RU BE

Геніюш Ларыса Антонаўна

Геніюш Ларыса Антонаўна - беларускі пісьменнік, паэт

9 жніўня 1910г - 7 красавіка 1983г

Гродзенская вобласць, Ваўкавыскі раён, Воўпа

Пісьменнік, Паэт

Руск. Гениюш Лариса Антоновна

Беларуская паэтэса, празаік, грамадскі дзеяч.

Біяграфічныя звесткі

У 1928 г. скончыла Ваўкавыскую польскую гімназію. У 1935 г. выйшла замуж за Янку Геніюша, У той самы год у іх нарадзіўся сын Юрка Геніюш. У 1937 г. пераехала ў Прагу, дзе вучыўся, а потым працаваў урачом муж.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР (1939), быў арыштаваны бацька Ларысы Геніюш. Неўзабаве, па кароткім зняволенні ў гродзенскай турме, яго расстралялі. Маці Ларысы Геніюш і двух яе сясцёр выслалі ў Казахстан.

У 1937—1947 гг. жыла ў Празе. Наладзіла сувязі з беларускай эміграцыяй, удзельнічала ў рабоце ўраду БНР на эміграцыі. У сакавіку 1943 г. стала Генеральным сакратаром ураду і займалася захаваннем і ўпарадкаваннем архіва БНР. Апекавала беларускіх эмігрантаў, палітычных уцекачоў, беларускіх работнікаў і ваеннапалонных у Германіі. Прымала ўдзел у Другім Усебеларускім кангрэсе.

З 1945 г. савецкія ўлады дамагаліся экстрадыцыі Геніюшаў, ставячы ім у віну «антысавецкую нацыяналістычную дзейнасць» падчас вайны. Пад канец 1947 г. Ларыса Геніюш перабралася з мужам з Прагі ў Вімперк.

5 сакавіка 1948 г. арыштавана, а 12 жніўня разам з мужам перададзеная савецкім уладам. Утрымліваліся ў савецкіх турмах Вены і Львова, з канца 1948 г. ў турме ў Мінску, дзе Ларысу Геніюш дапытваў міністр Дзяржбяспекі БССР Лаўрэнцій Цанава, які беспаспяхова патрабаваў ад яе перадаць архівы БНР.

У лютым 1949 г. Вярхоўны Суд БССР прыгаварыў Ларысу Геніюш да 25 гадоў зняволення ў лагерах. Да такога ж тэрміну быў прыгавораны Янка Геніюш. Пакаранне адбывала ў лагерах Інты і Абезі (Комі АССР) і ў Мардоўскай АССР.

У 1956 г. разам з мужам часткова рэабілітавана, тэрмін пакарання зменшаны да 8 гадоў, якія ўжо прайшлі з моманту прысуду. Пасля вызвалення пасяліліся на радзіме мужа ў Зэльве.

Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславакіі. Дом Геніюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для творчай моладзі Беларусі. Нягледзячы на нагляд КДБ, частымі гасцямі ў Зэльве бывалі паэты і пісьменнікі, мастакі, навукоўцы.

Пахавана ў Зэльве.

Творчасць

Вершы Ларыса Геніюш пісала яшчэ ў гімназіі, друкавацца пачала ў 1939 годзе ў беларускіх эмігранцкіх перыядычных выданнях. У час вайны друкавалася ў газетах «Раніца», «Беларускі работнік», «Новы шлях» і інш. У 1942 годзе ў Празе выйшаў першы зборнік яе паэзіі «Ад родных ніў», у якім пераважаюць нацыянальна-вызваленчыя матывы. Пісала вершы і ў зняволенні. Пасля вызвалення яе творчасць на працягу 10 гадоў была забаронена. У 1967 годзе пры садзейнічанні Максіма Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусі зборнік «Невадам з Нёмана». Доўгі час Ларысе Геніюш дазвалялі выступаць толькі як дзіцячай пісьменніцы, апублікавала дзве кніжкі вершаў для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972), «Добрай раніцы, Алесь» (1976). Аўтар зборніка «На чабары настоена» (1982). Пасмяротна былі выдадзены найбольш поўныя і значныя зборнікі яе твораў.

У творчасці паэтэсы вобраз Беларусі скразны. Вершы Ларысы Геніюш меладычныя, прасякнуты фальклорнымі ўплывамі (паэмы «Куфар», 1967; «Маёй бабусі», апубл. ў 1989; «Даўніна», апубл. ў 1990). Звярталася да гісторыі Беларусі. Нязломнасцю духу вызначаюцца лагерныя творы («Крывёй напоўніліся поймы рэк», «Мы — народ»), кніга ўспамінаў «Споведзь» (апубл. ў 1990). На яе вершы напісаны песні.

Выбраная бібліяграфія

  • Ад родных ніў. Прага, 1942 (факсімільнае выд. Слонім, 1995);
  • Невадам з Нёмана. Мн., 1967;
  • Казкі для Міхаські. Мн., 1972;
  • Добрай раніцы, Алесь. Мн., 1976;
  • На чабары настоена. Лірыка. Мн., 1982;
  • Dzieviać vieršaǔ. Biełastok, 1987;
  • Белы сон: Вершы і паэмы. Мн., 1990;
  • Вершы: Рукапісны зборнік з 1945—1947. Лондан, 1992;
  • Маці і сын. Беласток, 1992;
  • Споведзь: (успаміны). Мн., 1993;
  • Выбр. вершы. Мн., 1997;
  • Ларыса Геніюш. Выбраныя творы. Мн., 2000.

Даніна памяці

Пра жыццё і творчасць Ларысы Геніюш зняты дакументальны фільм «Вянок цярновы васількоў» (сцэнарый Р. Барадуліна), мастацкі фільм «Птушкі без гнёздаў» (сцэнарый Я. Грыгор’еў).

19 лютага 2021 года ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным тэатры юнага гледача (Мінск) адбылася прэм’ера спектакля «Калі прачнецца Бог...» паводле «Споведзі» Ларысы Геніюш. Рэжысёр-пастаноўшчык Ганна Казлова.

Спампаваць ці купіць кнігі

Збор твораў у двух тамах. Том 1. Паэзія
Спампаваць: fb2, txt
Збор твораў у двух тамах. Том 2. Проза
Спампаваць: fb2, txt
Споведзь
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(