RU BE

Буглоў Яўген Данілавіч

Буглоў Яўген Данілавіч - беларускі медык, навуковец

29 кастрычніка 1924г

Віцебская вобласць, Лёзненскі раён, Стрыжанёва

Медык, Навуковец

Руск. Буглов Евгений Данилович

Вучоны ў галіне паталагічнай фізіялогіі, доктар медыцынскіх навук (1972).

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Стыжанёва Лёзненскага раёна Віцебскай акругі (Віцебскай вобласці). У час Вялікай Айчыннай вайны — удзельнік баёў на 1-м Прыбалтыйскім фронце, быў цяжка паранены пры вызваленні Рыгі. Пасля дэмабілізацыі ў 1946 годзе паступіў на вучобу ў Віцебскі медыцынскі інстытут, які скончыў у 1951 годзе і быў накіраваны ў аспірантуру на кафедру паталагічнай фізіялогіі Першага Ленінградскага медыцынскага інстытута імя І. І. Паўлава. У 1955 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «О функциональной связи желудочно-кишечного тракта и печени в норме и патологии». З 1955 г. у Беларускім навукова-даследчым інстытуце гематалогіі і пералівання крыві — старшы навуковы супрацоўнік, кіраўнік патафізіялагічнага аддзела, у 1974—1988 гг. дырэктар інстытута і галоўны гематолаг БССР. У 1971 годзе абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Стабилизация донорской крови с помощью волокнистого углеводного сорбента — фосфата целлюлозы». З 1989 года асістэнт кафедры патафізіялогіі Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута.

Навуковая і грамадская дзейнасць

Я. Д. Буглову належаць навуковыя працы па функцыянальных сувязях страўнікава-кішэчнага тракту і печані, стабілізацыі донарскай крыві з дапамогай фасфатаў цэлюлозы. Аўтар больш за 253 апублікаваных прац, у тым ліку 2 манаграфіі. Мае 11 аўтарскіх пасведчанняў. Распрацоўка «Новый способ стабилизации крови» абаронена аўтарскім пасведчаннем і патэнтамі Англіі, ЗША, Германіі, Францыі, Швецыі, Японіі.

Быў членам Вучонага савета Міністэрства аховы здароўя БССР і іншых вучоных саветаў, членам рэдакцыйнага савета часопіса «Гематология и трансфузиология», членам Праўлення Усесаюзнага навуковага таварыства гематолагаў і трансфузіёлагаў, старшынёй праўлення Рэспубліканскага навуковага таварыства гематолагаў і трансфузіёлагаў.

Узнагароды і прэміі

  • Ордэн Айчыннай вайны I ступені,
  • 2 ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга,
  • медаль «Ветэран працы»,
  • 2 баявых і 10 юбілейных медалёў,
  • Ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР,
  • Грамата Міністэрства абароны СССР,
  • 3 медаля ВДНГ СССР,
  • медаль імя М. І. Пірагова,
  • прэмія Акадэміі навук СССР імя Д. І. Мендзялеева.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(