RU BE

Хруцкі Іван Фаміч

Хруцкі Іван Фаміч - беларускі жывапісец, пейзажыст, мастак

27 студзеня 1810г - 1 студзеня 1885г

Віцебская вобласць, Бешанковіцкі раён, Ула

Жывапісец, Пейзажыст, Мастак

Руск. Хруцкий Иван Фомич

Мастак, які дзейнічаў на тэрыторыі Расійскай Імперыі. Заснавальнік жанру акадэмічнага нацюрморта ў беларускім жывапісе.

Біяграфія

Іван Хруцкі нарадзіўся 27 студзеня 1810 года ў мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні ў сям’і грэка-каталіцкага святара. Беларус. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў на факультэце вольных мастацтваў Полацкага ліцэя, па сканчэнні якога паступіў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў, дзе вучыўся 9 гадоў. Малады мастак быў залічаны вольным слухачом па класу партрэтнага і ландшафтнага жывапісу. Ён таксама пачаў браць урокі жывапісу ў Джорджа Доу (1781—1829), англійскага жывапісца, які працаваў у 1818—1828 гадах у Расіі.

Мастак неаднаразова атрымліваў медалі Акадэміі, а таксама быў узнагароджаны залатым гадзіннікам ад цара Мікалая I. У 1839 годзе І. Хруцкі стаў акадэмікам Акадэміі мастацтваў, пасля чаго вярнуўся на радзіму. З 1845 года жыў і працаваў у сваім маёнтку Захарнічы.

У сваёй творчасці аддаваў перавагу нацюрмортам. Мастацкі стыль І. Хруцкага хутка займеў шмат прыхільнікаў і паслядоўнікаў, што паспрыяла развіццю нацюрморта ў Расійскай імперыі. Таксама І. Хруцкі з’яўляўся майстрам партрэта, асабліва шмат партрэтаў напісаў у сталыя гады. Тады ж у творчасці мастака пачынаецца перыяд рэлігійных твораў.

Пахаваны на фамільных могілках у Захарнічах (цяпер Полацкі раён Віцебскай вобл.). Праваруч магілы Івана Хруцкага пахаваныя ягоная жонка Ганна з Бубноўскіх, сын Восіп Іванавіч, унучка Алена, і таксама мастачка праўнучка Ядвіга Аляксандраўна Мацяеўская.

Нацыянальнасць

Нацыянальнасць Івана Хруцкага цяпер апісваецца па-рознаму, у залежнасці ад крыніцы, як беларуская, польская або руская. Прычынай з’яўляецца гістарычная, культурная, этнічная і палітычная спецыфічнасць земляў, на якіх нарадзіўся мастак. У адной з крыніц ён быў апісаны так: паляк па нацыянальнасці, беларус па месцы нараджэння, канчаткова сфарміраваўся ў плыні рускай акадэмічнай школы. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь у сваіх публікацыях называе яго славутым беларускім жывапісцам і славутым землякам, адначасова падкреслівае, што яго мастацкая спадчына — набытак культуры не толькі Беларусі. Таксама Беларуская энцыклапедыя піша, што Хруцкі — гэта беларускі мастак, а яго творчасць звязаная з мастакім жыццём Беларусі і Расіі. Советский энциклопедический словарь апісвае Хруцкага як рускага мастака, аднак без разтлумачэння, ці справа ў нацыянальнасці, дзяржаве ці культурным коле, у якім ён тварыў.

Сям’я

У 1845 годзе ажаніўся з Ганна з Бямбноўскіх (1822-?), дачкой уладальніка суседняга фальварка Навагуршчына Ксаверыя Бямбноўскага, капітана арміі Касцюшкі, і Аляксандры з Цыбульскіх. Жонка Хруцкага паводле адной з версій намалявана на палатне мастака «Партрэт невядомай» (1830-я). Ганна Ксавер’еўна перажыла мужа на некалькі гадоў, але дакладны год яе смерці невядомы.

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(