RU BE

Лупіновіч Іван Сцяпанавіч

Лупіновіч Іван Сцяпанавіч - беларускі аграхімік, глебазнавец, навуковец

11 чэрвеня 1900г - 9 кастрычніка 1968г

Мінская вобласць, Пухавіцкі раён, Шацк

Аграхімік, Глебазнавец, Навуковец

Руск. Лупинович Иван Степанович

Беларускі вучоны ў галіне глебазнаўства і аграхіміі, першы і адзіны прэзідэнт Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, заснавальнік Беларускага геаграфічнага таварыства. Акадэмік АН БССР (1947), акадэмік Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР (1957—1961), доктар сельскагаспадарчых навук (1944), прафесар (1953). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1951). Выконваючы абавязкі Прэзідэнта Акадэміі навук БССР (1951—1952).

Біяграфія

У 1914 г. паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, а ў 1918 г. — у Мінскае політэхнічнае вучылішча. Пасля заканчэння вучылішча І. C. Лупіновіч паступае на глебава-агранамічнае аддзяленне Беларускага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі. Яшчэ студэнтам працуе малодшым навуковым супрацоўнікам кафедры глебазнаўства, бярэ ўдзел у экспедыцыях пад кіраўніцтвам прафесара В. Г. Касаткіна па вывучэнні глебаў Беларусі. У гэты час з'явіўся яго першы навуковы артыкул «Умовы здабычы вапны і яе значэнне для вапнавання глебаў БССР».

Пасля заканчэння інстытута І. С. Лупіновіч працуе некаторы час аграхімікам Беларускай доследнай агранамічнай станцыі, а ў 1926 г. запрошаны працаваць у Маскоўскі глебавы інстытут. З 1930 г. да 1934 г. ён узначальвае глебавую экспедыцыю Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута ўгнаенняў і аграглебазнаўства, адначасова выкладае глебазнаўства ў Маскоўскім гідрамеліярацыйным інстытуце. У гэты перыяд з'яўляюцца навуковыя працы І. C. Лупіновіча, прысвечаныя пытанням распаўсюджвання і ўгнаення глебаў Вяцкай губерні і Заходняй вобласці.

У 1934 г. І. С. Лупіновіч быў абраны на пасаду загадчыка кафедры агульнага земляробства БСГА. У 1935 г. зацвярджаецца ў вучоным званні выконваючага абавязкі прафесара, яму прысуджана навуковая ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук. І. С. Лупіновіч паспяхова спалучае педагагічную працу з навукова-даследчай. Кафедра, якой ён кіраваў, праводзіла шырокія даследаванні пытанняў акультурвання дзярнова-падзолістых глебаў. 3акладаліся вопыты па эфектыўнасці ўнясення ўгнаенняў пад розныя культуры, па распрацоўцы новых агратэхнічных прыёмаў вырошчвання сельскагаспадарчых культур. У навуковую працу ўключыліся не толькі супрацоўнікі, але і студэнты кафедраў земляробства, аграхіміі, глебазнаўства, раслінаводства.

У 1938 г. І. С. Лупіновіч запрошаны на працу ў Савет па вывучэнні вытворчых сіл АН СССР у Маскву, працуе спачатку кіраўніком групы па прыродна-гістарычным раянаванні СССР, а з 1939 г. — і вучоным сакратаром Савета. Пад яго кіраўніцтвам праводзяцца экспедыцыйныя даследаванні Сярэдняй Азіі, Паволжа, Прыкам'я, Кабардзінскай і Дагестанскай АССР і іншых раёнаў краіны з мэтай іх прыродна-гістарычнага раянавання, вывучэння прыродных рэсурсаў і зямельнага фонду.

Асабліва вялікае значэнне ў час Вялікай Айчыннай вайны мела праца І. C. Лупіновіча ў складзе Камісіі АН СССР па мабілізацыі для абароны краіны рэсурсаў і, у першую чаргу, па арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ў Сярэдняй Азіі і Паволжы. За гэты час напісаў 12 навуковых прац, а ў 1943 г. паспяхова абараніў у Казанскім дзяржаўным універсітэце дысертацыю на званне доктара сельскагаспадарчых навук на тэму: «Прыродна-гістарычнае раянаванне СССР».

У першыя пасляваенныя гады (1945—1947 гг.) з'яўляўся вучоным сакратаром Савета па вывучэнні вытворчых сіл Акадэміі навук СССР і начальнікам Арала-Каспійскай комплекснай экспедыцыі. У 1947 г. АН СССР выпусціла фундаментальную працу І. С. Лупіновіча «Прыродна-гістарычнае раянаванне СССР» (суаўтар—С. Г. Струмілін, навуковы рэдактар—Д. Г. Віленскі).

