RU BE

Аляксандр Аляксеевіч Грыцанаў

Аляксандр Аляксеевіч Грыцанаў - беларускі гісторык, рэлігіязнаўца, сацыёлаг, філосаф

28 жніўня 1958г - 21 сакавіка 2011г

Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск

Гісторык, Рэлігіязнаўца, Сацыёлаг, Філосаф

Руск. Грицанов Александр Алексеевич

Беларускі філосаф, сацыёлаг, гісторык, культуролаг, рэлігіязнаўца і публіцыст. Кандыдат філасофскіх навук (1984), дацэнт (1988). З’яўляўся кіраўніком міжнароднага праекта «Гуманітарная энцыклапедыя» Мінскага філасофскага кола.

Біяграфія

Сям’я

Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца, бацька быў родам з-пад Магiлева.

У А. А. Грыцанава засталіся жонка і дачка.

Вучоба

У 1975—1980 гадах вучыўся на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), у 1980—1983 гадах — у аспірантуры кафедры філасофіі БДУ. Падчас вучобы ў аспірануты падрыхтаваў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата філасофскіх навук на тэму "Критический анализ буржуазных концепций «среднего класса», але з яе абаронай у Мінску ўзніклі праблемы, і аўтару прыйшлося звяртацца ў ВАК СССР, у выніку чаго праца была паспяхова абаронена ў Маскве ў 1984 годзе. Такім чынам, А. А. Грыцанаў стаў самым маладым у СССР кандыдатам філасофскіх навук на той час.

Выкладчыцкая дзейнасць

У 1983—1988 гадах — выкладчык, у 1988—1996 гадах — дацэнт БДУ.

У 1996—1998 гадах — дацэнт і загадчык кафедры сацыяльных і гуманітарных дысцыплін Усходне-Еўрапейскага недзяржаўнага інстытута бізнесу і права (Мінск).

У 2001—2002 гадах — дацэнт кафедры філасофіі, сацыялогіі і эканомікі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта ім. А. Д. Сахарава (Мінск).

Выкладаў у «Беларускім калегіюме».

За час выкладчыцкай дзейнасці чытаў лекцыі, курсы і спецкурсы па розных галінах філасофскіх і сацыялагічных ведаў, псіхааналітычнай культуралогіі (з 1989 года), а таксама рэлігіязнаўству.

Грамадская дзейнасць

Падчас перабудовы ў 1987—1989 гадах вёў першы ў Беларусі палітычны дыскусійны клуб «Філасофскія чацвяргі» (разам з палітычным дыскусійным клубам «Современник», які ўзначальваў Л. У. Крывіцкі).

У другой палове 1980-х гадоў прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі першых свецкіх сустрэч са служыцелямі царквы, у тым ліку з мітрапалітам Філарэтам.

Браў удзел у арганізацыі выставы вядомага беларускага мастака А. А. Ісачова, які знаходзіўся пад забаронай.

Быў ініцыятарам і адным з арганізатараў першага жаночага конкурса прыгажосці ў Мінску.

Публіцыстычная дзейнасць

Быў карэспандэнтам газеты «Белорусы и рынок», пастаянным калумністам «БелГазеты» і аўтарам сайта экспертнай супольнасці Беларусі «Наше мнение», на пач. 2000-х гадоў меў публікацыі ў газеце «Советская Белоруссия». Агулам, ёсць аўтарам каля 400 артыкулаў.

У пер. пал. 1990-х гадоў часта запрашаўся ў якасці ўдзельніка перадач на БТ.

Актыўна супрацоўнічаў з Міжнародным часопісам сацыяльных і гуманітарных навук «Личность. Культура. Общество» (Масква).

Іншае

У 1998—2001 гадах быў навуковым рэдактарам-кансультантам таварыства з абмежаванай адказнасцю «Инво-сервис».

З 2007 года да самай смерці з’яўляўся нязменным вядучым «Дыскусійнага клуба» на беларускім інтэрнэт-партале OPEN.BY.

