RU BE

Левін Леанід Мендэлевіч

Левін Леанід Мендэлевіч - беларускі архітэктар

25 ліпеня 1936г - 1 сакавіка 2014г

Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск

Архітэктар

Руск. Левин Леонид Менделевич

Беларускі архітэктар. Заслужаны архітэктар БССР (1988), лаўрэат Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, акадэмік Міжнароднай і Беларускай акадэміі архітэктуры (1997), старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын з 1991 па 2014 год.

Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Хатынь», за які (у складзе аўтарскага калектыву) быў удастоены Ленінскай прэміі.

Біяграфія

Нарадзіўся 25 ліпеня 1936 года ў Мінску ў сям’і Мендэля Моўшавіча і Лізаветы Левіных. Скончыў 13-ю школу. Бацька ў першыя дні вайны сышоў на фронт, а маці і бабуля з маленькімі дзецьмі Лёнем і Мацільдай эвакуіравалася з Мінска, дабраўшыся таварнякамі да станцыі Кара-Балты ў Кыргызстане. Лізавета Левіна памерла там ад знясілення.

У 1954—1960 гадах вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1960—1997 гадах працаваў у Інстытуце «Мінскпраект» (ад архітэктара да кіраўніка Майстэрні па забудове цэнтра Мінска).

1960—1967 — удзел у стварэнні парку імя 50-годдзя Савецкай улады. Член КПСС з 1965 года.

1968 — удзел у стварэнні выставачнага павільёна ВДНГ БССР у Мінску.

1970 — у складзе аўтарскага калектыву быў уганараваны Ленінскай прэміяй за мемарыяльны комплекс 1968—1969 гг. «Хатынь».

З 1997 года — дырэктар уласнай творчай майстэрні УП «Творчая майстэрня архітэктара Л. Левіна».

Сябры і калегі — скульптар Анатоль Анікейчык, архітэктар Юрый Градаў.

Памёр 1 сакавіка 2014 года ў Мінску. Пахаваны 4 сакавіка на Цэнтральнай алеі Усходніх могілак у Мінску.

Грамадская дзейнасць

Член Саюза архітэктараў СССР з 1963 года, пасля член Саюза архітэктараў Беларусі. Член каардынацыйнага Савета Сусветнага кангрэса рускамоўнага яўрэйства, член Генеральнага Савета Еўраазіяцкага яўрэйскага Савета. Старшыня Беларускага аб’яднання яўрэйскіх арганізацый і абшчын (1991), старшыня Мінскага яўрэйскага дабрачыннага фонду «Хэсэд-Рахамім», старшыня гістарычнага таварыства «Трасцянец». Старшыня Міжнароднай яўрэйскай акадэміі мастацтва.

Работы

Асноўныя працы (у аўтарскім калектыве і самастойна):

Мемарыяльныя комплексы

  • Мемарыяльны комплекс «Хатынь» (1968);
  • Мемарыяльны комплекс ахвярам халакоста «Яма» (2000) на тэрыторыі былога Мінскага гета;
  • Дзецям, якія загінулі ў Вялікай Айчыннай вайне (на месцы дзіцячага канцлагера) і ад Чарнобыльскай катастрофы (пасёлак Красны Бераг Жлобінскага раёна, 2006);
  • Мемарыяльны комплекс вязням гета ў г. Слуцку;
  • Мемарыяльны комплекс загінуўшым яўрэям у г.п. Гарадзея (2004);
  • Мемарыяльны комплекс «Праклён фашызму» на месцы спаленай вёскі Шунёўка Бягомльскага сельсавета Докшыцкага раёна (1983);
  • Мемарыяльны комплекс «Прарыў» каля г.п. Ушачы Ушацкага раёна Віцебскай вобласці;
  • «Салдацкае поле» ў Валгаградзе (1976-80);
  • Мемарыяльны комплекс у г. Ізюм (Харкаўская вобласць, Украіна);
  • помнік салдатам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у г. Бухара (Узбекістан);
  • «Шталаг-342» у г. Маладзечна (1990).

