8 чэрвеня 1896г - 1947г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Графік, Жывапісец, Мастак, Этнограф
Руск. Филиппович Михаил Матвеевич
Беларускі жывапісец, графік, этнограф, педагог. Адзін з першых беларускіх мастакоў, хто звярнуўся да нацыянальнай тэматыкі.
Нарадзіўся 8 чэрвеня (27 мая паводле старога стылю) 1896 года ў Мінску ў сям’і служачага чыгункі, паводле паходжання селяніна Барысаўскага павета, адстаўнога унтэр-афіцэра Мацвея Касмавіча Філіповіча і яго жонкі Алены Фадзееўны. Бацькі памерлі, калі Міхасю было чатыры гады. Спачатку з братам і сёстрамі ён жыў у старэйшай замужняй сястры, затым выхоўваўся ў сям’і дзядзькі, каваля Фадзея Фадзеевіча Гурскага, які жыў на Маркаўскім завулку ў Мінску. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе.
У 1910—1917 гадах вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы ў К. Я. Ермакова, Дзмітрыя Полазава. У пачатку Першай сусветнай вайны вучылішча было эвакуіравана ў Гжацк, затым — у Маскву, а потым — у Яраслаўль, дзе Філіповіч скончыў вучылішча. У 1917 годзе вярнуўся ў Мінск, у дом па Маркаўскім завулку. Малюе вуліцы Мінска і Стары горад, гэтыя працы не захаваліся. Едзе дзеля мастацкай адукацыі ў Маскву. Спачатку паступіць на вучобу па мастацкай спецыяльнасці не атрымліваецца, таму ў 1918—1919 гадах вучыўся ў Маскоўскім Межавым інстытуце, адначасова ў прыватнай студыі Анікіта Хатулёва.
У 1919 годзе быў залічаны ў Дзяржаўныя вольныя мастацкія майстэрні, але ў той жа год пайшоў, як сам напісаў у аўтабіяграфіі, «добраахвотнікам у Чырвоную гвардыю». У 1919—1920 гадах служыў санітарам цягніка на дзянікінскім фронце, аднак праз слабае здароўе быў адкамандзіраваны з фронту ў Маскву, у Вышэйшую школу ваеннай маскіроўкі, дзе вучыўся адзінаццаць месяцаў. У канцы 1920 года Камісія па таленавітасці накіравала яго ў Маскву ў Дзяржаўныя вольныя мастацкія майстэрні, дзе вучыўся ў Канстанціна Каровіна.
У канцы 1921 года праз адсутнасць сродкаў на жыццё вярнуўся ў Менск. У верасні 1921 года займаўся арганізацыяй і сам удзельнічаў у першай савецкай выстаўцы ў Менску па вуліцы Губернатарскай, 13. Экспанаваліся 13 твораў мастака, у тым ліку супрэматычныя («Супрэматызм (канструкцыя плоскасцяў)», «Максімальнае выяўленне колеру» і інш.), з якіх ніводны не дайшоў да сённяшняга часу. Першая персанальная выстаўка Міхася Філіповіча адбылася ў Менску ў жніўні 1922 года. У паказаных на ёй творах быў бачны паварот да фальклорнай беларускай спадчыны («На Купалле», «Карагод (Ляльнік)», «Казачны сюжэт»). У 1922—1923 гадах быў мастацкім інструктарам аддзела выяўленчага мастацтва пры Галоўпалітасвеце ў Менску. У 1923 годзе загадваў афармленнем Беларускага павільёна на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскве, у 1923—1925 гадах працаваў загадчыкам мастацкага аддзела ў Беларускім дзяржаўным музеі.
У 1924 годзе Цэнтральным праўленнем Саюза работнікаў мастацтва быў камандзіраваны ў Вышэйшыя тэхнічныя майстрэрні, дзе вучыўся ў Аляксандра Дрэвіна і Роберта Фалька (1925—1930). Летні адпачынак праводзіў у Менску і этнаграфічных экспедыцыях па савецкай Беларусі.
У 1927 годзе ўступіў ва Усебеларускае аб’яднанне мастакоў, дзе выставіў 40 палотнаў. У тым жа годзе прымаў удзел у беларускім раздзеле савецкага павільёна міжнароднай выстаўкі «Мастацтва кнігі» ў Лейпцыгу. У 1929 годзе прымаў удзел у III Усебеларускай мастацкай выстаўцы (карціна «Бітва на Нямізе» і яшчэ каля 40 карцін).
Яшчэ да заканчэння вучобы ў Маскве яго творчасць пачала падвяргацца крытыцы ў савецкай Беларусі, творы пачалі здымацца з экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея. У 1930 годзе прыязджае ў Менску, дзе абвінавачваецца ў «нацдэмаўшчыне» і «фармалізме», адыходзе ад разумення сутнасці класавай барацьбы. Разам з жонкай Ксеніяй Весялоўскай з’язджае ў Маскву. На думку мастацтвазнаўцы Барыса Крэпака, гэта было зроблена дзеля таго каб пазбегнуць рэпрэсій. Уступіў у Асацыяцыю мастакоў рэвалюцыйнай Расіі (АХРР). У 1930-х гадах быў у працяглай творчай камандзіроўцы ў Сярэдняй Азіі.
