RU BE

Лепешаў Іван Якаўлевіч

Лепешаў Іван Якаўлевіч - беларускі навуковец, філолаг

23 кастрычніка 1924г - 12 кастрычніка 2014г

Віцебская вобласць, Дубровенскі раён, Іскозы

Навуковец, Філолаг

Руск. Лепешев Иван Яковлевич

Беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук, прафесар. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны, меў раненні, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За ўзяцце Кёнігсберга» і інш.

Біяграфія

Нарадзіўся І. Я. Лепешаў у вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці 23 кастрычніка 1924 года. У 1940 годзе скончыў 8 класаў, здаў экстэрнам экзамены за 9 класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, вучоба ў якім была перапынена Вялікай Айчыннай вайной. З 1944 года ваяваў на фронце, быў паранены пры вызваленні Кёнігсберга. Пасля сканчэння Аршанскага настаўніцкага інстытута (1948) працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Свіслацкай сярэдняй школе Гродзенскай вобласці.

Беспадстаўна рэпрасаваны, а пасля рэабілітаваны (1963) за адсутнасцю віны, працаваў рознарабочым у лагерах Прыморскага края (1949—1955).

З 1956 года працаваў настаўнікам беларускай і рускай моў і літаратур у школах Шчучынскага раёна. Працуючы ў школе, апублікаваў у выдавецтве «Народная асвета» дзве свае кнігі «Изготовление и использование таблиц по русскому языку» (1966), «Литературно-краеведческий кружок» (1969), якія былі высока ацэнены тагачаснай метадычнай навукай. Завочна скончыў (на выдатна) філфак Гродзенскага педагагічнага інстытута (1959) і аспірантуру ў Мінскім педінстытуце (1971). У 1973 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Проблемы фразеологической стилистики и фразеологической нормы в современном белорусском литературном языке». Узнагароджаны знакам «Выдатнік народнай асветы».

З 1971 года працаваў у Гродзенскім педінстытуце (пасля ўніверсітэце) спачатку выкладчыкам, затым дацэнтам (1973), прафесарам (1986).

Памёр 12 кастрычніка 2014 года. Пахаваны на гродзенскіх могілках «Аульс» у сектары 1Б.

Навуковая дзейнасць

Кола навуковых інтарэсаў вучонага была шырокае. Найперш — даследаванні ў сферы фразеалогіі, якой аўтар прысвяціў больш як 10 кніг. Сярод іх самай значнай можна лічыць манаграфію-дапаможнік «Фразеалогія сучаснай беларускай мовы» (1998), якая з'яўляецца вынікам шматгадовых тэарэтычных напрацовак даследчыка. Па глыбіні вырашэння шматлікіх, часта спрэчных пытанняў у сферы фразеалогіі яна самая грунтоўная ў славянскай фразеалагічнай навуцы. Шмат увагі Іван Лепешаў надаваў даследаванню іншых моўных з'яў, займаўся праблемамі парэміялогіі, лексікалогіі, граматыкі, культуры мовы, стылістыкі, мовы мастацкай літаратуры і інш.

Аўтар 520 навуковых, навукова-метадычных публікацый, працы «Литературно-краеведческий кружок», больш як 40 кніг («Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў», «Лінгвістычны аналіз тэксту», «У пошуках ісціны», «Надзённае», суаўтар «Практыкума па беларускай мове» ды інш.).

Бібліяграфія

  • Фразеалогія ў творах К.Крапівы : cтыліст. выкарыстанне фразеалагізмаў / рэд. Ф. М. Янкоўскі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1976. — 152 с.
  • Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора: для выкладчыкаў беларус. мовы і літ.. — Мінск: Нар. асвета, 1981. — 157 с.
  • Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. — Мінск: Народная асвета, 1981. — Т. 1. — 160 с.
  • Проблемы фразеологической стилистики и фразеологической нормы в современном белорусском литературном языке: автореф. дис.... д-ра филол. наук. — Минск: Ин-т языкознания им. Я. Коласа АН БССР, 1984. — 37 с.
  • Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы. — Мінск: Навука і тэхніка, 1984. — 262 с.
  • Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы / рэд. Іван Саламевіч. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — Т. 1. — 590 с. — ISBN 5-85700-125-0.
  • Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы / рэд. Іван Саламевіч. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. — Т. 2. — 607 с. — ISBN 5-85700-132-3.
  • Іван Лепешаў, Марыя Якалцэвіч. Слоўнік беларускіх прыказак / рэд. Іван Сіпакоў. — Мінск: БелЭн імя П.Броўкі, 1996. — 352 с. — ISBN 985-11-0046-3.
  • Фразеалогія сучаснай беларускай мовы: вучэб. дапам. для студэнтаў філал. фак. ВНУ. — Мінск: Выш. шк., 1998. — 270 с.
  • Іван Лепешаў, Марыя Якалцэвіч. Практыкум па лексікалогіі і фразеалогіі: дапам. для студэнтаў філал. спецыяльнасцей ВНУ. — Гродна: ГрДУ, 2001. — 191 с.
  • І.Я. Лепешаў, М.А. Якалцэвіч. Слоўнік беларускіх прыказак. — Мінск: Беларус. навука, 2002. — 509 с.
  • Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў. — Мінск: БелЭн, 2004. — 443 с.
  • Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства / рэд. Наталля Дудко. — Гродна: ГрДУ, 2006. — 279 с. — ISBN 985-417-808-0.
  • Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — Т. 1. — 669 с. — ISBN 978-985-11-0403-7.
  • Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2008. — Т. 2. — 702 с. — ISBN 978-985-11-0405-1.
  • Лінгвістычны аналіз тэксту. — Мінск: Вышэйшая школа, 2009. — 287 с. — ISBN 978-985-06-1534-3.
  • Іван Лепешаў, Марыя Якалцэвіч. Тлумачальны слоўнік прыказак / Марына Вахмяніна. — 2-ое выд.. — Гродна: ГрДУ, 2011. — 695 с. — ISBN 978-985-515-446-5.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(