10 снежня 1870г - 30 кастрычніка 1936г
Мінская вобласць, Валожынскі раён, Багданава
Графік, Жывапісец, Сцэнограф, Мастак
Руск. Рущиц Фердинанд
Мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Яскравы прадстаўнік культурных супярэчнасцей сваёй эпохі. Наследваў традыцыі беларускага, рускага, польскага, французскага мастацтва, у некаторых творах адметны ўплыў мадэрну.
Аказаў пэўны ўплыў на далейшае развіццё жанру пейзажу ў польскім мастацтве. Матэрыялізаваў магутны нацыянальна-патрыятычны імпульс, характэрны для польскага мастацтва ў цэлым і для мастацтва мяжы ХІХ—XX стагоддзяў у прыватнасці. Яго вельмі суцэльная па духу творчасць мела непасрэднае дачыненне да фарміравання польскага нацыянальна-рамантычнага пейзажу канца ХІХ — пачатку XX стагоддзя і найбольш ярка адлюстроўвала яго мастацкую праблематыку.
У яго творчасці знайшлі адлюстраванне жыццё і побыт беларускага народа, пераламіліся традыцыі беларускага рэалістычнага жывапісу. Дачка мастака Яніна Рушчыц сцвяржала, што яе бацька заўсёды лічыў сябе «тутэйшым», г. зн. беларусам.
Род Рушчыцаў паходзіў з маёнтка Збірагі на Берасцейшчыне. Дзед мастака, Фердынанд, быў адвакатам, абараняў інтарэсы Радзівілаў і жыў пераважна ў Вільні. Пасля шлюбу з Ганнай Чаховіч атрымаў у пасаг маёнтак Вайгяны ля Багданава. У 1836 годзе ён набыў на аўкцыёне маёнтак Багданава.
Дзядуля і бабуля, Фердынанд і Ганна з Чаховічаў, мелі 9 дзяцей. Бацька, Эдвард, капітан царскай арміі, абсальвент брэсцкага Кадэцкага корпуса. Маці, Альвіна з дому Мюнхаў, была датчанкай. Нарадзілася ў Нексё на востраве Борнхальм. Яе бацька Маркус Мюнх быў уладальнікам гандлёвага карабля.
Бацькі Фердынанда сустрэліся ў Лібаве (Латвія), дзе служыў Эдвард. У Рушчыцаў было пяцёра дзяцей, чатыры дачкі і малодшы сын Фердынанд. Адпаведна сямейным рэлігійным прынцыпам дачок хрысцілі і выхоўвалі згодна з веравызнаннем іх маці (у евангелісцкай веры), а сына ― веравызнаннем бацькі (у рымска-каталіцкай).
Родавым гняздом Рушчыцаў быў маёнтак Багданаў, які яны былі вымушаны пакінуць на нейкі час у выніку паражэння паўстання Кастуся Каліноўскага, а сядзібу і зямлю здалі ў арэнду. Месцам далейшага жыхарства Рушчыцаў стала Лібава, дзе бацька атрымаў пасаду ў будаўнічай канторы Лібава-Роменскай чыгункі. У 1870-я гады ён пераехаў з сям’ёй у Мінск, дзе стаў начальнікам рахункаводаў ва ўпраўленні будаўніцтвам чыгункі.
Дзяцінства і юнацтва будучага мастака прайшло ў Мінску. У 1883 годзе ён паступіў у Мінскую мужчынскую гімназію, якую скончыў у 1890 годзе з залатым медалём. Там ён атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю ў выкладчыка Кузьмы Якаўлевіча Ермакова, выхаванца Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Менавіта Ермакоў прывіў Фердынаду любоў да малюнку і колеру, шмат распавядаў пра асновы рэалізма ў мастацтве. На працягу ўсяго жыцця мастак з павагай і ўдзячнасцю згадваў свайго першага настаўніка.
Бацька не ўхваляў захапленне сына, бо лічыў, што маляваннем не заробіш на жыццё, і настойваў, каб той пайшоў па слядах дзеда. Увосень 1890 года Фердынанд паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе на працягу двух гадоў старанна вучыўся і толькі ў 1891 годзе падаў прашэнне ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў з просьбай залічыць яго вольным слухачом на аддзяленне жывапісу.