У 1939—1941 гадах Міхась Філіповіч працаваў у Мінску, удзельнічаў у выстаўках, у пастаноўцы оперы «Кветка шчасця», пісаў карціны для гістарычнага музея. Перадваенныя творы мастака не захаваліся, аднак паводле назваў вядома, што яны насілі савецкі ідэалагічны характар. У Мінску даведаўся пра пачатак вайны Германіі з СССР і на трэці дзень з’ехаў у Маскву, дзе працаваў як мастак для сатырычнага часопіса «Партызанская дубінка». У 1942—1944 гадах служыў у арміі франтавым мастаком. У 1944—1945 гадах працуе загадчыкам мастацкага аддзела Дзяржаўнага выдавецтва ў Мінску. Супрацоўнічаў з музеем Вялікай Айчыннай вайны і Домам народнай творчасці ў Мінску, для якога на аснове сваіх малюнкаў аформіў 10 альбомаў, прысвечаных матэрыяльнай народнай культуры.
Вядома, што апошнія гады жыцця Міхась Філіповіч правёў у Маскве, дзе і памёр у 1947 годзе. Дагэтуль біяграфія мастака слаба вывучаная.
Працаваў у тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі, працаваў у кніжнай графіцы. Вялікую значнасць маюць замалёўкі народнай вопраткі, зробленыя Філіповічам на Міншчыне, Случчыне, Магілёўшчыне, Палессі. Творы Міхася Філіповіча вызначаюцца яркім нацыянальным каларытам, самабытнасцю.
Прыхільнасць да акадэмічнага рэалізму ў часе навучання ў Маскве змяняецца захапленнем імпрэсіянізмам. Пасля знаёмства з творчасцю і тэорыяй Казіміра Малевіча пачынаецца супрэматычны перыяд. У верасні 1921 года ў Менску Філіповіч выстаўляе творы «Супрэматызм», «Максімальнае выяўленне колеру», «Канструкцыя плоскасцей».
Яшчэ ў 1910 годзе пачаў рабіць альбом замалёвак «Беларускія ткацкія ўзоры». Па вяртанні ў Беларусь працягнуў вывучаць узоры беларускага народнага мастацтва. У выніку яго вандровак па Беларусі для Беларускага дзяржаўнага музея было складзена 10 альбомаў з замалёўкамі тканін, разьбы, народных строяў, сялянскіх забудоў і прадметаў побыту. Праца яго і сёння ўяўляе цікавасць для знаўцаў славянскіх культур. М. Лебедзевай, Міхасём Філіповічам, Анатолем Тычынам быў складзены альбом слуцкіх паясоў, дзеля чаго яны працавалі з архівамі музеяў Масквы, Ленінграда, Смаленска і інш. У 1924 годзе альбом «Слуцкія паясы» быў выдадзены Інбелкультам.
Самабытнае мастацтва Міхася Філіповіча ўвогуле ёсць этнаграфічным. Былі створаны партрэты беларуса, у якіх мастаку ўдалося паказаць характар свайго народа. Найбольш удалыя жывапісныя палотны — «Група на кірмашы», «Беларусы ў старажытным адзенні», «Дудар» і інш. Адна з першых карцін на народную тэматыку — «Казка» («Казачны сюжэт»). У 1921—1922 гадах стварае шэраг карцін на этнаграфічныя матывы: «На Купалле», «Вясна», «Скокі праз вогнішча», «Карагод», «Народнае гулянне». У кампазіцыі «На Купалле» мастак зафіксаваў многія нацыянальныя віды мастацтва — танец-карагод, адзенне, упрыгожванне свята кветкамі і зелянінай.
Адначасова працуе як ілюстратар. У 1922 годзе ілюструе «Босых на вогнішчы» Міхася Чарота. У тым жа годзе адбылася яго першая персанальная выстаўка, сярод іншых, там выстаўляліся такія карціны, як «На Купалле», «Карагод (Ляльнік)» і «Казачны сюжэт» (1921—22). Змітрок Бядуля апісаў уражанні ад выстаўкі ў сваім артыкуле.
У 1924 годзе стварае графічны цыкл ілюстрацый да беларускіх народных казак «Сучкін сын», «Іванка-дурачок», «Паляшук і чорт».
У аўтабіяграфіі мастак напіша, што за 1921—1928 гады ім створана «да 150 прац алеем і да 400 малюнкаў тушшу, гуашшу, акварэллю, да 150 работ па ілюстрацыі беларускіх народных казак», ілюстрацыі да вершаў Янкі Купалы, эскізы дэкарацый для Беларускага першага дзяржаўнага тэатра і іншае.
У 1930-х гадах стварае творы на сярэднеазіяцкія матывы. У часы вайны прымае ўдзел у афармленні перыядычных выданняў, у тым ліку ў часопісе «Партизанская дубинка», стварыў серыю антыфашысцкіх карыкатур. У апошнія гады жыцця працаваў у жанры лірычнага пейзажу.
Акрамя іншага, працаваў у партрэтным жанры, у тым ліку намаляваў партрэты Міхася Станюты, мастачкі Пальміры Мрачкоўскай, Генрыха Грыгоніса, Фацімы Мамедавай і партрэты-тыпы, напрыклад, карціны «Стары беларус з люлькай» (сярэдзіна 1920-х) і «Жанчына ў намітцы» (магчымы партрэт яго жонкі Ксеніі Весялоўскай).
У 1930-х гадах стварыў таксама серыю лялек, маленькіх скульптур «Лявоніха», «Цымбаліст», «Дудар», «Жанчына ў нацыянальнай вопратцы», «Жалейка», «Стары», «Вясковы хлопец» і іншыя. Гэта былі апошнія работы Міхася Філіповіча.