RU BE

Гарэцкі Максім Іванавіч

Гарэцкі Максім Іванавіч - беларускі літаратуразнавец, пісьменнік, фалькларыст

6 лютага 1893г - 10 лютага 1938г

Магілёўская вобласць, Мсціслаўскі раён, Багацькаўка

Літаратуразнавец, Пісьменнік, Фалькларыст

Руск. Горецкий Максим Иванович

Беларускі пісьменнік, дзеяч беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, літаратуразнаўца, лексікограф, фалькларыст. Адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры і фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці.

Аўтар аповесці «Дзве душы», дакументальна-мастацкіх запісак «На імперыялістычнай вайне», раманаў «Віленскія камунары» і «Камароўская хроніка». Напісаў першую «Гісторыю беларускае літаратуры», аўтар літаратурна-крытычнай працы «„Маладняк“ за пяць гадоў. 1923—1928», «Хрэстаматыі беларускае літаратуры. XI век — 1905 г.», «Руска-беларускага слоўніка» (з Гаўрылам Гарэцкім), «Беларуска-расійскага слоўнічка», «Практычнага маскоўска-беларускага слоўніка» (з Міколам Байковым).

Карыстаўся літаратурнымі псеўданімамі Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і іншымі; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума.

Творчасць

Літаратурная творчасць Гарэцкага пачалася з невялічкіх твораў, нататак, фельетонаў, якія друкаваліся на старонках «Нашай Нівы». Падпісваўся тады Гарэцкі такімі псеўданімамі: М. Б., Беларус, М. Беларус, Максім Беларус. Першая такая нататка з’явілася ў «Нашай Ніве» 26 верасня 1912 года. Першыя фельетоны выявілі талент Гарэцкага як сатырыка, аднак, у сваёй далейшай творчасці ён рэдка вяртаўся да гэтага.

Першае апавяданне Гарэцкага «У лазні» было змешчанае ў «Нашай Ніве» 25 студзеня 1913 года пад псеўданімам Максім Беларус, напісанае было 31 снежня 1912 года. Пасля гэтага пачалі з’яўляцца новыя мастацкія творы: апавяданні «Стогны душы», «Роднае карэнне», «У панскім лесе», драматычны абразок «Атрута». Усё гэта было апублікавана на працягу 1913 года ўсё ў той жа «Нашай Ніве» пад псеўданімамі Максім Беларус і М. Г. Сваім сапраўдным прозвішчам Гарэцкі падпісаўся толькі ў 1914 годзе, калі Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні была выдадзеная кніга «Рунь». Гарэцкі востра адчуваў патрэбы літаратурнага развіцця беларусаў, аб чым сведчаць яго артыкулы «Наш тэатр» і «Развагі і думкі», апублікаваныя ў 1913—1914 гадах. У іх аўтар выявіў сябе як тэарэтык, публіцыст, зацікаўлены праблемамі развіцця нацыянальнай культуры, мовы, тэатру.

22 лютага 1914 года была завершаная кніга Гарэцкага «Антон». Надрукаваная яна была толькі ў 1918 годзе ў віленскай газеце «Гоман». У 1919 годзе выйшла асобнае выданне. Твор мае падзагаловак «Абразы жыцця» і складаецца з 15 асобных абразкоў. Франтавыя ўражанні і назіранні 1916—1917 гадоў пісьменнік акуратна заносіў у дзённік, матэрыялы якога ён пазней выкарыстаў для напісання дакументальна-мастацкай аповесці «На імперыялістычнай вайне». Пасля 1917 года шмат піша на тэму рэвалюцыі. У 1918—1919 гадах у палемічных допісах рэзка крытыкуе «буржуазных беларускіх дзеячоў», услаўляе бальшавізм; адначасова, крытыкуе «новую (камуністычную) буржуазію», кладзе выразны націск на неглыбокую далучанасць «буржуазных дзеячоў» да нацыянальнага руху.

У 1918 годзе Максім разам з братам Гаўрылам працаваў над «Руска-беларускім слоўнікам», які быў выдадзены ў Смаленску ў 1918 годзе, а ў 1921 годзе ў Вільні. Гэта быў першы беларускі слоўнік такога тыпу, надрукаваны пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, і першы вопыт самога пісьменніка ў галіне лексікаграфіі. Аўтарству Гарэцкага належыць «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік», выдадзены ў Вільні ў 1919 годзе, які меў тры выданні, апошняе пад назвай «Беларуска-расійскі слоўнічак» выйшла ў Савецкай Беларусі ў 1925 годзе. На год раней у Менску з’явіўся складзены Гарэцкім разам з Міколам Байковым «Практычны расійска-беларускі слоўнік», які ахоплівае каля 20000 словаў.