У 1892—1897 гадах навучаўся жывапісу ў Пецярбургскай імператарскай Акадэміі мастацтваў спачатку пад кіраўніцтвам Івана Шышкіна, а пасля таго, як той пакінуў акадэмію — у Архіпа Куінджы, вучнямі якога таксама былі Аркадзь Рылоў, Мікалай Рэрых, Вільгельм Пурвіт, Канстанцін Урублеўскі. У сваім дзённіку Рушчыц пісаў:
Я паказаў свае эцюды Куінджы. Напэўна, ён ведаў, што я вучань Шышкіна, ва ўсякім разе, судзіў ён іх далёка стражэй, чым працы іншых вучняў.
Паводле парады Шышкіна ў 1894―1895 гадах выехаў у Крым, дзе зрабіў шэраг жывапісных замалёвак алоўкам. У 1896 годзе падарожнічаў праз Шчэцін і востраў Руген у Паўднёвую Швецыю (Кальмар і Вісбю), а на наступны год адведаў дацкі востраў Борнхальм, дзе нарадзілася яго маці.
У час вучобы Рушчыца як каларыста высока ацаніў Ілля Рэпін. У Акадэміі пасябраваў з А. Рыловым і іншымі вучнямі, якія вызнавалі рэалізм, узбагачаны вопытам французскіх імпрэсіяністаў.
У 1897 годзе з поспехам дэбютаваў на дыпломнай выстаўцы, прадставіўшы тры вялікія карціны — «Вячэрняя зорка», «Трытоны» і «Вясна»; апошнюю набыў мецэнат Павел Траццякоў.
4 лістапада 1897 года Рушчыц скончыў акадэмію і атрымаў званне мастака. У 1898 годзе, на вясновай выстаўцы ў Акадэміі, маскоўскі калекцыянер і мецэнат Сава Марозаў купіў карціну «Зімовы млын», што дазволіла маладому мастаку здзейсніць працяглую вандроўку па Заходняй Еўропе. За два месяцы ён наведаў Берлін, Дрэздэн, Кёльн, Парыж, Брусель, Мілан, Верону, Венецыю, Вену. Пасля доўгі час жыў у сядзібе Багданава, якую пасля шматгадовага заняпаду давёў да ладу яго бацька, зрэдку падарожнічаў па Беларусі і Расіі. У 1899 годзе прайшла першая выстаўка ў Вільні. Браў удзел у грамадскім і культурным жыцці горада, супрацоўнічаў з тэатрам.
Прымаў эпізадычны ўдзел у аб’яднанні «Свет мастацтва» (між іншым, удзельнічаў у выстаўцы ў Маскве ў 1902 годзе). У 1900 годзе ў Кракаве ўвайшоў у кола ўдзельнікаў таварыства польскіх мастакоў мадэрнісцкай арыентацыі «Штука» („Sztuka“; «Мастацтва»).
Тым часам Рушчыц стварыў своеасаблівую эпічную сагу пра лёс простых людзей. Першым у гэтай серыі лічыцца палатно «Зямля» (польск.: Ziemia; 1898), якую з-за выхаду за звыклыя рамкі не прынялі ў Пецярбургу, але на выставе 1899 года ў Варшаве гэты твор набыло Таварыства прыгожых мастацтваў «Захента».
Наступным творам стала карціна «Ля касцёла» (польск.: Koło kościoła; 1899). Яшчэ адно палатно «У свет» (польск.: W świat) пра тых, хто вымушаны сыйсці з абжытых родных месцаў і шукаць працу ў далёкім краі, было створана ў 1901 годзе. Працягам і магутным завяршэннем тэмы сталі «Эмігранты» (1902), дзе знясіленыя людзі пакідаюць радзіму ў пошуках лепшай долі. Тэма палатна, імаверна, была навеяная масавай эміграцыяй беларусаў у Амерыку ў пачатку XX стагоддзя. Карціны Рушчыца экспанаваліся ў Варшаве і Пецярбургу, крытыкі адразу заўважылі яго выключны дарунак каларыста.
