакладзены ў зямельным банку. У газетах неаднаразова аб’яўляўся продаж маёнткаў за даўгі, але калі ён адбыўся — дакладна невядома. Ясна адно — сацыяльны статус А. Абуховіча пад канец жыцця карэнным чынам змяніўся, нішто, апрача прозвішча і звязаных з ім генеалагічна-гістарычных асацыяцый (хоць, гэта таксама важна), пра былы арыстакратызм не нагадвала.
Па ўспамінах Я. Дылы, Абуховіч туліўся ў Слуцку бедным кватарантам ва ўладальніцы невялікага мяшчанскага доміка Федаровічыхі па Іванаўскай вуліцы. Адзіным яго багаццем была вялікая шафа з кнігамі. Сяброўскія стасункі падтрымлівалі з ім згаданы Расудоўскі, а таксама іншы ўдзельнік паўстання 1863 года К. Аколаў. Гуртаваліся вакол і маладыя сябры, з асяроддзя якіх выйшла нямала дзеячаў вызваленчага руху, культуры, навукі: Я. Дыла, П. Карповіч, I. Чудоўскі, А. Ярэміч і інш. Пісьменнік імпанаваў моладзі, паводле сведчання Я. Дылы, «як абаронца мовы свайго народа, як вястун і чараўнік роднага слова».
Цесныя творчыя стасункі А. Абуховіча з Ф. Багушэвічам сведчаць пра блізкі абодвум дэмакратызм у поглядах на жыццё і перспектывы развіцця беларускай літаратурнай мовы. I па ладу жыцця, і па светапогляду А. Абуховіч быў сапраўды шчырым дэмакратам. У прыватнасці, лічыў, што няўдача паўстання 1863 года абумоўлена тым, што земляўласнікі баяліся ўзняць на паўстанне беларусаў-сялян, каб у выніку не аддаваць паўстанцам зямлю. Літаратурная крытыка савецкага часу падкрэслівала, што пісаў ён у рэчышчы крытычнага рэалізму, прытрымліваўся прынцыпу народнасці літаратуры.
Пахаваны Альгерд Абуховіч у Слуцку. Яго магілу адшукаў краязнавец Рыгор Родчанка.
Пры жыцці творы А. Абуховіча не друкаваліся (прынамсі такіх публікацый не выяўлена). Яго творчая спадчына дайшла да нас толькі ў фрагментах. 3 арыгінальнай беларускай паэтычнай творчасці Абуховіча да нас дайшло пяць вершаў, калі не лічыць асобных вершаваных фрагментаў у тэксце яго мемуараў.
Магчымасці Абуховіча-паэта добра паказвае верш «Дума а Каралю XII». Гэты невялікі твор вылучаецца як своеасаблівым паэтычным майстэрствам, так і нетрывіяльнасцю поглядаў на гісторыю. У вершы сутыкаюцца, параўноўваюцца тры вядомыя гістарычныя асобы часоў Паўночнай вайны (пачатак XVIII ст.) — Мазепа, Пётр I і шведскі кароль Карл XII. Яны (апрача Карла XII) прама ў творы не называюцца, але лёгка ўгадваюцца, пазнаюцца, нягледзячы на арыгінальную абмалёўку іх аўтарам. Верш вытрыманы ў рамантычным ключы. Рэзкімі, суровымі фарбамі малюецца экспазіцыя, перадаецца трывожны настрой удзельнікаў драмы, які пераносіцца і на ўвесь твор, надаючы яму спецыфічны каларыт:
Зоры паўночы кроўю пылаюць,
Снежны чырвонюць прасторы;
Людзям варожбы ліхі звяшчаюць,
Зораў паўночных разоры.
Ось тры малойцы, — з асобна кожны, —
Буйныя думы гналі з укрьшця;
На поўнач кідалі ўзгляды трывожны
3 мыслю, што стрэнуць у жыцці.
У якасці крытэрыю для ацэнкі гістарычных асоб паэт выкарыстоўвае (прынамсі імкнецца да гэтага) ідэалы дэмакратыі, агульначалавечыя каштоўнасці. Важны крытэрый для яго ў гэтых адносінах — памяць «патомных». Разам з тым у ацэнках А. Абуховіча нямала суб’ектыўнага, спрэчнага. Сімпатыі аўтара на баку Карла XII, які паўстае ў вершы як ідэальны рамантычны герой, у адпаведным паэтычным антуражы.
Аўтар спрабаваў знайсці свае падыходы ў асвятленні мінулага. Несумненна, гэта было звязана з яго роздумам пра гістарычны лёс роднай зямлі, пра месца Беларусі паміж Усходам і Захадам. Як заўважыў А. Лойка, гэта «спроба ўбачыць родны край на скрыжалях гісторыі».
