9 мая 1937г - 31 студзеня 2017г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Руск. Барановский Анатолий Васильевич
Беларускі мастак-жывапісец, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1992). Народны мастак Беларусі (2012).
Нарадзіўся 9 мая 1937 года ў Мінску. У 1953—1958 гадах вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (выкладчык А. Малішэўскі). У 1958 годзе заснаваў мастацкую студыю ў Палацы культуры Мінскага трактарнага завода, якую вёў да 1972 года. У 1959—1965 гадах вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Педагогі І. Ахрэмчык, І. Стасевіч, К. Касмачоў. З 1965 года прымаў удзел у рэспубліканскіх, міжнародных, групавых і персанальных выстаўках як у Беларусі, так і за яе межамі. У 1973 годзе стаў членам Союза мастакоў Беларусі, з 1974 года — член Саюза мастакоў СССР. У 1977—1986 гадах быў сакратаром секцыі жывапісу Саюза мастакоў БССР. Шмат часу прысвяціў педагагічнай дзейнасці. На працягу 1966—2007 гадоў выкладаў на мастацкім факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, спачатку на кафедры жывапісу (1966—1975), потым на кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва (1975—2007). З 1987 года быў дацэнтам кафедры, з 1997 — прафесарам. У розныя часы вучнямі Анатоля Бараноўскага былі У. Тоўсцік, У. Зінкевіч, У. Крываблоцкі, В. Барабанцаў, В. Альшэўскі і іншыя. З 2007 года займаўся выключна творчай дзейнасцю. Жыў і працаваў у горадзе Мінску.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1996) — за цыкл жывапісных прац 1993—1995 гадоў «Далягляды бацькаўшчыны».
Асобе мастака быў прысвечаны шэраг тэлеперадач і фільмаў, сярод якіх дакументальны фільм «Далягляды Бацькаўшчыны» (рэж. В. Салаўёва. БТ, 1997) тэлеперадача «Партрэт у інтэр’еры» (рэж. Л. Цітарэнка, аўтар-склад. В. Шумай. СТБ, 2003), «Культурнае жыццё» (А. Яфрэмаў). СТБ, 2008). У 2010 годзе ў свет выйшаў дакументальны фільм аб жыцці і творчасці мастака «Шлях да святла» (з цыклу «Кніга Лёсаў». рэж. Н. Сідзельнікава. БТ, 2010), у 2016 годзе — тэлеперадача «Камертон»(рэж. А. Красуляк, аўт. І. Нікалаева. Беларусь-3). У 2018 годзе быў паказаны фільм «Анатоль Бараноўскі» (у межах аўтарскага тэлевізійнага цыкла «Сучаснае мастацтва Беларусі»; аўт. і рэж. А. Лукашэвіч, другі рэж. А. Аляксееў, Беларусь 3).
Анатоль Бараноўскі працаваў у розных жанрах, але найбольш адметна — у пейзажы. Мастацкай манеры аўтара ўласцівы асабліва пільныя адносіны да колеру, фактуры, кампазіцыі. Творы мастака адрозніваюцца імпрысіяністычным падыходам вобразнага адлюстравання, рамантыка-лірычнымі і паэтычнымі трактоўкамі прыродных матываў. У творах жывапісца выяўлена дакладная вобразная структура, у якой гарманічна злучаны своеасаблівая творчая манера аўтара, пабудаваная на прыёмах пуанцілістаў, і абвостраная назіральнасць, якая праяўляецца ў нечаканых кампазіцыйных прыёмах, ракурсах.
Творчасць мастака была прадстаўлена ў Англіі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, Швейцарыі, Францыі, ЗША, Украіне, Расіі, Балгарыі, Даніі, Японіі, Кітаі, Італіі і іншых краінах свету. Анатоль Бараноўскі быў удзельнікам першага міжнароднага пленэра ў г. Сазопаль (Балгарыя, 1981), першага і другога міжнароднага пленэра па жывапісу імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі (Магілёў, 1996), міжнароднага пленэра «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве», прысвечанага памяці Н. В. Неўрэва (Магілёў, Беларусь, 1998), усходнееўрапейскай праграмы 1996/97, Мастацкай акадэміі Мюнстэра (Германія, 1996). У 2002 годзе творы Анатоля Бараноўскага экспанаваліся на выстаўцы «Сучасныя мастакі Беларусі» ў зале П’ера Кардэна (Парыж).
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва, Магілёўскім абласным мастацкі музеі імя П. В. Масленікава, Светлагорскай карціннай галерэі «Традыцыя» імя Г. Пранішнікава, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Кітая (Пекін), Нацыянальнай бібліятэке Рэспублікі Беларусь, у калекцыі ОАО «Прыорбанк» (Мінск), у зборах мастацкай галерэі Сазопаля (Балгарыя), фондзе Міжнароднай канфедырацыі союзаў мастакоў (Масква), іншых грамадскіх установах, а таксама ў прыватных калекцыях па ўсяму свету.