1 студзеня 1936г - 8 мая 2014г
Магілёўская вобласць, Клічаўскі раён, Аколіца
Пісьменнік, Празаік, Сцэнарыст
Руск. Кудравец Анатолий Павлович
Беларускі пісьменнік, перакладчык, кінасцэнарыст.
Скончыў Слуцкае педвучылішча (1955), аддзяленне журналістыкі БДУ (1963). Член Саюза пісьменнікаў СССР (1969). Працаваў настаўнікам, рэдактарам на Беларускім радыё, літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва», рэдактарам выдавецтва «Беларусь», адказным сакратаром часопіса «Маладосць», галоўным рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура» (1972—1974), інструктарам, загадчыкам сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ (1974—1978), на працягу 20 гадоў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман» (1978—1997).
Друкуецца з 1960. Першы зборнік апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968) вызначаецца праўдзівасцю, уменнем убачыць у чалавеку агульназначнае. У аповесці «Раданіца» (1971) ставіць праблему духоўных каштоўнасцей сучасніка, яго жыццёвай пазіцыі, адносін да мінулага і будучага. У кнігах «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984) адлюстраваў складаныя працэсы ў сучаснай вёсцы. Творчасць пісьменніка вылучаецца глыбокім псіхалагізмам, уменнем праз разгортванне падзей перадаць драматызм чалавечых характараў, творы адметныя дакладнасцю апісання жывых рэалій, побыту, прыроды, дзейных асоб. Аўтар кнігі падарожных нарысаў «За чужымі далямі» (1981), сцэнарыяў мастацкіх фільмаў «Асеннія яблыкі» (1975), «Раданіца» (1984, з Ф. Коневым).
Займаўся перакладамі. На беларускую мову пераклаў «Падарожжы Гулівера» Дж. Свіфта, «Сібірскія апавяданні» У. Іванава, раманы А. Нурпеісава «Змрок» і «Нягоды», аповесць К. Сіманава «Дні і ночы», «Аповесці» А. Тамсаарэ, кнігі «Апошні прамень» У. Караленкі, «На Іртышы» С. Залыгіна і інш.