У 1902 годзе атрымаў узнагароду Акадэміі ведаў у Кракаве за карціну «Лясны ручэй». У гэтым жа годзе яму даручылі правесці ў залі венскага таварыства «Сецэсія» першую экспазіцыю кракаўскай суполкі «Sztuka».
У 1903 годзе Фердынанд Рушчыц упершыню арганізаваў выставу таварыства «Sztuka» ў Вільні, у садзе былога бернардзінскага кляштара.
У 1903―1904 гадах жыў у невялічкім мястэчку Влохі пад Варшавай. Разам з мясцовымі мастакамі Каралем Ціхім, Эдвардам Траяноўскім, Конрадам Крыжакоўскім і Казімірам Стаброўскім браў актыўны ўдзел у адраджэнні Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. Вілу Рушчыца часта наведваў Чурлёніс.
У 1907 годзе, пасля смерці Яна Станіслаўскага, Рушчыца запрасілі на пасаду загадчыка кафедрай пейзажнага жывапісу ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў і адначасова абралі старшынёй таварыства «Sztuka», але інтрыгі ў акадэміі і разлады сярод кракаўскіх мастакоў вымусілі яго ўжо ў 1908 годзе адмовіцца ад яе. У тым жа годзе пераехаў з Кракава ў Вільню, каб у меру сваіх «сіл служыць справе ўздыму мастацкай культуры гэтай часткі края».
У 1908 годзе ў мастацкай творчасці Рушчыца адбыўся важны злом ― ён стварыў карціну «Гняздо» і да канца свайго жыцця больш не звяртаўся да жывапісу.
Надалей актыўна працаваў як тэатральны мастак і кніжны графік, рабіў эскізы дэкарацый і касцюмаў, адказваў за афармленне юбілейнай пастаноўкі паэта Юльюша Славацкага (да 100-годдзя з дня нараджэння) «Ліла Венеда» Польскага тэатра Нуны Младзяеўскай. Наступнай тэатральнай пастаноўкай Рушчыца стаў спектакль «Нязломны князь» Ю. Славацкага, прымеркаваны да 80-годдзя паўстання 1830—1831 гадоў і пастаўлены ў зале «Лютні» Віленскага архіва.
У 1910 годзе выдаў першы нумар «Віленскага штотыднёвіка», які быў прысвечаны мастацка-культурным падзеям краю. Пасля выхаду 15-га нумару выхад штотыднёвіка быў забаронены царскай цэнзурай.
Смерць бацькі ў 1910 годзе ўсклала на мастака новыя абавязкі, звязаныя з апекай гаспадаркі ў Багданаве. Ён быў вымушаны дзяліць свой час паміж Вільняй і Багданавам.
У 1911 годзе арганізаваў выстаўку польскага мастацтва ў мінскім клубе «Вогнішча», у чым яму дапамаглі мясцовыя мастакі Яраслаў Тышынскі, Генрых Вейсенгоф, Багуслаў Адамовіч, Атон Краснапольскі. Упершыню ў Мінску дэманстравалі працы вядомых кракаўскіх мастакоў, сярод якіх Ян Станіслаўскі, Юзаф Віткевіч, Ксаверы Дунікоўскі. Адкрыццё выстаўкі ператварылася ў сапраўдную культурную падзею, якая па словах мінскага скульптара Яна Багушэўскага прадвяшчала вялікае прабуджэнне «з жадданнем тварэння ў грудзях».
У пачатку 1911 года падрыхтаваў у віленскай гарадской зале дабрачынны вечар-кірмаш для Дома Сэрца Езуса «У свеце казак і забавак», стварыў для яго эскізы касцюмаў. аформіў вокладку і праілюстраваў шматлікімі малюнкамі часопіс «Літва і Русь» у памяць пра Уладзіслава Сыракомлю, выдаў альбом «Вільня праз стагоддзі» з рэпрадукцыямі Францішка Смуглевіча і асабістымі малюнкамі.
