RU BE

Дубейкаўскі Лявон Іванавіч

Дубейкаўскі Лявон Іванавіч - беларускі архітэктар, інжынер, паэт

7 ліпеня 1869г - 6 лістапада 1940г

Магілёўская вобласць, Мсціслаўскі раён, Дубейкава

Архітэктар, Інжынер, Паэт

Руск. Дубейковский Леон Иванович

Беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, паэт, інжынер-будаўнік, архітэктар.

Біяграфія

Раннія гады

Нарадзіўся 7(19) ліпеня 1869 года ў засценку Дубейкава Мсціслаўскага павета Магілеўскай губерні ў сям’і дробнага шляхціца Яна Дубейкаўскага і Агапы, з роду Дзеружынскіх. Старажытны шляхецкі род Дубейкаўскіх браў свой пачатак прыкладна з XIV ст., з часоў існавання Імсціслаўскага ўдзельнага княства. Некалі заможны род у час падзелаў Рэчы Паспалітай збяднеў ды заняпаў. Ахрышчаны ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Мсціславе.

Пасталеўшы, Дубейкаўскі пачаў збіраць беларускі фальклор, самастойна апрацоўваў вусныя народныя творы, спрабаваў пісаць сам. На пачатку 1890-х гадоў ён напісаў байку «Пацягне воўк — пацягнуць і воўка» ды верш «Бура».

Скончыў Мсціслаўскае гарадское вучылішча. У 17 гадоў, насуперак волі бацькоў, што прапаноўвалі яму ісці ў пісары, Лявон Дубейкаўскі выправіўся ў Варшаву і паступіў вучыцца на будаўніка ў школу будаўнічых рамёстваў. Каб зарабляць грошы на навучанне ды пражыццё, вечарамі падпрацоўваў на будоўлі.

Праз два гады, маючы ўжо дыплом прафесійнага будаўніка, вярнуўся на радзіму. Спачатку ён працаваў пры аднаўленні старых будынкаў, а пасля пачаў узводзіць і ўласныя. З пачатку 1890-х гадоў Дубейкаўскі кіраваў аднаўленнем каталіцкіх храмаў у Мсціславе, Магілёве, Оршы, Крычаве, Чачэрску, у мястэчках Свіслач Асіповіцкага павета і Смальяны Аршанскага павета. Падчас рэканструкцыі Смальянскага касцёла працаваў разам з вядомым архітэктарам Лявонам Даўкшам, знаёмства з якім шмат у чым вызначыла далейшы прафесійны выбар Дубейкаўскага. У часе працы ў адным з касцёлаў ён знайшоў зборнік вершаў Францішка Багушэвіча «Дудка беларуская», дзякуючы якой зацікавіўся беларушчынай.

Пачатак архітэктурнай дзейнасці. Першая рэвалюцыя

У 1894 годзе атрымаў падрад на будаўніцтва новага каменнага касцёла ў Смаленску. З 1896 па 1898 год кіраваў вялікай брыгадай будаўнікоў, якая выконвала асноўныя працы па ўзвядзенні храма. У 1897 годзе з мэтаю лепшай арганізацыі ўласнай будаўнічай справы ён заснаваў прыватнае інжынернае «Таварыства Л. Дубейкаўскі і Ко», якая выконвала будаўнічыя, інжынерна-праектныя, цэментавыя і рэстаўрацыйныя працы, а праз год — завод жалеза-бетонных вырабаў.

Праз нейкі час выехаў на вучобу ў Санкт-Пецярбург, дзе праз год, у 1903 годзе, экстэрнам здаў экзамены на званне інжынера-архітэктара пры Інстытуце цывільных інжынераў. Разам з будаўніцтвам цывільных будынкаў Дубейкаўскі ўзводзіць па просьбе мясцовых праваслаўных святароў цэрквы ў Ярцаве і Манастыршчыне Смаленскай губерні, якія былі скончаны ў 1903 годзе. У 1904 годзе пабудаваў у Вязьме каменны дом казначэйства, у Смаленску — будынак гарадской пошты (не захаваўся).

У час расійска-японскай вайны і рэвалюцыйных падзеяй 1905—1906 гадоў, калі будаўнічае прадпрымальніцтва ў Расійскай імперыі перажывала заняпад, Лявон Вітан-Дубейкаўскі вырашыў ліквідаваць сваю справу, прадаў уласны завод, паклаў грошы ў банк і выехаў у Парыж, дзе ў 1907—1909 гадах вучыўся ў архітэктурнай школе, пасля заканчэння атрымаў у 1910 годзе званне архітэктара-мастака.

Дубейкаўскі ўладкаваўся на працу ў Варшаве, у прыватнае архітэктурна-будаўнічае бюро Лільпопа і Янкоўскага. Набраўшыся за 3 гады прафесійнага вопыту ды склаўшы патрэбны капітал, Лявон стварыў уласную праектную фірму па будаўніцтве прамысловых і жылых дамоў. Адначасова ён выкладаў будаўнічую справу ў Варшаўскім сярэднім прамыслова-тэхналагічным вучылішчы інжынера Пятроўскага. Паводле яго праекта была ўзведзена фабрыка братоў Рынгаў, шэраг даходных дамоў у Варшаве. Уваходзіў у склад Кола архітэктараў у Варшаве (Koła architektów w Warszawie). Этапнай для яго стала праца над прыватным праектам палацавага ансамбля па вул. Флора, 7 у Варшаве, які ён выканаў у стылі еўрапейскага мадэрну. Для будаўніцтва архітэктурнага комплексу ў пачатку 1914 г. былі праведзены падрыхтоўчыя работы, але ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны далейшая праца была спынена.