На працягу 1919—1923 гадоў ён напісаў больш за 20 твораў: апавяданні, аповесць «Дзве душы», крытычныя артыкулы. Звяртаўся да жыцця беларускіх перасяленцаў у Сібіры («Сібірскія абразкі», апавяданні «Хадзяка», «Моцнае каханне», «Хоцімка» і інш.). У групе апавяданняў, створаных у 1921—1922 гадах, Гарэцкі наблізіўся да асэнсавання вобразу інтэлігента як усвядомленага суб’екта ў гістарычным быцці свайго народа. Здарылася гэта пад уплывам вайны, якая ў 1914 годзе абрынулася на беларускія землі, рэвалюцыяў 1917 года, абвастрэнняў нацыянальнай барацьбы ў краі.

У 1926 годзе ў Менску быў выдадзены зборнік апавяданняў «Досвіткі». У гэты час Гарэцкі прымаў удзел у розных дыскусіях, выступаў з навуковымі дакладамі па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, друкаваў артыкулы пра творчасць многіх савецкіх пісьменнікаў, рабіў фальклорныя запісы. У 1928 годзе выйшаў зборнік «Народныя песні з мелодыямі», падрыхтаваны Гарэцкім у суаўтарстве з кампазітарам Ягоравым. Там змешчана 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці. У канцы 20-х гадоў пісьменнік займаўся таксама перакладамі мастацкай прозы: «Разгром» Фадзеева, апавяданні Горкага «Канавалаў», «Чалкаш». Пераклады былі падпісаныя псеўданімам А. Мсціслаўскі, але іх прыналежнасць Гарэцкаму не выклікае сумнення. У 1928 годзе Гарэцкі падрыхтаваў да выдання вялікую кнігу сваіх выбраных твораў, нанова адрэдагаваўшы некаторыя з іх. Гэтая кніга не была надрукаваная.

Гарэцкі звяртаўся да праблемы ўзаемаадносін інтэлігента і народа, да ролі і місіі інтэлігенцыі ў нацыянальным развіцці (аповесць «Меланхолія», апавяданні «Фантазія» і інш.). Расцэньваў ролю беларускага літаратара як надзвычай адказную і патрабавальную да грамадзянскай і нацыянальнай свядомасці. Выступаў супраць правінцыйнай замкнёнасці маладой беларускай літаратуры.

Ушанаванне памяці

У 1993 годзе ў роднай вёсцы да 100-годдзя з дня народзінаў пісьменніка, што адзначалася таксама ў рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, адкрылі Літаратурны музей Максіма Гарэцкага. У 1993 годзе да стагоддзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага беларуская пошта выпусціла ў абарачэнне паштовую марку. З 1997 года дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх. Яго імя носяць бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе і Горках. У Мінску і Вязьме пастаўлены помнікі. З 1992 года рэгулярна ладзяцца Гарэцкія чытанні. У 2007 годзе была адкрытая памятная дошка на будынку Віленскай беларускай гімназіі. 24 мая 2013 года ў Кіраве (Расія) на будынку былой Пясочанскай сярэдняй школы № 1 (цяпер у будынку размяшчаецца школа-інтэрнат для дзяцей з праблемамі слыху) адкрыта памятная дошка. Таксама памятная дошка ўсталяваная ў Горках на вучэбным корпусе № 4. У гэтым корпусе працуе музей-кабінет Максіма Гарэцкага, а таксама яго імем названа вучэбная аўдыторыя. З 2015 года рэктарат акадэміі ўручае імянную стыпендыю імені Максіма Гарэцкага замежнаму студэнту за поспехі ў вывучэнні мовы. Заір Азгур стварыў скульптурны партрэт Максіма Гарэцкага. У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926—1928 гадах жыў Максім Гарэцкі, на доме была ўсталяваная памятная дошка.

У 2013 годзе кінастудыя Беларусьфільм прэзентавала кароткаметражны фільм «Рускі» рэжысёра Віктара Аслюка паводле аднайменнай аповесці Максіма Гарэцкага. У красавіку 2016 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Дзве душы» паводле аповесці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, аўтарамі інсцэніроўкі аповесці з’яўляюцца Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка.

Спампаваць ці купіць кнігі

Віленскія камунары
Спампаваць: fb2
Дзве душы. У чым яго крыўда?
Досвiткi
Спампаваць: fb2
На империалистической войне
Спампаваць: fb2
Родные корни
У чым яго крыўда?
Спампаваць: fb2
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(