31 кастрычніка 1885г - 30 чэрвеня 1969г
Гомельская вобласць, Рэчыцкі раён, Чорнае
Геолаг, Пісьменнік, Паэт, Навуковец
Руск. Громыко Михаил Александрович
Беларускі пісьменнік, вучоны-геолаг, педагог. Псеўданімы і крыптанімы: М. Абданк, Мих. Абданк, Михаил Абданк, М. Г., Міх. Г.
У час вучобы ў Магілеўскай гімназіі ўдзельнічаў у рабоце нелегальнага гуртка, які знаходзіўся пад уплывам магілеўскай арганізацыі РСДРП. У 1905 паступіў у Маскоўскі ўніверсітэт на медыцынскі факультэт, затым перавёўся на фізіка-матэматычны па спецыяльнасці геалогія. Удзельнічаў у маскоўскім снежаньскім паўстанні (1905). У 1906—1907 уваходзіў у сялянскую арганізацыю пры Магілеўскім акруговым камітэце РСДРП. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1911) настаўнічаў у Адэсе ў прыватным камерцыйным вучылішчы, у жаночых гімназіях. З 1917 удзельнічаў у рабоце культурна-асветніцкай арганізацыі беларускіх бежанцаў «Беларускі гай», у 1920 быў загадчыкам школы-інтэрната для беларусаў-бежанцаў. У 1921—1930 гадах працаваў у Інбелкульце, выкладаў геалогію ў Белпедтэхнікуме, быў дацэнтам кафедры геалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Арыштаваны ДПУ БССР 13.7.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі»; паводле пастановы Калегіі ДПУ БССР ад 10.4.1931 высланы ў Іванава-Вазнясенск на 5 гадоў. Пасля сканчэння тэрміна высылкі ў 1936 выехаў з сям’ёй у Мурманскую вобласць (Кіраўск, затым у 1941—1945 — Чусаў Гарадок). У 1945—1948 жыў у Іжэўску, працаваў у Запалярным горным тэхнікуме. Потым жыў у Пермскай вобласці і Удмурціі. Рэабілітаваны 15.11.1957. Апошнія гады жыў у Хімках.
Распрацоўваў беларускую навуковую тэрміналогію у галіне геаграфіі, геалогіі, грунтоў і хіміі (з М. Азбукіным). Апублікаваў на беларускай мове падручнікі «Пачатковая геаграфія» (1923, 4 выданні), «Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе» (ч. 1 — Крышталаграфія, ч. 2 — Мінералогія, 1926).
Адным з першых браў удзел у пошуках нафты на Палессі.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1907 годзе (пісаў спачатку на рускай мове, з 1914 — на беларускай мове). У 1922 годзе апублікаваў у часопісе «Полымя» эксперыментальную паэму «Гвалт над формай», у 1927 выйшлі кнігі паэзіі «Плынь» (вершы і паэмы) і «Дзве паэмы». Аўтар п’ес «Змітрок з Высокай Буды» (1918) пра рэвалюцыйныя падзеі на Беларусі, «Скарынін сын з Полацка» (паст. 1926, рукапіс не знойдзены), гісторыка-рэвалюцыйнай п’есы «Каля тэрасы» (1929, паст. 1927, у новай рэдакцыі выйшла ў 1975), «Віно бушуе» (1929), героіка-рамантычнай драмы «Над Нёманам» (паст. 1927), дзе адлюстраваў рэвалюцыйныя выступленні працоўных Заходняй Беларусі, «Воўк» (1930).
Выступаў як крытык з артыкуламі пра творчасць М. Багдановіча, пра пастаноўку «Цара Максімільяна» і інш.
Перакладаў творы Л. Талстога, У. Сасюры.
Член СП БССР з 1965. П’есы М. Грамыкі ставіліся ў тэатрах. У 1967 годзе выдадзена «Выбранае», у 1987 — «Родная пушча» (п’есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты).
Аўтар успамінаў пра Я. Купалу, Я. Коласа, А. Грыневіча, пра свой удзел у рэвалюцыйных падзеях («Нас натхняў подых рэвалюцыі», 1965, апубл. 1987), «Старонак сямейнай хронікі» (1962—69, не законч., апубл. 1987).
У 2017 годзе ў в. Чорнае (Рэчыцкі раён) адкрыта памятная дошка Міхайлу Грамыку.