22 ліпеня 1919г - 5 мая 2012г
Магілёўская вобласць, Горацкі раён, Маслакі
Руск. Булахов Михаил Гапеевич
Беларускі мовазнавец. Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1971). Доктар філалагічных навук (1966), прафесар (1967).
Скончыў Магілёўскі педагагічны інстытут (1940). Працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, рускай і нямецкай моў (1939—40). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Затым працаваў асістэнтам і загадчыкам кафедры рускай мовы Мінскага педінстытута (1948—52), навуковым супрацоўнікам і загадчыкам сектара сучаснай беларускай мовы і культуры мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР (1952—56), загадчыкам кафедры рускай мовы БДУ (1965—75), у 1975—90 гг.— кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Мінскага педінстытута. Быў адказным рэдактарам часопіса «Веснік БДУ. Серыя 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія» (1969—75).
Асноўныя кірункі яго навуковай дзейнасці — беларускае, рускае і славянскае мовазнаўства, удасканаленне методыкі выкладання лінгвістычных дысцыплін у вышэйшых установах. Працы вучонага (больш за 300) у галіне мовазнаўства ахопліваюць праблемы сучаснай мовы, гісторыі мовы і ўзаемадзеяння беларускай мовы з іншымі славянскімі мовамі на розкых этапах іх развіцця. М. Г. Булахаў даследаваў мову старажытных беларускіх помнікаў дзелавога, публіцыстычнага і літаратурнага характару, твораў 17—20 ст., першадрукаў Ф. Скарыны («Аб словаўтварэнні скарынінскіх выданняў» 1968; «Аб задачах лінгвістычнага вывучэння кніжнай спадчыны Ф. Скарыны», 1967, і інш.), С. Буднага.
Яго трохтомнае даследаванне «Прыметнік у беларускай мове» (1964), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV—XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс» (1971), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексіка-лагічны нарыс» (1973) на матэрыяле пісьмовых помнікаў XIV—XVII ст., фальклорных і дыялекталагічных помнікаў, сучаснай літаратурнай мовы ў гісторыка-этымалагічным плане прасочвае працэс складвання ў беларускай мове прыметніка як асобнага лексіка-граматычнага класа слоў, аналізуе развіццё яго семантыкі, граматычных форм і сінтаксічных функцый. Пры нарматыўнай класіфікацыі іх шырока прыменены статыстычныя метады.
М. Г. Булахаў стварыў першы ў айчынным мовазнаўстве трохтомны біябібліяграфічны слоўнік «Усходнеславянскія мовазнаўцы» («Восточнославянские языковеды», 1976—78). У ім змешчаны нарысы пра 352 вучоных ад XVI ст. па 1970-я гады, з іх 26 — беларускія: І. Насовіч, Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, С. Некрашзвіч, М. Байкоў, І. Воўк-Левановіч, П. Бузук і інш. Аўтар выявіў шмат незаслужана забытых імён і фактаў, акрэсліў магістральныя лініі развіцця анчыннай лінгвістычнай думкі, абагульніў дасягненні розных лінгвістычных школ і кірункаў, вызначыў месца і ўклад кожнага вучонага ў гісторыю ўсходнеславянскага мовазнаўства. Тэматычна блізкія гэтаму слоўніку асобныя артыкулы і манаграфія М. Г. Булахава «Яўхім Фёдаравіч Карскі: Жыццё, навуковая і грамадская дзейнасць» (1981).
Пры даследаванні шляхоў фарміравання сістэмы беларускай мовы М. Булахаў звяртаецца да багатай старажытнарускай пісьмовай спадчыны, а таксама да вуснай народнай творчасці і жывой народнай мовы. У яго даследчай працы шмат месца займае высвятленне спецыфічных рыс беларускай мовы параўнальна з іншымі славянскімі мовамі. Ен аўтар раздзела «Марфалогія» калектыўнай працы «Усходнеславянскія мовы» (М., 1987), у якім даў супастаўляльную тыпалогію марфалагічнаму ладу трох роднасных усходнеславянскіх моў.
М. Булахаў — сааўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для студэнтаў «Беларуская мова» (ч. 1—2, 1955, 1958), «Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы» ([т.] 1 — 3. 1957, 1959, 1961), «Граматыка беларускай мовы» (т. 1, 1962; т. 2, 1966). Гістарычныя вытокі гукавога ладу, граматычных катэгорый і форм, слоўнікавага фонду, устойлівых словазлучэнняў беларускай мовы асвятляў у калектыўнай працы «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), у шэрагу манаграфій і артыкулаў пра паходжанне асобных слоў і выразаў, якія захаваліся ў беларускай мове ад старажытных часоў, калі яшчэ толькі акрэсліваліся спецыфічныя рысы мовы славян наогул і ўсходніх славян у прыватнасці. Упершыню выдаў дапаможнік «Практыкаванні і матэрыялы па гісторыі беларускай мовы» (1956; перавыдадзены ў 1969 г. пад назвай «Практыкаванні і матэрыялы па курсу гісторыі беларускан мовы»).
У шэрагу артыкулаў свайго энцыклапедычнага слоўніка «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры, мастацтве, навуцы» («„Слово о полку Игореве“ в литературе, искусстве, науке», 1988) М. Булахаў разглядае моўныя рысы помніка і пераклады яго на сучасную беларускую мову, зробленыя Я. Купалам, М. Багдановічам (урывак), М. Гарэцкім, Р. Барадуліным, В. Дарашкевічам, аналізуе працы беларускіх даследчыкаў старажытнага твора.
Аўтар энцыклапедычнага пяцітомнага даследавання «Опыт исторического словаря русской лингвистической терминологии».
Міхаіл Гапеевіч Булахаў быў навуковым кіраўніком 33 аспірантаў, кансультаваў 5 дактарантаў. 3 шэрагам дакладаў і паведамленняў выступаў на міжнародных славістычных кангрэсах, сімпозіумах і інш.