Акрамя таго, Рушчыц збіраў творы народных майстроў (тканіны, паясы) і актыўна працаваў над захаваннем помнікаў мінуўшчыны.
Пад кіраўніцтвам свайго сябра Яна Булгака збіраў фотаздымкі помнікаў архітэктуры для «Гарадскога архіва фатаграфій», які зацвярджалі ў гарадской управе.
У 1912 годзе мастак пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Гінай Рэуцкай, якая была маладзейшай за мастака на 22 гады, і 25 лістапада 1913 года ажаніўся з ёй (шлюб адбыўся ў віленскім касцёле святога Барталамея ў Зарэччы). У шлюбе з Гінай нарадзілася шасцёра дзяцей (Фердынанд, Яніна — 1914, Багдан — 1915, Оскар — 1917, Эва — 1922, Барбара — 1925).
Ад вялікіх філасофскіх абагульненняў, якімі былі адзначаныя яго работы ранняга перыяду, перайшоў да пошукаў каляровых і кампазіцыйных эфектаў, пісаў інтэр’еры багданаўскай сядзібы, рабіў замалёўкі і эцюды любімых куткоў прыроды.
Вялікую ўвагу надаваў куратарству над развіццём народнай творчасці Беларусі і Літвы. У 1913 годзе распрацаваў плакат Першай краёвай выстаўкі дробнага промыслу і народнай творчасці ў Вільні, дзе разам з гістарычнай геральдыкай скампанаваныя народныя паясы, велікодныя «віленскія пальмы», прасніца. На плакаце ўпершыню ў практыцы еўрапейскай прыкладной графікі з’явіўся подпіс кірілічнымі літарамі на беларускай мове. Апрача ўсяго, на выставе была шырока прадстаўлена народная творчасць Мінскай губерні, што выклікала станоўчы водгук у газеце «Наша ніва». У сувязі з гэтай выставай быў апублікаваны адмысловы нумар часопіса «Wieś Ilustrowana» (9/1913), прысвечаны народнаму мастацтву Літвы і Беларусі, падрыхтаваны пад апекай Фердынанда Рушчыца.
У 1914 годзе па замове дырэктара Польскага тэатра ў Варшаве Арнольда Шыфмана, зрабіў эскізы дэкарацый і касцюмаў да пастаноўскі «Баладыны» Ю. Славацкага. У канцы лета 1915 года зноў пераехаў у Багданава, дзе і перажыў перыяд Першай сусветнай вайны.
19 красавіка 1919 года вярнуўся ў Вільню, прыняў актыўны ўдзел у стварэнні Універсітэта Стэфана Баторыя.
У пачатку мая 1919 года стаў чальцом камітэта Адбудовы Віленскага ўніверсітэта, выказаўся за наданне ў якасці патрона ўстановы Стэфана Баторыя. Заняўся стварэннем аддзялення прыгожых мастацтваў. У жніўні 1919 года Юзаф Пілсудскі прызначыў яго адным з пяці першых чальцоў Акадэмічнага сената, у верасні атрымаў званне звычайнага прафесара аддзялення прыгожых мастацтваў. 12 кастрычніка браў удзел ва ўрачыстым адкрыцці ўніверсітэта. Праекту дзве табліцы з гербам Стэфана Баторыя і польскім Арлом, якія былі ўмураваныя ў галоўны фасад універсітэта, стварае інтэр’ер Калоннай залі і залі Снядэцкіх, таксама аўтар праекту рэктарскага ланцуга і ўніверсітэцкай пячаткі.
Для аддзялення прыгожых мастацтваў падбірае будынак былога бернардынскага кляштара, і ў лістападзе 1919 года там распачаліся заняткі, што па словах самога мастака «сімвалізавала ўваскрэшанне даўніх традыцый мастацтва на тэрыторыі віленскай навучальнай установы».
Быў абраны радным горада Вільня і ўзначальваў камісію па вызначэнню назваў вуліц і паркаў.
Улетку 1920 года падчас бальшавіцкага наступлення вымушаны эвакуяваць у Варшаву, дзе працуе на аддзел прапаганды генеральнага інспектарату.
