17 студзеня 1964г
Гомельская вобласць, Мазырскі раён, Бярозаўка
Руск. Федоренко Андрей Михайлович
Беларускі празаік.
Скончыў Мазырскі політэхнічны тэхнікум і бібліятэчны факультэт Мінскага інстытута культуры (1985—1990). Служыў у Савецкай Арміі. Працаваў мулярам у Мікашэвічах Лунінецкага раёна, на чыгунцы ў Калінкавічах Гомельскай вобласці, старшым бібліятэкарам Бярозаўскай бібліятэкі № 2 Мазырскага раёна, карэктарам штотыднёвіка «7 дней», загадчыкам аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя», на кінастудыі «Беларусьфільм». У 2005—2011 гадах — загадчык аддзела прозы ў часопісе «Маладосць». У 2011—2012 гадах супрацоўнік аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва». Цяпер стыль-рэдактар часопіса «Дзеяслоў». Член Саюза беларускіх пісьменнікаў, у 2017 выбраны ў Раду Саюза. Удзельнік традыцыйных шахматных турніраў СБП.
Друкуецца з 1987 года. У аповесці «Гісторыя хваробы» (1989) сацыяльна-псіхалагічны партрэт сучаснай моладзі, у аповесці-фантасмагорыі «Смута, альбо XII фантазій на адну тэму» (1994) жыццё сучаснага грамадства, якое страціла маральныя арыенціры, у аповесці «Вёска» (1995) філасофскі роздум над лёсам Беларусі і беларусаў. Аўтар аповесцей «Такое кароткае лета», «Ланцуг» (абедзве 1994), «Нічые» (2001), п’есы «Жаніх па перапісцы» (1993), публіцыстычных артыкулаў і інш. Напісаў дзіцячыя і юнацкія аповесці «Шчарбаты талер» (1999), «Афганская шкатулка» (2002). Яго творчасці ўласцівы псіхалагічны аналіз, гуманістычны погляд на чалавека, драматызм, элементы фантастыкі, мастацкай умоўнасці, эмацыянальнасць, спавядальнасць.
Адгукаючыся на кнігу Андрэя Федарэнкі «Сузіральнік» (2018), доктар філалагічных навук Ганна Кісліцына ахарактарызавала яго прозу як «няспешную, удумлівую»: «Аўтар як быццам калекцыяніруе заканамернасці чалавечага быцця, якія знаходзіць у самым простым абывацельскім жыцці. Яго назіранні часта аказваюцца даволі нечаканымі». Яна ж высока ацаніла раман «Жэтон на метро» (2019; выйшаў асобнай кнігай у 2020): «Было вельмі цікава ўбачыць тэкст, які, з аднаго боку, бліскуча напісаны Андрэем Федарэнкам, адным з найлепшых беларускіх празаікаў, якога слушна лічаць выдатным стылістам, з другога боку — пабудаваны паводле законаў трылера».
А. Федарэнка перакладае з беларускай мовы на рускую. Асобныя яго творы былі перакладзены на рускую, англійскую і іншыя мовы.