Побач з Ф. Багушэвічам А. Абуховіч з’явіўся заснавальнікам жанру байкі ў беларускай паэзіі. Сёння вядомы чатыры яго творы гэтага жанру, калі не лічыць перакладаў дзвюх баек I. Крылова («Вяльможа», «Малпа і люстэрка») на польскую мову, якія захаваліся ў архіве. У «Беларускім календары на 1915» надрукаваны яго байкі «Ваўкалака» і «Старшына».
Зварот А. Абуховіча да аднаго з самых дэмакратычных жанраў літаратуры заканамерны. У байках рэалізаваўся яго талент як сатырыка, уважлівага назіральніка і крытыка сацыяльных парадкаў і грамадскіх нораваў. Паэт умеў, адштурхоўваючыся ад класічных узораў, надаць сюжэту новы рух, пры гэтым «у кожную байку, па словах М. Гарэцкага, аўтар унасіў беларускі дух і склад».
Байка «Старшына» сюжэтна нагадвае байку І. Крылова «Мирская сходка». Але гэта сатыра на парэформенную Расію, А. Абуховіч напаўняе свой твор адпаведнымі рэаліямі. Драпежны воўк праз хабары і сувязі становіцца войтам — наглядчыкам за безабароннымі авечкамі. Так вырашыў Леў-манарх на «вольным сходзе» ўсіх звяроў. Заключная афарыстычная сентэнцыя лёгка пераносіцца і на многія іншыя падобныя сітуацыі:
А авечкі што сказалі?
Іх на сход зусім не звалі,
А ўпісана ў пратаколе,
Што «авечкам дана воля».
Па сутнасці, перад намі мастацкае выкрыццё дэмагогіі і ханжаства, крывадушнасці ўлад самых розных часоў.
У байцы «Ваўкалак», звязанай з пэўнымі нацыянальнымі фальклорнымі і літаратурнымі традыцыямі, ставіцца праблема ўнутранай свабоды чалавека. Панскі паслугач Лыска заклікае вольнага Ваўкалака пайсці на службу да пана. Ваўкалак жа больш за ўсё на свеце цэніць сваю свабоду. Яе перавагі рознабакова і пераканаўча аргументуюцца:
Хоць галодзен — я свабодзен,
Гдзе мне цягне — там бягу,
На свабодзе прападу,
А ў няволю — не пайду!
Буду вольным ваўкалакам,
Ты ж — на прывязі сабакам!
Некаторыя даследчыкі не без падстаў адзначаюць пэўную аўтабіяграфічнасць гэтага твора (прынамсі можна гаварыць пра адпаведнасць праблематыкі асабістаму жыццёваму вопыту аўтара). Парваўшы са сваім класам, А. Абуховіч зведаў шмат цяжкасцей рознага парадку (у тым ліку бытавых), але ўнутрана разняволіўся, скінуў ланцугі каставых умоўнасцей. 3 другога боку, гордага самотніка Ваўкалака, які цураецца не толькі панскай ласкі, але і «сяла», гэта значыць, людзей наогул, зноў жа можна разглядаць як рамантычнага героя, супрацыіастаўленага прыземленаму Лыску.
Як і большасць баек А. Абуховіча, «Ваўкалак» мае свае паралелі ў сусветнай літаратуры, але ўвядзенне спецыфічнага і неадназначнага вобраза Ваўкалака, узятага з беларускай дэманалогіі, замест традыцыйнага Ваўка істотна ўзбагачае сюжэт, карэнным чынам паварочвае яго ў бок беларускай народнай культуры.
Не абмінаў А. Абуховіч у сваіх байках і традыцыйныя агульначалавечыя заганы. У даволі дасканалай у мастацкіх адносінах мініяцюры «Воўк і лісіца» выкрываюцца хітрасць і сквапнасць, характэрныя для людзей. Неаднамернай уяўляецца і байка «Суд». Суддзя Глушэц разганяе брахлівых сабак-адвакатаў і прысуджае да штрафу абодвух удзельнікаў судовай спрэчкі:
Воўк — бо хлусіць ён напрасна,
Ліс — бо злодзей.
Гэта ясна...
Здаецца, мудра вырашыў суддзя, але ў самім яго імені хаваецца іронія.
Вядома, што А. Абуховіч шмат перакладаў, перастварыў па-беларуску многіх паэтаў свету. Ён перакладаў на беларускую мову творы польскай, рускай і заходнееўрапейскіх літаратур: І. Крылова, А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі, Ё. Гётэ, Ф. Шылера, В. Гюго, Дж. Байрана, Дантэ. Аднак гэтыя пераклады не захаваліся.