Крымінальны пераслед

У сяр. 1990-х гадоў займаўся бізнес-праектамі, пад рэалізацыю якіх часцяком пазычаў у знаёмых буйныя сумы грошай. Аднак бізнес не заўсёды быў паспяховым, і чацвёра крэдытораў звярнуліся ў суд, каб спагнаць з А. А. Грыцанава 22 тыс. долараў ЗША. У выніку, у 1997 годзе суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў А. А. Грыцанава вінаватым у здзяйсненні махлярства ў асабліва буйных памерах і прысудзіў пакаранне ў выглядзе трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна без канфіскацыі маёмасці.

У 2003 годзе ў суд звярнулася яшчэ адна крэдыторка, якая ў 1995 годзе пазычыла А. А. Грыцанаву 2,5 тыс. долараў ЗША. 18 верасня 2003 года А. А. Грыцанаў быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, але пракуратура вынесла пратэст у сувязі з занадта мяккім рашэннем суда, і 24 мая 2004 года суд Маскоўскага раёна Мінска прысудзіў А. А. Грыцанаву чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Адзін год пакарання быў скарочаны па амністыі.

Падчас судовага разбіральніцтва А. А. Грыцанаў сваёй віны не прызнаў, абвяргаючы ўсе прад’яўленыя яму абвінавачванні.

Пакаранне адбываў у выпраўленча-працоўнай калоніі ў Шклове.

Выйшаў на волю ўжо ў лістападзе 2004 года.

Выдавецкая дзейнасць

З кан. 1990-х гадоў займаўся выключна выдавецкімі праектамі, быў кіраўніком (галоўным рэдактарам і саставіцелем) найбуйнейшага ў СНД міжнароднага праекта «Гуманітарная энцыклапедыя» Мінскага філасофскага кола, а таксама кніжных серый: «Мыслители ХХ столетия», «Религии мира» і «Тайны посвященных».

Навуковыя інтарэсы

Цягам жыцця цікавіўся шырокім спектрам гістарычных, псіхалагічных і псіхааналітычных, сацыялагічных, філасофскіх, рэлігіяведчых і эзатэрычных пытанняў.

Гісторыя

З’яўляючыся гісторыкам па адукацыі, цікавіўся савецкай гісторыяй. Для першага выдання «Новейшего философского словаря» (1998) ім была напісана падборка артыкулаў, прысвечаных рэаліям савецкай гісторыі, а адным з апошніх рэалізаваных праектаў стала кніга «Научный антикоммунизм и антифашизм: популярный компендиум» (2010).

Псіхааналіз

Яшчэ ў бытнасць студэнтам пачаў спецыялізавацца ў галіне псіхааналізу (пад кір. В. І. Аўчарэнкі). Браў удзел у распрацоўцы канцэпцыі сацыялагічнага псіхалагізму. Сумесна з В. І. Аўчарэнкам на мяжы 1990-х гадоў выдаў дзве манаграфіі, звязаныя з псіхааналізам (сацыялагічным псіхалагізмам): «Социологический психологизм. Критический анализ» (1990) і «Человек и отчуждение» (1991). Садзейнічаў публікацыі першага рускамоўнага «Психоаналитического глоссария» (1994), напісаў прадмову да яго. Адным з апошніх рэалізаваных праектаў было выданне «Психоанализ: новейшая энциклопедия» (2010).

Сацыялогія

Дысертацыйнае даследаванне было выканана па сацыялагічнай тэме: "Критический анализ буржуазных концепций «среднего класса» (1983). У 2003 годзе пабачыла свет праца «Социология. Энциклопедия», перавыдадзеная з некаторымі ўдакладненнямі і выпраўленнямі ў 2010 годзе як «Новейший социологический словарь».

Філасофія

Напрацаванае ў «Новейшем философском словаре» (1998) атрымала далейшае развіццё як у наступных двух перавыданнях (2001, 2003), так і ў выданнях: «Постмодернизм. Энциклопедия» (2001), «Всемирная энциклопедия: Философия» (2001), «История философии: Энциклопедия» (2002), «Всемирная энциклопедия: Философия ХХ век» (2002), «Новейший философский словарь. Постмодернизм» (2007) і г.д.

