6 жніўня 1926г - 7 ліпеня 2002г
Гомельская вобласць, Акцябрскі раён, Растаў
Жывапісец, Мастацтвазнавец, Мастак
Руск. Дробов Леонид Никанорович
Беларускі мастацтвазнавец і жывапісец. Доктар мастацтвазнаўства (1984), прафесар (1987).
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. У 1940 годзе паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча імя Н. К. Крупскай. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны прыняў удзел у партызанскім руху ў складзе 752-га атрада 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады. Са студзеня 1944 года мабілізаваны ў Чырвоную Армію, ваяваў у складзе 37-й гвардзейскай дывізіі 65-й арміі 2-га Беларускага фронту.
Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1956). Некаторы час працаваў выкладчыкам чарчэння і малявання. У 1958 годзе скончыў факультэт журналістыкі БДУ, паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. З 1964 па 2002 гг. — загадчык аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У 1965 годзе скончыў мастацкі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Вучыўся ў І. Ахрэмчыка, А. Мазалёва, П. Крохалёва.
Член Беларускага саюза мастакоў з 1964 года. Удзельнік мастацкіх выставак (з 1965).
Ганаровы грамадзянін Акцябрскага раёна.
Сфера навуковых інтарэсаў — беларускі жывапіс XIX—XX стст., станаўленне стыляў і жанраў у беларускім мастацтве.
У 1962 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Живопись Белоруссии XIX — начала XX века», дзе быў даследаваны шлях беларускага жывапісу ад класіцызму да рэалізму.
Выдадзеная ў 1974 годзе кніга Л. Дробава «Живопись Белоруссии XIX — начала XX в.» (1974) была крокам наперад у вывучэнні развіцця беларускага мастацтва дарэвалюцыйнага перыяду, змяшчала ў сабе шмат фактычнага матэрыялу аб творчасці найвыдатнейшых майстроў выяўленчага мастацтва, якія паходзілі з беларускіх земляў. Пытанням развіцця савецкага мастацтва прысвечана манаграфія «Живопись Советской Белоруссии (1917—1975)», якая выйшла ў 1979 годзе. Гэтыя манаграфіі сталі асновай для распрацоўкі праграм па курсу мастацтвазнаўства ў вышэйшых навучальных установах БССР.
У 1983 годзе ў ленінградкім Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Становление и развитие реализма в белорусской живописи XIX—XX вв.»
Як аўтар і член рэдкалегіі Л. Дробаў удзельнічаў у напісанні дзевяцітомнага выдання «История искусства народов СССР» (тамы 5-9, 1972—1982), за што атрымаў Залаты медаль Прэзідыума Акадэміі мастацтваў СССР (1982).
Навуковы кіраўнік аўтарскага калектыва і аўтар шматлікіх артыкулаў у шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва» (1987—1994).
Даследаваў творчасць выбітных беларускіх мастакоў. Пяру Л. Дробава належыць кніга «Беларускiя мастакi XIX стагоддзя» (1971), а таксама манаграфіі аб А. Мазалёве (1976), А. Шаўчэнку (1980), А. Бархаткове (1988), А Шыбневе (1991).
Л. Дробаў да канца свайго жыцця не выпускаў з рук алоўка і пэндзаля. Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, але найбольш значнае месца ў яго творчасці займаў пейзаж.
Аўтар сюжэтна-тэматычных работ «Камбед» (1968), «Партызанская кухня» (1965), «Аўтапартрэт» (1972), «Успаміны аб юнацтве» (1973), «Прэлюдыя» (1983), партрэтаў П. Ф. Глебкі (1971), А. А. Шаўні (1974), «Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў» (1987), пейзажаў «Крым. Гурзуф» (1970-я гг.), «Роднае Палессе», «На рацэ Пціч», «Старая дарога на Парэчча», серыі «Міншчына», «Віцебшчына» (усе 1990-я гг.) і інш.
Творы Л. Дробава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. В. Масленікава, Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі.
У г.п. Акцябрскі дзейнічае карцінная галярэя, якая з 2002 года носіць імя Леаніда Дробава. Менавіта тут знаходзіцца 120 карцін — самая вялікая калекцыя жывапісу мастака.