RU BE

Грыневіч Антон Антонавіч

Грыневіч Антон Антонавіч - беларускі кампазітар, фалькларыст

3 мая 1877г - 8 снежня 1937г

Віцебская вобласць, Полацкі раён, Іванаўшчына

Кампазітар, Фалькларыст

Руск. Гриневич Антон Антонович

Збіральнік беларускага музычнага меласу (фальклору), выдавец, педагог.

Біяграфія

Скончыў Дзісненскае гарадское вучылішча. Калежскі сакратар у Санкт-Пецярбургу, заснавальнік «Выдавецтва Антона Грыневіча» (1910). Удзельнік суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца». У 1910—1912 гадах выдаў два тамы кніжкі «Беларускія песьні з нотамі». Загадчык мастацкай падсекцыі Белнацкому (1918), Беларускага народнага дому.

У Вільні з 1920 года. Падтрымліваў Беларускую драматычную майстэрню. У час быцця ў Вільні быў арыштаваны дэфензівай, адбыў год зняволення ў варшаўскай турме. Пазней быў звольнены з Віленскай беларускай гімназіі за недобранадзейнасць, ізноў паддадзены следству. Уцёк у БССР.

У Мінску з 1925 года. Сакратар музычнай падсекцыі Інбелкульта (1925—1928), потым у Акадэміі навук БССР (1929—1930). Удзельнік этнаграфічных экспедыцый на Палессі, на Полаччыне, у паўночных раёнах Беларусі.

Член выдавецкага таварыства «Загляне сонца і ў наша ваконца». Выдаў сваім коштам зборнік «Беларускія песні з нотамі» (1910), зборнік «Беларускія народныя песні з нотамі» (разам з А. Зязюлем, 1912), зборнікі паэзіі Я. Купалы «Гусляр», «Адвечная песня», тры зборнікі апавяданняў Я. Коласа, першую кнігу У. Галубка «Апавяданні», зборнікі навел Таўруса і Гвазда.

У Вільні выдаў «Народны спеўнік» (1920), «Школьны спеўнік» (1920), «Навука спеву» (1923), «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925). У Вільні рыхтаваў «Канцэртны спеўнік», «Аднагалосыя, двухгалосыя і харавыя канцэртныя спевы». Планаваў выданне вялікага музыка-этнаграфічнага зборніка беларускіх песень, запісаных ім у 1906—1920 гг. З 1925 года жыў у БССР. Падрыхтаваў да друку ў БССР зборнікі «Аднагалосыя, двухгалосыя і шматгалосыя народныя песні», «Дзіцячыя гульні», зборнік фартэпіянных твораў рэвалюцыйнага зместу на тэксты беларускіх пісьменнікаў. Збіраў фальклор на Палессі і ў Падзвінні.

Аўтар артыкулаў у беларускім перыядычным друку. У часопісе «Наш край» апублікаваў артыкул «Праграма-інструкцыя для збіральнікаў беларускай музычна-этнаграфічнай творчасці» (1925).

Арыштаваны ў 1933 годзе, памёр у лагеры.

У архівах Беларусі і Вільні захоўваецца да 1000 запісаў беларускага меласу, сабраных Грыневічам.

Ацэнкі

Фалькларыстычную і музычна-прапагандысцкую дзейнасць Грыневіча высока ацанілі З. Бядуля, кампазітар і знавец беларускага меласу М. В. Анцаў.

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(