Беларускае адраджэнне. БНР

Стала выпісваў беларускую прэсу і літаратуру, ліставаўся з рэдакцыямі газеты «Наша Ніва» і каталіцкім штотыднёвікам «Biełarus». Некалькі разоў наведваў Вільню, дзе блізка пазнаёміўся з лідарамі беларускага нацыянальнага руху: братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім, Уладзіславам Сталыгвам, кс. Францішкам Будзькам ды інш., дапамагаў матэрыяльна пецярбургскай выдавецкай суполцы «Загляне сонца і ў наша ваконца». Увосень 1916 годзе Дубейкаўскі прыехаў у Санкт-Пецярбург, дзе атрымаў нечаканую прапанову ад кс. Францішка Будзькі зрабіць праект беларускага касцёла ў Янатрудзе. Дзякуючы хадайніцтву біскупа Эдварда Ропа Францішак Будзька дамогся зацвярджэння праекта ад афіцыйных расійскіх уладаў, але лютаўская рэвалюцыя 1917 года парушыла планы святара.

Перыяд з 1917 года Дубейкаўскі цалкам аддаў беларускай нацыянальнай справе. У Беларусь ён пераехаў незадоўга да бальшавіцкага перавароту, знайшоўшы прытулак у фальварку Міхаўцы пад Радашковічамі, у сядзібе беларускага літаратара і палітычнага дзеяча Аляксандра Уласава. У 1917 годзе член Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску.

З 1 чэрвеня 1918 года пастановай Народнага Сакратарыята Беларусі Лявон Вітан-Дубейкаўскі быў зацверджаны галоўным урадавым архітэктарам Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён пачаў распрацоўваць узоры дзяржаўных нацыянальных узнагарод (эскізы гэтых узораў захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). Па заданні ўрада БНР летам таго ж года архітэктар завяршыў праект будынка Першай беларускай нацыянальнай гімназіі ў Будславе. Атрымаўшы ўрадавую грашовую субсідыю, Дубейкаўскі сам паехаў туды і ўзначаліў будаўніцтва. Але польская акупацыя не дазволіла яму завяршыць справу. Паводле загаду новай адміністрацыі Будслаўская беларуская гімназія была ліквідавана як «прытулак бальшавізму».

Каб паспрыяць паразуменню польскай і беларускай інтэлігенцыі, ён выступіў адным з ініцыятараў стварэння восенню 1919 года Польска-беларускага таварыства, у якое ўвайшлі княгіня Магдалена Радзівіл, граф Ежы Чапскі, Эдвард Вайніловіч ды інш. вядомыя асобы. Цвёрда трымаючыся ідэі незалежнасці Беларусі, Дубейкаўскі выступаў у беларускім друку супраць польскага шавінізму. Уступіў ў шэрагі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.

Ведаючы добрыя сувязі Дубейкаўскага ў Варшаве, старшыня Рады міністраў БНР Антон Луцкевіч зацвердзіў яго 15 чэрвеня 1919 на пасаду консула беларускага ўрада ў Польшчы. На той час Дубейкаўскі займаў пасаду архітэктара ў Янаве Люблінскага ваяводства, але пакінуў прыбытковае месца і выехаў у польскую сталіцу бараніць інтарэсы Беларусі. У кастрычніку 1919 года ён ініцыяваў стварэнне Беларускага камітэта у Варшаве, выконваў абавязкі яго старшыні.

Член масонскай ложы (Вільня). Пасля эміграцыі Рады БНР працаваў у беларускім прадстаўніцтве ў Варшаве (1919—1922).

Дзейнасць у Заходняй Беларусі

3 1922 года жыў у Вільні (Польская Рэспубліка) ажаніўся з Юліянай Мэнке. Быў прэзідэнтам беларускай каталіцкай парафіі імя Св. Міколы, дзеячом Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Удзельнічаў у выданні газеты «Беларускі фронт». За беларускую дзейнасць праследаваўся польскімі ўладамі.

Займаўся архітэктурна-будаўнічымі работамі, між іншым праектаваў царкву ў Відзах і касцёл у Дрысвятах. Будаваў кляштар пад Варшавай і мікрараён на Антокалі ў Вільні. У другой палове 1930-х гадоў з-за цяжкай хваробы архітэктар практычна не працаваў. Аўтар праекта «дома Вадэйкаў» у Галавічполі (пач. 1930-х). У 1935 годзе далучыўся да Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, займаў пасаду першага віцэ-старшыні, прадстаўнік партыі ў Беларускім нацыянальным камітэце.

Узімку 1939—1940 гадоў перанёс цяжкі грып. Памёр 6 лістапада 1940 года ад раку страўніка. Пахаваны на могілках Роса ў Вільні.

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(