15 студзеня 1921 года аднаўляюцца заняткі аддзялення прыгожых мастацтваў.
Акрамя педагагічнай працы Рушчыц таксама выконваў функцыі чальца ўніверсітэцкага сенату, шматразова абіраўся дэканам і намеснікам дэкана. Пад яго кіраўніцтвам ва ўніверсітэце развіваўся стыль «віленскага неакласіцызму».
Актыўнасць Рушчыца праявілася ў самых розных сферах: творчай, педагагічнай, навуковай. Разам з педагогамі і студэнтамі ён займаўся інсцэніроўкамі, рабіў эскізы да сцягоў універсітэта, стварыў экспазіцыі мемарыяльных залаў выбітных дзеячоў гісторыі, навукі і культуры, афармляў кнігі, часопісы, дэкарацыі да ўрачыстасцей і шматлікіх тэатральных пастановак у Віленскім універсітэце.
У 1921 годзе стаў арганізатарам першай афіцыйнай выстаўкі польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. Сцены былі ўпрыгожаныя матывамі слуцкіх паясоў. За падрыхтоўку выставы быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна.
Быў адным з ініцыятараў стварэння ў Вільні помніка Манюшку і на яго адкрыцці ў 1922 годзе выступіў з урачыстай прамовай.
У гэтым жа годзе спраектаваў срэбраны саркафаг для рэліквій святога Казіміра.
У 1927 годзе быў чальцом камітэта па ўшанаванню памяці Юліуша Славацкага, у 1928 годзе — удзельнічаў у пачатку працы віленскага радыёвяшчання. Быў чальцом камітэту па арганізацыі каранацыі Маці Божай Вострабрамскай.
28 красавіка 1929 года як прадстаўнік Віленскага ўніверсітэта прыняў удзел у адкрыцці помніка Адама Міцкевічу ў Парыжу, дзе прачытаў прамову на французскай мове.
У 1931 годзе браў удзел у рэстраўрацыі Маці Божай Вострабрамскай, спраектаваў размяшчэнне там тысяч вотаў.
Браў удзел у камітэце па ліквідацыі наступстваў павадкі ў Вільні, браў удзел у археалагічных даследаваннях у падзямеллях Віленскага кафедральнага сабора, з натуры замаляваў парэшткі Барбары Радзівіл, якія былі знойдзены сярод каралеўскіх пахаванняў
Працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасці, наведваў руіны замкаў у Крэве, Міры, Лідзе і інш., збіраў гістарычныя звесткі пра іх і рабіў замалёўкі, эцюды.
Сярод яго вучняў ― беларускія мастакі Пётра Сергіевіч і Міхаіл Сяўрук.
Пісьменнік Міхал Крыспін Паўлікоўскі такім чынам падсумаваў вынікі культурнай дзейнасці Рушчыца ў Вільні: «Трыццацігадовая мастацкая дыктатура Рушчыца — гэта новы залаты век адроджанай Вільні».
У 1932 годзе цяжка захварэў, хвароба пазбавіла яго магчымасці гаварыць, а таксама пісаць правай рукой.
Толькі дзякуючы адданасці і намаганням жонкі і дачкі жыццё Рушчыца атрымалася падоўжыць на чатыры гады. У першы перыяд хваробы Рушчыц знаходзіўся ў Вільні. У 1933 годзе стан яго здароўя настолькі палепшыўся, што ён мог здзяйсняць непрацяглыя шпацыры па горадзе разам з суправаджэннем. У 1935 годзе мастак назаўжды пераехаў у Багданава. Ён навучыўся пісаць левай рукой, спрабаваў маляваць. У гэтыя гады ім былі створаны шматлікія малюнкі членаў сям’і, напісаны некалькі эцюдаў з матывамі Багданава. Аднак да канца жыцця мастак працягваў працаваць толькі левай рукой.
У 1935 годзе прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі ўдастоіў яго звання ганаровага прафесара УСБ.
Памёр 30 кастрычніка 1936 годзе ў Багданаве, пахаваны на мясцовых могілках.
