28 лістапада 1931г - 21 жніўня 1979г
Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, Варонічы
Дзіцячы пісьменнік, Пісьменнік, Паэт
Руск. Клевко Геннадий Яковлевич
Беларускі паэт, перакладчык, дзіцячы празаік, журналіст.
Нарадзіўся ў сям’і Якава Сафронавіча Кляўко і Марыі Іванаўны (Доўгай). Вучыўся ў Рудзенскай сярэдняй школе (скончыў у 1950 годзе), потым на філалагічным факультэце БДУ (скончыў у 1955 годзе). З 1954 да 1963 гг. працаваў літаратурным рэдактарам у газеце «Калгасная праўда», з 1961—1973 гг. — літсупрацоўнікам, адказным сакратаром часопіса «Вожык», з 1973 да 1979 — намеснікам галоўнага рэдактара літаратурнага часопіса «Полымя».
Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1964 года.
У рэспубліканскім друку з вершамі выступіў у 1950 г. Аўтар зборнікаў вершаў «Абветраныя далягляды» (1962), «Сто крокаў» (1967), зборнікаў вершаў і паэм «Прыстань» (1974), «Плуг» (1978), «Падкова над парогам» (выбранае, 1979), «Вязьмо» (1984), зборнікаў гумарыстычных вершаў і мініяцюр «Лайдак і кнопкі» (1964), «Каб не сурочыць» (1971), «Што праўда, то не грэх…» (1971). Для дзяцей выдаў кніжку вершаў «Першы салют» (1964).
Перакладаў на беларускую мову творы пісьменнікаў народаў СССР. У 1975 г. у яго перакладзе выйшаў зборнік паўднёва-асецінскай паэзіі «Трубіць алень», у 1986 годзе выдадзены зборнік перакладу вершаў Касты Хетагурава «Асецінская ліра».