RU BE

Навуменка Іван Якаўлевіч

Навуменка Іван Якаўлевіч - беларускі дзіцячы пісьменнік, драматург, літаратуразнавец, пісьменнік, празаік

16 лютага 1925г - 17 снежня 2006г

Гомельская вобласць, Рэчыцкі раён, Васілевічы

Дзіцячы пісьменнік, Драматург, Літаратуразнавец, Пісьменнік, Празаік

Руск. Науменко Иван Яковлевич

Беларускі пісьменнік і літаратуразнавец.

Біяграфія

Нарадзіўся 16 лютага 1925 года у в. Васілевічы Рэчыцкага павета Гомельскай губерні (цяпер — горад у Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці) ў сям’і чыгуначніка. Са студзеня 1942 года — удзельнік камсамольскага падполля, пасля — партызан, удзельнічаў у вызваленні Васілевічаў. У снежні 1943 года прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах. Пасля дэмабілізацыі ў снежні 1945 года — карэспандэнт мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а з 1951 года — рэспубліканскай газеты «Звязда». Завочна скончыў філалагічны факультэт БДУ (1950) і аспірантуру пры БДУ (1954). Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць» (1953—58 гады), загадваў кафедрай беларускай літаратуры БДУ. У 1973—82 гадах — дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР, з 1982 года — віцэ-прэзідэнт АН БССР. Старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1985—90 гг.). Акадэмік АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1957).

Памёр 17 снежня 2006 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках.

Творчасць

Дэбютаваў апавяданнямі ў 1955 годзе (часопіс «Маладосць»). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Сямнаццатай вясной» (1957), «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Бульба» (1964), «Таполі юнацтва» (1966), «Вераніка» (1968), «Тая самая зямля» (1971), «Падарожжа ў юнацтва» (выбранае, 1972), «Замець жаўталісця» (1977), «Пераломны ўзрост» 1986), «Водгулле далёкіх вёснаў» (1989), раманаў «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1974), «Смутак белых начэй» (раман, аповесць, апавяданні, 1980), «Летуценнік. Смутак белых начэй» (1985), «Асеннія мелодыі» (раман, апавяданні, 1987), аповесці для дзяцей «Вайна каля Цітавай копанкі» (1959), «Капитан Степь идет в разведку» (з В. Мамантавым, 1982), п’есы «Птушкі між маланак» (1982). Выйшаў Збор твораў у 6 т. (1981—84).

Выдаў літаратуразнаўчыя працы «З глыбінь жыцця: Крытычныя эцюды аб творчасці Якуба Коласа» (1960), «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967), «Янка Купала: Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас: Духоўны воблік героя» (1968), «Гуманизм и народность» (Масква, 1972), «Кніга адкрывае свет» (1978), «Из глубин народной жизни» (1981), «Якуб Колас» (1982), «Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці» (1982), «Элементы міфалогіі ў паэзіі Янкі Купалы і Якуба Коласа» (1988), даклады на VIII і IX Міжнародных з’ездах славістаў «Праблемы развіцця літаратуры ў эпоху сучаснага навукова-тэхнічнага прагрэсу» (1978) і «Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа ў кантэксце славянскіх літаратур» (1983).

Узнагароды

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі. Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1978). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967) за кнігу «Таполі юнацтва», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972) за кнігі «Янка Купала: Духоўны воблік героя» і «Якуб Колас: Духоўны воблік героя».

Спампаваць ці купіць кнігі

Iнтэрнат на Нямiзе. Выбраныя творы
І. Навуменка. Збор твораў. Том 5. Сасна пры дарозе. Вецер у соснах
Война у Титова пруда
Спампаваць: epub, fb2
Грусть белых ночей
Спампаваць: fb2
Збор твораў. Том 10
Збор твораў. Том 2
Збор твораў. Том 3. Аповесці
Збор твораў. Том 4. Аповесці
Збор твораў. Том 6. Сорак трэці. Смутак белых начэй
Збор твораў. Том 7
Збор твораў. Том 8
Сорок третий
Спампаваць: epub, fb2
Францужанкі. Зборнік
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(