У сваёй творчасці Рушчыц аддаваў перавагу светлым матывам. Майстра краявідаў, ён бачыў тэмы для сваіх прац у кожным фрагменце беларускай прыроды, так і называў свае карціны: «Млын», «Берагі Вілейкі», «Лясны ручай». У пейзажах, такіх як «Пустка» і «Стары млын», адчуваюцца чалавечыя перажыванні. Шматлікія пейзажы Рушчыца адзначаны экспрэсіяй, драматызмам і манументальнасцю формаў, ім уласцівы лаканізм і прастата кампазіцыі, а таксама востра індывідуальная своеасаблівасць. Малюнак мастака заўсёды выразны, пластыка аб’ёмаў аголена.
Кампазіцыі палотнаў Рушчыца простыя і лаканічныя, аднак у іх заўсёды ёсць адчуванне рэальнай прасторы. Яны вельмі матэрыяльныя, паветраныя. Стары драўляны млын недалёка ад Багданава, касцёлы ў Багданаве і Вішневе, роднае гняздо Рушчыцаў — упадабаныя матывы, да якіх Фердынанд ахвотна вяртаўся і пісаў у розны час дня і года, кожны раз адкрываючы ў іх штосьці новае. Любімай парой аўтара была ранняя вясна, калі прырода абуджалася ад зімовага сну. Сярод усёй творчасці вылучаецца т. з. «багданаўскі цыкл».
У такіх палотнах, як «Мост зімою», «З берагоў Вілейкі», «Зімовая казка», «Старыя яблыні», выразна адчуваецца свядомае прынцыповае жаданне мастака адысці ад празаічнага эмпірызму пейзажаў-эцюдаў.
Крытыкі адзначалі выключны дарунак Фердынанда Рушчыца як каларыста, а мастацтвазнаўцы назвалі мастака «майстрам чатырох стыхій».
Працаваў над кніжнай графікай. Стварыў ілюстрацыі ці аформіў звыш пяцідзесяці кніг. Сярод іх — даведнік па Вільні („Przewodnik po Wilnie“) Юльюша Клоса.
У 1910—1932 гадах супрацоўнічаў з тэатрамі, аформіў 15 спектакляў. Аўтар дэкарацый для пятнаццаці тэатральных пастановак, уключаючы «Вяселле» Юльюша Славацкага (1910), «Баладзіна» (1914) і «Лістападаўская ноч» (1930) Станіслава Выспяньскага; інсцэнаваў шэраг драматычных твораў (апроч пералічаных — Сід П’ера Карнеля ў віленскім тэатры, 1924). Пісаў артыкулы пра помнікі даўніны Вільны.
Палотны захоўваюцца ў музеях Польшчы, Літвы, Расіі, а таксама еўрапейскіх і амерыканскіх збораў, у тым ліку прыватных.
У Беларусі да апошняга часу захоўвалася толькі адна карціна Фердынанда Рушчыца — «Ля касцёла», набытая ў 1957 годзе па ініцыятыве дырэктаркі Мастацкага музея Алены Аладавай у маскоўскага калекцыянера Абрама Шустэра. У лістападзе 2019 года Нацыянальны мастацкі музей набыў у сям’і мастака яшчэ тры невялікіх творы з ранняга перыяду творчасці — «Мінскі краявід» (1890), «Саборная плошча. Мінск» (каля 1890), «Дахі Мінска» (каля 1911).
У прыватнай калекцыі захоўваецца твор «Партал касцёла» (пад якім апазнаецца партал касцёла бенедыкцінцаў у Тынцу, што дазваляе яго аднесці да нешматлікіх твораў кракаўскага перыяду 1907—1908 гадоў).
У 2015 годзе «Белгазпрамбанк» набыў у сваю карпаратыўныю калекцыю палотны «Пейзаж. Вілія» і «Пуня і азярод» (1899), а таксама эскіз дэкарацыі «Заля Кіркора» да пастаноўкі «Баладына» Юліуша Славацкага (1914), у 2016 годзе дадаткова была набыта карціна «Сядзіба ў Багданава».