28 красавіка 1886г - 29 снежня 1979г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Руск. Михолап Николай Прокопьевич
Беларускі мастак-кераміст, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі ў 1939—1941 гадах.
Паходзіў з мінскай сям'і чыгуначнага рабочага і пакаёўкі. Скончыў Пецярбургскае вучылішча тэхнічнага малявання барона Штыгліца (цяпер Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А. Л. Штыгліца). Быў першым беларускім мастаком-керамістам.
У 1925—1930 гадах выкладаў у Віцебскім Народным мастацкім вучылішчы, кіраваў ганчарна-керамічным аддзяленнем. Быў дружны з класікам беларускай літаратуры Янкам Купалам, напісаў яго партрэт і стварыў першыя дэкарацыі да спектакля Я. Купалы «Паўлінка».
У 1937 годзе ў Беларусі была сфармавана група навуковых супрацоўнікаў, мастацтвазнаўцаў і мастакоў па стварэнні першай у Беларусі Дзяржаўнай карціннай галерэі, якая адкрылася ў 1939 годзе. Дырэктарам галерэі быў прызначаны Мікалай Міхалап. Яго вялікай заслугай было папаўненне фондаў галерэі калекцыяй слуцкіх паясоў, сабранай князямі Радзівіламі ў Нясвіжскім замку. Пасля ўз'яднання ў верасні 1939 года заходне-беларускіх зямель з БССР у Дзяржаўную карцінную галерэю адпраўляліся творы з нацыяналізаваных сядзіб і замкаў Заходняй Беларусі. Акрамя слуцкіх паясоў, Мікалай Міхалап папоўніў калекцыю французскімі габеленамі XVIII ст., творамі партрэтнага жывапісу XVI—XIX стст.
Напачатку 1941 года фонды галерэі налічвалі 2711 твораў, з якіх 400 знаходзіліся ў экспазіцыі. Ён планаваў правесці карпатлівую працу па стварэнні каталога музейнай калекцыі. Але гэтаму багатаму збору музея ў Мінску не наканавана было доўгае існаванне. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны ён бясследна знік. Міхалап рыхтаваў калекцыю да эвакуацыі, але не здолеў вывезці. Абвінавачванні ў страце фондаў галерэі ў чэрвені 1941 года ўпалі менавіта на галаву дырэктара галерэі, у сувязі з чым у 1944 годзе, пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, на пасаду дырэктара быў прызначаны іншы супрацоўнік галерэі — Алена Васільеўна Аладава, а Мікалай Міхалап быў прызначаны кіраўніком рэспубліканскай мастацкай прамысловасці. Але па заканчэнні вайны абвінавачвання былі зняты і Мікалай Міхалап быў узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны».
Мікалай Міхалап стаў мастаком-практыкам, прамысловым дызайнерам, праектаваў малыя архітэктурныя формы — лепку фасадаў дамоў, вулічныя ліхтары, рашоткі і г.д. Зрабіў значны ўнёсак у распрацоўку тэхналогіі керамічных матэрыялаў, у стварэнне эталонаў, керамічных формаў, у арганізацыю фарфора-фаянсавай вытворчасці (стаяў у вытокаў Мінскага фарфоравага завода), ствараў новыя віды глазуры.
Сышоў з жыцця ў 93 года.
Мікалай Міхалап пакінуў вялікую творчую спадчыну. Творы графікі, керамікі і шматлікія фатаграфіі архітэктурных збудаванняў і помнікаў дойлідства, зробленыя падчас камандзіровак па Беларусі, якія захоўваюцца ў сямейным архіве, у 1980-я гады былі перададзены ў беларускія музейныя фонды і дзяржаўныя архівы. Унікальная калекцыя ганчарных вырабаў, сабраная Мікалаем Міхалапам падчас даследчых этнаграфічных паездак па Беларусі, цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры.
Мачты ліхтароў, якія ўсталяваны на цэнтральных вуліцах Мінска, Гомеля і Віцебска, упрыгожваюць «фартухі» з выявай слуцкага пояса, зробленыя па праекце мастака.
Да 125-й гадавіны з дня нараджэння Мікалая Міхалапа Рэспубліканскае Унітарнае прадпрыемства «Белпошта» падрыхтавала мастацкі маркіраваны канверт з літарнай маркай «А». Таксама 28 красавіка 2011 года на Галоўпаштамце ў Мінску было праведзена спецыяльнае памятнае гашэнне памятным спецштэмпелем. Мастак канверта А. Старавойтава. Заказ канверта № 9843-2011. Тыраж 30 тысяч экзэмпляраў.