У межах серыі навуковых біяграфій «Мыслители ХХ века» паспеў падрыхтаваць і апублікаваць 12 кніг (з іх 1 кніга — аўтарская і 4 кнігі — напісаныя ў суаўтарсте); астатнія 6 кніг засталіся на розных стадыях рэдакцыйнай падрыхтоўкі да публікацыі.

Рэлігіязнаўства

У 2006 годзе пабачыла свет 9-томная серыя «Религии мира» (перавыдадзена ў 2009—2011 годах), у якой 7 кніг былі напісаныя А. А. Грыцанавым ці пры яго непасрэдным удзеле. У наступным 2007 годзе выдаў працу «Религия: Энциклопедия», якую рыхтаваў да перавыдання ў 2011 годзе.

Эзатэрыка

Таксама цікавіўся пытаннямі эзатэрыкі: пад яго рэдакцыяй у 2002 годзе выйшаў том «Эзотеризм. Энциклопедия», а ў межах запушчанай у 2009 годзе 18-томнай серыі «Тайны посвященных» толькі некалькі кніг былі ім напісаныя з дапамогай суаўтараў, а астатнія — аднаасобна.

Смерць

А. А. Грыцанаў перанёс інсульт і хварэў на цукровы дыябет. Памёр у ноч на 21 сакавіка 2011 года ў Мінскай гарадской клінічнай бальніцы № 5.

Развітанне з нябожчыкам адбылося 22 сакавіка. Пасля крэмацыі ён быў пахаваны на Маскоўскіх могілках.

Бібліяграфія

З’яўляўся саставіцелем і рэдактарам 13 энцыклапедый і слоўнікаў, аўтарам і суаўтарам больш за 20 кніг і манаграфій, аўтарам больш за 2000 навуковых артыкулаў на рускай, беларускай, англійскай і польскай мовах — па праблемах філасофіі, сацыялогіі, гісторыі, паліталогіі, культуралогіі, рэлігіязнаўства, псіхалогіі і па розным пытанням класічнага і сучаснага псіхааналізу.

Кнігі

  • Анни Безант. — Мн., 2010. — ISBN 978-985-17-0119-9 (у суаўт. з С. М. Скрабцом).
  • Ауробиндо Гхош. — Мн., 2010. — ISBN 978-985-17-0121-2 (у суаўт. з К. А. Станкевіч).
  • Елена Блаватская. — Мн., 2010. — ISBN 978-985-17-0118-2 (у суаўт. з А. І. Мярцалавай).
  • Рене Генон. — Мн., 2010. — ISBN 978-985-17-0120-5 (у суаўт. з А. У. Філіповічам).
  • Научный антикоммунизм и антифашизм: популярный компендиум. — Мн., 2010. — ISBN 978-985-6868-33-0 (у суаўт. з А. Я. Тарасам).
  • Александр Богданов. — Мн., 2009. — ISBN 978-985-489-952-7 (у суаўт. з Т. С. Процькай).
  • Карлос Кастанеда. — Мн., 2009. — ISBN 978-985-489-911-4 (у суаўт. з У. Л. Абушэнкам і А. А. Грыцанавым).
  • Пауло Коэльо. — Мн., 2009. — ISBN 978-985-489-912-1 (у суаўт. з А. І. Мярцалавай, Л. І. Чыкарэлі- Мярцалавай).
  • Ричард Бах. — Мн., 2009. — ISBN 978-985-489-910-7 (у суаўт. з А. І. Мярцалавай).
  • Рудольф Штейнер. — Мн., 2009. — ISBN 978-985-489-913-8.
  • Жак Деррида. — Мн., 2008. — ISBN 978-985-489-773-8 (у суаўт. з А. М. Гурко).
  • Жан Бодрийяр. — Мн., 2008. — ISBN 978-985-489-772-1 (у суаўт. з М. Л. Кацуком).
  • Жиль Делёз. — Мн., 2008. — ISBN 978-985-489-774-5.
  • Мишель Фуко. — Мн., 2008. — ISBN 978-985-489-775-2 (у суаўт. з У. Л. Абушэнкам).
  • Индуизм. — Мн., 2006. — ISBN 985-489-457-6 (у суаўт. з Т. Г. Румянцавай).
  • Протестантство. — Мн., 2006. — ISBN 985-489-454-1 (у суаўт. з У. М. Сямёнавай).
  • Католичество. — Мн., 2006. — ISBN 985-489-453-3; 2-е изд. — Мн., 2009. — ISBN 978-985-489-906-0.
  • Христианство. — Мн., 2006. — ISBN 985-489-456-8.
  • Язычество. — Мн., 2006. — ISBN 985-489-452-5; 2-е изд. — Мн., 2009. — ISBN 978-985-489-909-1 (у суаўт. з А. У. Філіповічам).
  • Человек и отчуждение. — Мн., 1991. — ISBN 5-339-00586-0 (у суаўт. з В. І. Аўчарэнкам).
  • Социологический психологизм. Критический анализ. — Мн., 1990. — ISBN 5-339-00449-X (у суаўт. з В. І. Аўчарэнкам).

