7 ліпеня 1887г - 28 сакавіка 1985г
Віцебская вобласць, Лёзненскі раён, Лёзна
Графік, Жывапісец, Паэт, Мастак
Руск. Шагал Марк Захарович
Беларускі і французскі мастак. Бацька — Захар Мордухавіч. Дзед — Мордух Сегал, з невядомых прычын змяніў прозвішча на Шагал. Прадзедам Марка Шагала быў вядомы мастак Хаім Сегал, які распісваў сінагогі. Пры нараджэнні будучага мастака назвалі Маісеем, імя на Марка ён змяніў, калі пераехаў у Санкт-Пецярбург.
Пачатковую адукацыю атрымаў традыцыйную яўрэйскую — па Торы, Талмуду, з вывучэннем старажытнаяўрэйскай мовы. Увосені 1900 года паступіў у гарадское чатырохкласнае вучылішча з рамесным ухілам, дзе дасягнуў поспехаў толькі ў маляванні і геаметрыі. У сям’і Шагалаў маляванне ў адпаведнасці з догмамі іўдаізму лічылася грэшным заняткам. Тым не менш, маці згадзілася з жаданнем сына і сама прывяла яго ў школу-майстэрню Іегуды Пэна, дзе ён правучыўся два месяцы. У 1907 годзе Марк Шагал накіраваўся працягваць мастацкую адукацыю ў Санкт-Пецярбург. Вучыўся ў рысавальнай школе пры Таварыстве заахвочвання мастацтваў, у прыватнай школе А. Званцавай.
У 1910 годзе Марк Шагал паехаў у Парыж, дзе наведваў даступныя ўсім жадаючым, так званыя «свабодныя Акадэміi» — знакамітую Гранд Шам’ер на Манпарнасе i Ла Палет. Але галоўнай яго акадэміяй сталі Луўр з палотнамі старых мастакоў, мастацкія салоны i крамы Парыжу, у якіх можна было ўбачыць палотны імпрэсіяністаў, постімпрэсіяністаў i авангарда 1900-х гадоў. У 1912 годзе Марк Шагал упершыню прыняў удзел у Асеннім Салоне.
Летам 1914 года ён вярнуўся ў Віцебск. У верасні 1918 года з рэкамендацыі Анатоля Луначарскага прызначаны паўнамоцным прадстаўніком па справах мастацтваў Віцебскай губерні, кіраваў мастацкім афармленнем Віцебска ў гонар першай гадавіны Кастрычніцкага перавароту. Стварыў Віцебскую народную мастацкую школу і ўзначальваў яе некаторы час. З 1919 года кіраваў «Вольнай майстэрняй жывапісу», дапамагаў у стварэнні Віцебскага музея сучаснага мастацтва. У чэрвені 1920 года Марк Шагал пераехаў у Маскву, афармляў спектаклі i глядзельную залу Камернага яўрэйскага тэатра, выкладаў у працоўнай калоніі для беспрытульнікаў «III Інтэрнацыянал» пад Масквой.
У 1922 годзе Марк Шагал з сям’ёй пераехаў у Берлін, дзе яшчэ ў 1914 годзе адбылася яго выстаўка і засталіся работы, а ў 1923 годзе пераехаў у Парыж. З гэтага часу сталіца Францыі стала для яго ўжо больш чым «другі Віцебск». Мастак шмат працаваў, падарожнічаў па Францыі і за яе межамі. У 1930-я гады адбыліся яго першыя рэтраспектыўныя выстаўкі. Мастак быў узнагароджаны першымі прэміямі. Тым не менш у 1937 годзе, у пісьме з нагоды смерці Іегуды Пэна (было апублікаванае ў менскіх газетах «Акцябр» і «Звязда»), Марк Шагал сцвярджаў: «хоць я і жыву ў Парыжы ўжо з 1910 года з невялікімі перапынкамі, я ўсё ж душэўна застаўся адданы маёй радзіме, што паказаў як мог у сваім мастацтве».
У 1940 годзе Музей сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку запрасіў Шагала ў Амерыку, і ў чэрвені 1941 года разам з сям’ёй і сваімі работамі ён адплыў у Нью-Ёрк, дзе ў 1943 годзе сустрэўся з членамі Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта Саламонам Міхоэлсам і І. Феферам, якія прыехалі з Масквы ў Амерыку, і перадаў з імі на радзіму «Письмо моему родному Витебску».
