RU BE

Лявон Вольскі

Лявон Вольскі - беларускі гітарыст, музыка, паэт, празаік, мастак

14 верасня 1965г

Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск

Гітарыст, Музыка, Паэт, Празаік, Мастак

Руск. Лявон Вольский

Сапраўднае імя Леанід Артуравіч Зэйдэль-Вольскі. Беларускі музыкант, літаратар, мастак, вядучы. Заснавальнік «Мроі», N.R.M. і «Крамбамбулі». Таксама граў і спяваў у гуртах «Новае Неба» і «Zet».

З’яўляецца сынам беларускага пісьменніка Артура Вольскага і рускай паэтэсы Святланы Яўсеевай. Унук пісьменніка Віталя Вольскага-Зэйдэля.

Біяграфія

Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1984), у час навучання быў адным з заснавальнікаў гурта «Мроя» (1982). Удзельнічаў у маладзёжным грамадскім аб’яднанні «Беларуская Майстроўня» (1979—1984).

У 1994, пасля некаторых змен у складзе, ініцыяваў пераўтварэнне «Мроі» ў гурт «N.R.M.» («Незалежная Рэспубліка Мроя»), у якім па-ранейшаму выступаў як асноўны аўтар музыкі і тэкстаў песень. У 1990—1998 таксама выступаў як выканавец на клавішных у гурце «Новае Неба». У 2001 быў ініцыятарам стварэння гурта «ZET». У канцы 2004 у складзе гурта «Крамбамбуля» выступаў на плошчы Незалежнасці ў Кіеве. Працаваў вядучым аўтарскай праграмы «Квадракола» на радыёстанцыях «Беларуская маладзежная» і «101,2».

У 1997 напісаў музыку і аранжыроўкі большасці кампазіцый для сумеснага музычнага праекту «Народны альбом», удзельнічаў у падрыхтоўцы, запісе і паказе сумесных музычных праектаў «Сьвяты вечар 2000» і «Я нарадзіўся тут» (2001). На працягу 2002—2007 распрацаваў і напісаў вялікую частку песень для праграм «Крамбамбуля», «Крамбамбуля 11/2: Каралі раёну», «Крамбамбуля 0,33 FM», «„Крамбамбуля“ сьвяточная». Сярод найболей вядомых песень Лявона Вольскага: «Песьні пра каханьне», «Тры чарапахі», «Партызанская», «Паветраны шар», «Лёгкія-лёгкія», «Я нарадзіўся тут», «Абсэнт», «Госьці».

Сумесныя праекты з удзелам Лявона Вольскага — «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут» — сталі ў Беларусі культавымі.

Выступае ў друку як паэт, празаік, журналіст. Аўтар зборнікаў паэзіі «Калідор» (1993), «Фотаальбом» (1998).

У складзе розных калектываў быў на гастролях у Польшчы, Украіне, Францыі, Даніі. Удзельнік, у складзе розных калектываў, фестываляў: «Рок-крок 1987, 1988», «Наваполацк 1988», «Рок-дыялог» (Магілёў, 1988, 1989), «Днепродержинск 1989», «Тры колеры» (Мінск, 1990), «Басовішча» (неаднаразова — Гродэк, Польшча), «Belfort-Fimu» (Бельфор, Францыя, 1993), «Фестываль народных меншасцей» (Гдыня, Польшча, 1993), «Rock-mafia» (Сопат, Польшча), «Roskilde» (Данія, 1993) і інш.

30 снежня 2009 года выйшаў дыск «Такога няма нідзе», усе песні якога сачыніў Вольскі і запісаў іх з шэрагам музыкаў (Русяй, Алегам Хаменкам, Уладзімірам Пугачам ды іншымі).

Альбом «Гравітацыя», прэзентаваны ў Мінску 2 сакавіка 2019 года, завяршыў трылогію, пачатую дыскамі «Грамадазнаўства» (2014) і «Псіхасаматыка» (2016). «Гравітацыя» храналагічна распавядае пра ўсе асноўныя стадыі жыцця чалавека: ад нараджэння да смерці. Рэжысёрамі кліпаў на песні з яго сталі Арцём Лобач («Лепшыя на свеце», «Зьніклыя людзі») ды Елізавета Ганчарова («Човен»). Як і папярэднія альбомы, ён быў запісаны ў Вільні. Сродкі на запіс і выпуск збіраліся праз краўдфандынг.

На Новы 2019 год сыграў у музычным шоу «Нас у Маскве не зразумеюць» Тузін Гітоў, «Belsat Music Live» ды Лявона Вольскага.

Прызнанне

Прызёр глядацкіх сімпатый на фестывале «Рок-крок 1988»; лаўрэат фестывалю «Наваполацк 1988»; Гран-пры, прыз у намінацыі «Лепшы клавішнік» на фестывале «Тры колеры 1990»; «Рок-кароны» ў намінацыях «Песня году» («Партызанская») — 1996, «Альбом году» («Народныя альбом») — 1997, «Рок-карона 1997», «Праект году» («Сьвяты вечар 2000») — 1999, «Песня году» («Паветраны шар») — 1999, «Музыка году», «Падзея году» (праект «Я нарадзіўся тут»), «Лепшыя тэксты», «Песня году» («Тры чарапахі»), «Альбом году» («Тры чарапахі»), «Рок-карона» — усё 2000, «Выканаўца году» на «Рок-каранацыі 2004—2005», лаўрэат прэміі FreeMuse Award-2016 і USMA-2019 у намінацыі «Лепшыя тэксты песень».

Узнагароджаны медалём 100 гадоў БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Літаратурныя творы

  • Калідор: зборнік паэзіі — Наваполацак, 1993,
  • Фотаальбом: зборнік паэзіі — Мінск, 1998.
  • Міларусь : апавяданні, аповесць / Лявон Вольскі. — Мінск, 2011. (Форма імя: Вольскі Лявон Артуравіч.)
  • Народны альбом : п’еса / Міхаіл Анемпадыстаў, Лявон Вольскі. — Мінск, 2008.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(