Энцыклапедыі і слоўнікі

  • Новейший социологический словарь. — Мн., 2010. — ISBN 978-985-17-0020-8 (Саст., старш. рэд. кал. і суаўт.).
  • Психоанализ: новейшая энциклопедия. — Мн., 2010. — ISBN 978-985-17-0016-1 (Саст., навук. рэд. і суаўт.).
  • Новейший философский словарь. Постмодернизм. — Мн., 2007. — ISBN 978-985-14-1318-4 (Саст., гал. навук. рэд. і суаўт.).
  • Религия: Энциклопедия. — Мн., 2007. — ISBN 985-489-355-3 (Саст., навук. рэд. і суаўт.).
  • Новейший философский словарь: 3-е изд., исправ. — Мн., 2003. — ISBN 985-428-636-3 (Саст., гал. навук. рэд. і суаўт.).
  • Социология: Энциклопедия. — Мн., 2003. — ISBN 985-428-619-3 (Саст., старш. рэд. кал. і суаўт.).
  • Всемирная энциклопедия: Философия ХХ век. — М.—Мн., 2002. — ISBN 5-17-012653-0 (Саст., гал. навук. рэд. і суаўт.).
  • История философии: Энциклопедия. — Мн., 2002. — ISBN 985-6656-20-6; ISBN 985-428-461-1 (Саст., гал. навук. рэд. і суаўт.).
  • Эзотеризм. Энциклопедия. — Мн., 2002. — ISBN 985-6656-73-7; ISBN 985-428-548-0 (Саст., гал. рэд. і суаўт.).
  • Всемирная энциклопедия: Философия. — М.—Мн., 2001. — ISBN 5-17-007278-3 (Саст., гал. навук. рэд. і суаўт.).
  • Новейший философский словарь: 2-е изд., перераб. и доп. — Мн., 2001. — ISBN 985-6656-06-0; ISBN 985-428-431-X (Саст., гал. навук. рэд. і суаўт.).
  • Постмодернизм. Энциклопедия. — Мн., 2001. — ISBN 985-6656-05-2; ISBN 985-428-430-1 (Саст., навук. рэд. і суаўт.).
  • Новейший философский словарь. — Мн., 1998. — ISBN 985-6235-17-0 (Саст., гал. навук. рэд. і суаўт.).

Навучальныя дапаможнікі

  • Современная западная философия: Учебное пособие. — Мн., 2000. — ISBN 985-06-0596-0; Мн., 2009. — ISBN 978-985-489-940-4 (Навук. рэд. і суаўт.).
  • История социологии: Учебное пособие: 2-е изд., перераб. и доп. — Мн., 1997. — ISBN 985-06-0270-8 (Навук. рэд. і суаўт.).
  • История социологии: Учебное пособие. — Мн., 1993. — ISBN 5-339-00828-2 (Навук. рэд. і суаўт.).
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(