У 1947 годзе Марк Шагал упершыню пасля вайны прыехаў у Парыж у сувязі з адкрыццём сваёй рэтраспектыўнай выстаўкі, арганізаванай Музеем сучаснага мастацтва, а ў 1948 годзе вярнуўся ў Францыю назаўсёды. Менавіта ў гэты перыяд яго творчасць набыла сусветную вядомасць. Адна за другой адбываюцца выстаўкі жывапісу, графікі, скульптуры мастака. Ён удастойваецца ганаровых званняў i ўзнагарод, сярод якіх — вышэйшая ўзнагарода Францыі Вялікі крыж Ганаровага Легіёна. На працягу 1950—1970-х гадах ён выканаў мноства вітражоў i керамічных пано для вядомых сабораў Францыі.
У 1973 годзе ў Ніцы адкрыўся Нацыянальны музей «Біблейскае пасланне Марка Шагала». У гэтым жа годзе Марк Шагал прыязджаў у Маскву i Ленінград і перадаў у дар Дзяржаўнаму музею выяўленчага мастацтва імя А. С. Пушкіна 75 сваіх літаграфій, даў інтэрв’ю «Литературной газете», аднак у родны Віцебск патрапіць не здолеў. У 1997 годзе на радзіме мастака, у Віцебску, быў адкрыты мемарыяльны Дом-музей Марка Шагала. Нашчадкі мастака перадалі ў дар музею калекцыю яго графічных работ. Пачынаючы з 1991 года, у Віцебску штогод праходзяць Міжнародныя Шагалаўскія чытанні, адкрыты помнік Марку Шагалу работы віцебскага мастака А. Гвоздзікава.
На працягу творчасці Марк Шагал звяртаўся да розных відаў выяўленчага і прыкладнога мастацтва, але ўсё ж перавагу аддаваў жывапісу. У яго жывапісе знайшлі сваё ўвасабленне нацыянальныя звычаі, роднасныя сувязі, віцебскія краявіды. На палотнах Марка Шагала жывуць рамеснікі і гандляры, мяснікі і рабіны, местачковыя скрыпачы і блазны, а таксама сяляне, жывёлы, цэрквы і дамы Віцебска, і, перш-наперш, бацькоўскі дом («Віцебск», «Стары Віцебск», «Сіні дом у Віцебску», «Анёл над Віцебскам», «Я і мая вёска»). Шмат работ мастака прысвечана тэмам прыроды і кахання («Над горадам», «Бэла і Іда», «Бэла ў белым каўнерыку», «Шпацыр», «Блакітныя закаханыя», «Ружовыя закаханыя», «Зялёныя закаханыя», «La Mariée»).
Не абыдзена ў творчасці мастака і біблейская тэма («Белае распяцце», «Падзенне анёла», 17 палотнаў пад агульнай назвай «Біблейскае пасланне»). Творы Марка Шагала вылучаюцца жывапісным тэмпераментам, эмацыянальнасцю, пластычнай выразнасцю, сакавітым колерам і мяккім лірызмам. Свае сюжэты мастак трактуе ў гратэскна-сімвалічным і іранічна-фантастычным духу. З жывапісам шчыльна звязаная і графіка мастака. Асноўныя тэмы яго графічных работ — адвечныя моманты чалавечага і прыроднага існавання («Адам і Ева», «Мацярынства», «Каін і Авель»), родны горад (серыя літаграфій «Успаміны аб Віцебску»), тэатр і цырк. Вялікую частку графічных работ мастака складаюць ілюстрацыі да «Мёртвых душ» М. Гогаля, «Баек» Ж. Лафантэна, казак «Тысяча і адна ноч» і іншых выданняў.
Марк Шагал таксама добра вядомы як скульптар, керамік, майстар мазаік і габеленаў, але больш за ўсё як майстар вітража. Свае вітражныя работы ён ствараў не толькі для французскіх сабораў, але і для храмаў Рэймса, Цюрыха, Майнца, будынкаў ААН у Нью-Ёрку, сінагогі Медыцынскага цэнтра «Хадаса Эйн Керэм» у Іерусаліме, гатычнага сабора ў Мецы.
Марк Шагал пакінуў значную літаратурную спадчыну — дзённікі, лісты і вершы.
У 2016 годзе ў Віцебску з’явілася вуліца Шагала, яшчэ раней — праезд Шагала. У чэрвені 2017 плошча Марка Шагала з’явілася ў Іерусаліме.
8 лютага 2012 года на лонданскім аўкцыёне «Christie’s» за 650 000 долараў «Белгазпрамбанкам» у рамках карпаратыўнай праграмы «Мастакі Парыжскай школы — выхадцы Беларусі» была выкуплена карціна «Закаханыя» (1981). Карціна стала першай жывапіснай працай на Радзіме мастака, да гэтага творчасць Марка Шагала ў Беларусі была прадстаўлена толькі некалькімі літаграфіямі ў Віцебску. Пазней карпаратыўную калекцыю папоўнілі іншыя творы Шагала.