Помнікі

  • помнік К. С. Заслонаву ў Оршы (1964)
  • Помнік «Кацюша» ў Оршы (1965)
  • помнік падпольшчыкам Асінторфа (1967)
  • помнік піянеру-герою Гойшыку ў г. Івацэвічы (1967)
  • помнік Ф. Конанавай у Любані (1967)
  • Помнік беларускім партызанам («Прарыў»)
  • Помнік Янку Купалу ў Мінску (1972; сааўтары архітэктар Ю. Градаў, скульптары А. Анікейчык, А. Заспіцкі, Л. Гумілеўскі)
  • Помнік Якубу Коласу ў Мінску (1972)
  • Помнік воінам-бухарцам у Бухары (1975)
  • Помнік М. Ф. Гастэлу і яго экіпажу ў г.п. Радашковічы (1976)
  • Помнік У. І. Леніну ў Барысаве (1986)
  • Помнік У. І. Леніну ў Нароўлі (1982)
  • памятныя знакі дзеянням Мінскага партыйнага падполля (1980—1984)
  • Помнік князю Давіду ў Давыд-Гарадку (2000)
  • Помнік ахвярам мінскага гета на Юбілейнай плошчы ў Мінску (1998—2000)
  • Мемарыяльны знак ахвярам Мінскага гета каля Кальварыйскіх могілак (2009, скульптары Алена Хараберуш і Леанард Пакульніцкі, пры ўдзеле ў эскізнай распрацоўцы і працоўнай мадэлі помніка Максіма Петруля)

Праекты будынкаў і збудаванняў

Будынак тэатра лялек і кінатэатра «Піянер» (1965; у сааўтарстве з Г. Заборскім), інтэрнат трактарнага завода па вул. А. Кашавага (1966), павільён ВДНГ БССР (1968), будынак гаркама КПБ (1979; цяпер — Міністэрства замежных спраў), станцыі метрапалітэна «Плошча Леніна» (1984) і «Няміга» (1990) у Мінску.

Іншае

Праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтра Мінска (1970—1975), праспекта Машэрава (1980-я), добраўпарадкаванне праспекта Машэрава і набярэжнай р. Свіслач у цэнтры горада (1970—1975), рэканструкцыі цэнтра Давыд-Гарадка (2000). Рэгенерацыя Траецкага прадмесця (Мінск, 1980—1986), праекты рэгенерацыі Верхняга горада, вуліцы Нямігі, Ракаўскага прадмесця.

Аўтар сцэнаграфіі спектакля «Палёты з Анёлам» (2000), Аўтар кнігі «Хатынь», якая атрымала прэмію за наватарства ў вобласці літаратуры, нарысаў пра архітэктуру ў спецыялізаваным і масавым друку.

Узнагароды і прэміі

Заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь (1988). Лаўрэат Прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1967) за стварэнне мемарыяльных збудаванняў, якія ўвекавечваюць подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Прэміі Ленінскага камсамола Валгаграда, Ленінскай прэміі (1970). Узнагароджаны двума Ганаровымі граматамі і Граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, ордэнам «За заслугі перад Федэратыўнай Рэспублікай Германія».

  • Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (2002, у аўтарскім калектыве) — за архітэктурна-манументальны ансамбль забудовы цэнтра г. Давыд-Гарадка з памятным знакам князю Давыду, створаны ў 1998—2000 гадах.
  • Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (2011), за мемарыял «Дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны» ў Красным Беразе (Гомельская вобласць)
  • Медаль Міколы Шчакаціхіна «За братэрскае спрычыненне ў развіцці навукі і культуры Беларусі».
  • Званне «Ганаровы грамадзянін Жлобінскага раёна».

Памяць

  • У Жлобіне адна з вуліц увесну 2015 года была пераназвана ў гонар Леаніда Левіна.
  • У сакавіку 2015 года імя Леаніда Левіна атрымала Гістарычная майстэрня ў Мінску.
  • У 2017 годзе Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын звярнуўся ў Мінгарвыканкам з прапановай даць імя Левіна вуліцы ў Мінску. Гэтая просьба была задаволена ў снежні 2020 года, калі Мінгарсавет прыняў адпаведнае рашэнне (афіцыйна апублікавана ў студзені 2021 года).
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(