RU BE

Міхась Явар

Міхась Явар - беларускі паэт

27 лютага 1903г - 27 чэрвеня 1933г

Гродзенская вобласць, Мастоўскі раён, Мінявічы

Паэт

Руск. Михась Явар

Беларускі паэт, удзельнік нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У час 1-й сусветнай вайны, з 1915 з сям’ёй быў у бежанстве. Па вяртанні з бежанства, Міхась пачаў рыбачыць на Нёмане і прадаваць рыбу гандлярам у мястэчку Лунне. Меў толькі тры класы адукацыі.

Пісаў вершы, арганізоўваў вечары з пастаноўкамі п’ес, песнямі і танцамі, спяваў сам. У 1920-я быў сябрам БСРГ. За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым і культурным руху пераследаваўся польскімі ўладамі.

У гады крызісу даведзены да адчаю, хворы на туберкулёз, скончыў жыццё самагубствам, застрэліўшыся на беразе Нёмана.

Творчасць

Друкаваўся ў «Беларускай газеце», часопісе «Шлях моладзі», заходнебеларускіх газетах, некаторыя вершы распаўсюджваліся вусна і ў рукапісах. Паэтычная спадчына М. Явара амаль не захавалася, перад смерцю куфэрак з вершамі, паэмамі і лістамі паэт занёс свайму сябру Вінцуку Мікулу. У час Вялікай Айчыннай вайны, Вінцука шукалі немцы і яго жонка, баючыся, знішчыла гэты архіў — засталося толькі тое, што было апублікавана ў заходнебеларускім друку (напр. паэмы «Шляхам цярністым», «Думы ў адзіноце», «За сэрцам»). Верш М. Явара «Паклон чалавечаму страданню» уключаны У. Калеснікам у анталогію «Ростані волі».

Асноўная тэма паэзіі Явара — пратэст супраць жорсткіх умоў жыцця, бядоты, зневажання чалавека працы. Аптымізмам прасякнутыя вершы пра прыгажосць роднага краю, прыроды («О мой Нёман мілы»), у любоўнай лірыцы пераважалі трагічныя матывы («Думы ў адзіноце»).

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(