У 1947 г. пачынаецца апошні — беларускі — перыяд жыцця і творчасці І. С. Лупіновіча. У гэтым годзе ён быў абраны акадэмікам і віцэ-прэзідэнтам АН БССР і пераехаў жыць у Мінск. У Навукова-даследчым інстытуце меліярацыі і воднай гаспадаркі АН БССР І. С. Лупіновіч арганізаваў навуковую лабараторыю фізікі і біяхіміі тарфяна-балотных глебаў і пачаў праводзіць глыбокія даследаванні па гэтай праграме. Вынікам даследаванняў стала манаграфія «Тарфяна-балотныя глебы БССР і іх урадлівасць» (1952 г., суаўтар — Т. Ф. Голуб). Гэта была фактычна першая манаграфічная зводка, якая абагульніла і развіла дасягненні глебазнаўства ў дачыненні да тарфяна-балотных глебаў. На вялікім фактычным матэрыяле паказана роля прыродных прычын у фарміраванні балот і змяненнях тарфяных глебаў пры асушэнні. У выніку даследаванняў зроблена выснова, што пад уздзеяннем гаспадарання ўрадлівасць тарфяна-балотных гле6аў можа не толькі не памяншацца, а нават пэўны час павялічвацца.

У 1950 г. І. С. Лупіновіч выбраны загадчыкам кафедры глебазнаўства Белдзяржуніверсітэта. Гэтую пасаду ён займаў да 1968 г. Тут ён чытаў лекцыі па глебазнаўстве, асновах аграноміі, фізіка-геаграфічным раянаванні, асновах меліярацыі і інш.

У 1951—1952 гг. І. С. Лупіновіч выконваў абавязкі прэзідэнта АН БССР.

З утварэннем у 1957 Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР І. С. Лупіновіч абраны яе прэзідэнтам. За час работы на гэтай пасадзе (да 1961 г.) ім створаны фактычна новы цэнтр сельскагаспадарчай навукі Беларусі.

У 1961 г. І. С. Лупіновіч канчаткова пераходзіць працаваць загадчыкам кафедры глебазнаўства ў БДУ, адначасова з'яўляючыся навуковым кансультантам Лабараторыі фізікі і біяхіміі забалочаных і тарфяна-балотных глебаў Беларускага НДІ глебазнаўства. У 1962 г. пры кафедры глебазнаўства БДУ ім створана навукова-даследчая лабараторыя глебавай біяхіміі. Тут упершыню пачалі вывучацца пытанні мікраэлементнага складу глебаў, парод, вод, расліннасці Беларусі. Па гэтых праблемах пад кіраўніцтвам І. С. Лупіновіча падрыхтаваны дзве доктарскія і больш за 10 кандыдацкіх дысертацый, напісана манаграфія і складзены дзясяткі карт Беларусі. Такім чынам, ім была створана беларуская школа глебазнаўцаў-біяхімікаў з цэнтрам у БДУ.

Навуковы і практычны ўклад

Работы ў галіне глебазнаўства і земляробства. Распрацаваў методыку комплекснага прыродна-гістарычнага раянавання тэрыторыі СССР для сельскагаспадарчага выкарыстання і склаў карты. Вывучаў генезіс, фізіка-гістарычныя і біялагічныя ўласцівасці забалочаных і тарфяна-балотных глебаў і шляхоў павышэння іх урадлівасці; даследаваў агра-і біяхімічныя ўласцівасці глеб, глебавае харчаванне раслін.

Заснавальнік і першы старшыня Навуковай рады Беларускага геаграфічнага таварыства (1954—1957). Садзейнічаў пашырэнню і папулярызацыі геаграфічных ведаў пра БССР, пры яго непасрэдным удзеле быў адкрыты першы абласны аддзел Таварыства — ў Магілёве (1959).

Апублікаваў звыш 120 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфіі. Падрыхтаваў 7 дактароў навук і больш за 50 кандыдатаў навук.

Узнагароды і ўшанаванне

Узнагароджаны ордэнам Леніна (1951), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1960), Чырвонай Зоркі (1945), «Знак Пашаны», медалямі. Яго імем названа Беларуская сельскагаспадарчая бібліятэка, якая зараз уваходзіць у склад НАН Беларусі.

Асноўныя працы

  • Естественноисторическое районирование СССР. М.-Л., 1947 г. (сумесна з С. Г. Струміліным)
  • Тарфяна-балотныя глебы БССР і іх урадлівасць. Мн., 1952 (сумевсна з Т. Ф. Голуб)
  • Преобразование природы Полесской низины. М., 1953 (сумесна з С. Г. Скарапанавым, З. М. Дзянісавым)
  • Торфяно-болотные почвы БССР и их плодородие. 2 изд. Мн., 1958 (сумесна з Т. Ф. Голуб)
  • Па Беларускім Палессі: геаграфічныя нарысы. Мн., 1958 (сумесна з А. Х. Шклярам)
  • Змяненне фізіка-хімічных уласцівасцей тарфяна-балотных глебаў пад уздзеяннем меліярацыі і сельскагаспадарчага выкарыстання. Мн., 1969
  • Микроэлементы в почвах БССР и эффективность микроудобрений. Мн., 1970 (сумесна з Г. П. Дубікоўскім)
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(