RU BE

Анатоль Іверс

Анатоль Іверс - беларускі пісьменнік, паэт

15 мая 1912г - 26 кастрычніка 1999г

Гродзенская вобласць, Слонімскі раён, Чамяры

Пісьменнік, Паэт

Руск. Анатолий Иверс

Беларускі паэт. Сапраўднае імя Іван Дарафеевіч Міско.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я, як і многія аднавяскоўцы, у 1914 г. выехала ў бежанства і вярнулася ў 1918 г. У 1926 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію. За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны з Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Навагрудскай (1931) гімназій. З 1931 г. у Чамярах пад наглядам польскай паліцыі. Пачаў пісаць пад псеўданімам Анатоль Іверс (Івэрс), адсылаючы ў тагачасную беларускую прэсу. З 1935 г. служыў у Войску Польскім, тым часам памешчык забіў яго маці. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР працаваў літаратурным работнікам слонімскай раённай газеты «Вольная праца» (1939—1941). Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1940 г. Падчас Вялікай Айчыннай вайны — адзін з арганізатараў падпольнага антыфашысцкага руху, з ліст. 1943 г. — партызан брыгады імя К. Ракасоўскага, у сакав. 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэта. Выдаваў антыфашысцкую падпольную газету «Барацьба». Жонка А. Іверса загінула ў Калдычэўскім лагеры, брат — у баі з акупантамі. У пасляваенныя гады савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі слонімскую падпольную арганізацыю, А. Іверса некалькі разоў безпадстаўна звальнялі з працы. Потым працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённай газеты «За перамогу камунізму», у лесахімічнай прамысловасці. У 1976—1984 г. — сакратар слонімскага раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Жыў у Слоніме. Быў знаёмы і шчыра сябраваў з Аляксандрай Бергман, Сакратам Яновічам, Віктарам Шведам, Міхасём Хмялеўскім, Георгіем Валкавыцкім і інш. творчымі людзьмі Польшчы.

Творчасць

Дэбютаваў у друку вершамі ў 1934 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Песні на загонах» (Вільня, 1939), «З пройдзеных дарог» (1970), «Жыву ў бацькоўскім краі» (вершы і паэмы, 1982), «Я пайшоў бы ўслед за летам» (1987).

Рэвалюцыйна-вызваленчая тэматыка ў творах паэта глыбока звязана з асобай чалавека, грамадзяніна, гераічныя матывы пераходзяць у лірычныя, зліваюцца ў кранальны напеў пра лёс народа, якому даводзіцца пераадольваць гістарычную несправядлівасць, наладжваць новае жыццё. Вядучыя стылявыя рысы — пявучасць, шчырасць інтанацый, часам празмернае захапленне апісаннямі.

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(