RU BE

Дашкевіч Леў Урбанавіч

Дашкевіч Леў Урбанавіч - беларускі вынаходнік, публіцыст, навуковец

12 лютага 1882г - 4 снежня 1957г

Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск

Вынаходнік, Публіцыст, Навуковец

Руск. Дашкевич Лев Урбанович

Беларускі фотамастак, навуковец, вынаходнік, публіцыст, педагог.

Біяграфія

Паходзіў з шляхецкага роду герба «Ляліва». У 1882—1896 гг. вучыўся ў Мінскай мужчынскай гімназіі і Віленскім інтэрнаце-канквіце. З 1903 г. вучыўся на медыцынскім факультэце Варшаўскага ўніверсітэта. У 1904 г. за ўдзел у студэнцкай забастоўцы арыштаваны і выключаны з універсітэта без права паступлення ў ВНУ Расійскай імперыі. У 1906—1911 гг. вучыўся ў Францыі — на факультэце філалогіі (La faculté de lettres) Універсітэта Бургундыі (Дыжон). Паралельна ў 1908—1909 гг. займаўся на фатаграфічным аддзяленні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы. З 1911 г. пачаў друкавацца ў навуковых выданнях (La Nature. Paris).

У 1911—1920 жыў у Закаўказзі, працаваў выкладчыкам французскай мовы, фізікі, прыродазнаўства і іншых прадметаў у гімназіях Эрывані (Ерэван), Елізаветполя (цяпер Гянджа, Азербайджан), Тыфліса (Тбілісі). Ездзіў па рэгіёне ў якасці фатографа Камісіі па апісанні мясцовасцей і плямён Каўказа. У 1918 г. служыў дзяржаўным фатографам урада Азербайджанскай рэспублікі.

У канцы мая 1920 г. вярнуўся ў Менск. З кастрычніка 1920 г. чытаў курсы лекцый па сусветнай літаратуры і фатаграфіі ў Менскім інстытуце народнай адукацыі, са снежня 1920 г. выкладаў французскую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1921 г. працаваў у Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР (прыродазнаўчая секцыя). У маі—чэрвені 1923 г. удзельнічаў у этнаграфічнай экспедыцыі ў Ігуменскім і Барысаўскім паветах. У 1923—1924 навуковы фатограф на медыцынскім факультэце БДУ.

Фатаграфічныя працы Дашкевіча друкаваліся ў выданнях: Азбукін М. «Географія Эўропы» (2-е выд. Мн., 1924), Грамыка М. «Пачатковая географія» (Мн., 1926), «Чатырохстолецьце беларускага друку» (Мн., 1926), Багдановіч М. «Творы». Т. 1 (Мн., 1927—28), «Сучаснае беларускае мастацтва» (Мн., 1929), «Беларусь Савецкая: Фотаальбом» (Мн., 1931), «IV Усебеларуская мастацкая выстаўка» (Мн., 1931), час. «Чырвоная Беларусь» (1930, № 1, 2, 9). Удзельнічаў у Першай Усебеларускай выстаўцы краязнаўчых фатаграфій і замалёвак (Менск, красавік—май 1928), у выстаўцы ў Дрэздэне (Германія, 1930 ?).

Арыштаваны ДПУ БССР 21 ліпеня 1930 г. па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Вызвалены ў верасні 1930 года. Працаваў у Менскім Доме тэхнікі, на геаграфічным факультэце БДУ, 1-й клініцы Менскага медінстытута, Інстытуце тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН БССР. У 1941—1944 жыў у эвакуацыі ў г. Фрунзэ (цяпер Бішкек, Кыргызстан), працаваў у медыцынскіх установах. У верасні 1944 г. вярнуўся ў Мінск. Працаваў у Інстытуце тэарэтычнай медыцыны і Інстытуце фізіялогіі.

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Мінску. У верасні—снежні 2002 г. у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі адбылася выстаўка твораў Дашкевіча «Зачараваны Беларуссю».

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(