RU BE

Назарчук Мікалай Аляксандравіч

Назарчук Мікалай Аляксандравіч - беларускі графік, мастак

7 верасня 1927г - 4 студзеня 2019г

Гомельская вобласць, Ельскі раён, Санюкі

Графік, Мастак

Руск. Назарчук Николай Александрович

Беларускі жывапісец, графік, педагог.

Біяграфія

Скончыў 7 класаў Санюкоўскай сярэдняй школы у 1941. У вайну жыў на акупіраванай тэрыторыі. Пасля вызвалення Ельскага раёна ў студзені 1944 быў прыцягнуты да вучобы на арганізаваных у Мазыры курсах размінёраў. З сакавіка 1944, на працягу васьмі месяцаў, баец — размінёр М. Назарчук удзельнічаў у абясшкоджванні боепрыпасаў: мін і снарадаў, якія засталіся ў месцах нядаўніх баёў. За ўдзел у гэтай складанай і небяспечнай працы і праяўленую мужнасць быў прадстаўлены да дзяржаўнай узнагароды. У канцы 1944 быў прызваны ў РСЧА. 14 снежня 1944 года 17 — гадовы юнак прыняў прысягу і пачаў ваенную службу ў артылерыйскім палку. У лістападзе 1946 быў демабілізаваны.

Узнагрода знайшла свайго ўладальніка у 1947, ён атрымаў медаль «За адвагу».

Яшчэ да вайны, вучнем сярэдняй школы, М. Назарчук праявіў схільнасць да малявання. Яго талент быў заўважаны мастаком Рыднеўскім, які ў дарэвалюцыйны час скончыў Кіеўскую рысавальную школу. З часам Рыднеўскі пераехаў на жыхарства ў Ельск, дзе пісаў абразы, выконваў сценапіс у мясцовых храмах. Прафесійны мастак Рыднеўскі даў свайму вучню першыя веды ў мастацтве малюнка і жывапісу. Кантакты з Рыднеўскім узнавіліся пасля дэмабілізацыі М. Назарчука і паўплывалі на яго рашэнне атрымаць мастацкую адукацыю.

24 жніўня 1947 ён напісаў заяву аб залічэнні і быў прыняты ў Мінскае мастацкае вучылішча. Там ён вучыўся з 1947 па 1952 у В. Волкава, В. Мазалёва, В. Цвіркі, А. Шаўчэнкі.

У 1952—1955 працаваў выкладчыкам малюнка, жывапісу і кампазіцыі ў Віцебскім мастацка-графічным педвучылішчы.

З 1955 па 1961 год вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў ужо знаёмых яму настаўнікаў В. Волкава, В. Мазалёва, В. Цвіркі, а таксама А. Казлоўскага. Атрымаў кваліфікацыю «мастака-жывапісца». Дыпломная праца — карціна «Семінар у полі».

Працаваў настаўнікам малявання ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме (1962—1966). З сакавіка 1966 на працягу шасці гадоў працаваў у Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве на пасадзе завуча па выяўленчаму мастацтву.

У 1967 уступіў у Саюз мастакоў БССР.

У 1974 −1975 быў адказным сакратаром праўлення Саюза мастакоў БССР.

Працаваў выкладчыкам кафедры «Малюнка, акварэлі і скульптуры» Беларускага політэхнічнага інстытута (1975—1976). Пасля 1976 працаваў па дамовах, займаўся творчай працай.

У 1982—1989 займаў пасаду намесніка старшыні Мастацкага фонду Саюза мастакоў БССР.

З 1961 браў удзел у рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных мастацкіх выстаўках ў Англіі, Польшчы, Расіі, Францыі.

Персанальныя выстаўкі адбыліся ў г. Брэст (Францыя) (1997), мінскім Палацы мастацтваў (2003), у мінскай галерэі «Добрыя мыслі» (2010).

Мемарыяльная выстаўка жывапісу і графікі М. Назарчука праходзіла ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага з 27 сакавіка па 14 красавіка 2019.

М. Назарчук — адзін з заснавальнікаў і да апошіх дзён жыцця сябра мастацкай суполкі «Пагоня».

Творчасць

Працаваў пераважна ў галіне станковага жывапісу і станковай графікі ў жанрах гістарычнай і тэматычнай карціны, партрэта, краявіду, рэчавіду. Карыстаўся рознымі мастацкімі тэхнікамі: алеем, тэмперай, акварэллю, пастэллю, алоўкам і вуглем.

Найбольш вядомыя творы: «Маці загінуўшага» (1961), «Агні майго горада» (1970), «Аднавяскоўцы» (1975), «Кветкі для Алаізы Пашкевіч» (1976), «Сын» (1978), «Мікола Гусоўскі на Радзіме» (1981), «Салдаты і кветкі» (1985), «Танкавая бітва пад Сянно 9–16 ліпеня 1941 года» (1986), «Якуб Колас і В. К. Бялыніцкі-Біруля ў Прылуках» (1982), «Партрэт героя Савецкага Саюза У. Царука» (1984), «Ф. Скарына ў г. Прага» (1986), «Пахаванне жаўрука. Чарнобыль» (1989), «Сястру з палону ратаваў» (1990), «Кастусь Каліноўскі» (1992), «Змаганне. 19 лютага 1989 года» (1993), «Тадэвуш Касцюшка перад войскам» (1994), «Беларусь 1992. Алегорыя» (1995), «Беларусь, твой народ дачакаецца» (1996), «Адраджэнне» (1997), «Нараджэнне стракозкі» (1998), «І прыйдзе час. Алегорыя» (1999), «Да святла» (1998), «Алегорыя часу» (2001), «Пад сімвалам незалежнасці. Мроі» (2001), «Партрэт Лявона Баразны» (2002), «Памяці мастака Івана Рэя» (2003), «Каін i Авель» (2003), «Адраджэнне» (2007), «1960-я. Рэабілітацыя» (2007), «У дзень волі» (2015), «Санеты Максіма Багдановіча» (2017).

Работы М. Назарчука знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондзе Беларускага саюза мастакоў, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Старадарожскім мастацкім музеі, Крычаўскім раённым краязнаўчым музеі, а таксама ў прыватных зборах у Беларусі, Расеі, Польшчы, Францыі ды ў іншых краінах.

Узнагароды

  • Медаль «За адвагу» (1947)
  • Юбілейныя медалі: «60 гадоў Узброеных Сіл СССР» (1978), «50 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «60 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «65 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «70 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», «70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.», «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь», а таксама «Медаль Жукава»
  • Медаль «За заслугі ў выяўленчым мастацтве» ад Беларускага саюза мастакоў, медаль Язэпа Драздовіча «За плён у мастацтве» ад культурна - асветнiцкага клуба «Спадчына» (2005).
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(