14 сакавіка 1931г - 9 чэрвеня 2011г
Мінская вобласць, Слуцкі раён, Знамя
Дзіцячы пісьменнік, Драматург, Пісьменнік, Паэт, Публіцыст
Руск. Мисько Павел Андреевич
Беларускі пісьменнік, празаік, паэт, публіцыст.
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў філалагічны факультэт БДУ (1955). Працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара давыд-гарадоцкай раённай газеты «Сцяг Леніна». У 1959-64 — уласны карэспандэнт газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці, у 1964-67 — літсупрацоўнік «Сельской газеты», у 1967-71 — загадчык аддзела культуры рэдакцыі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1971-72 — загадчык аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя». З 1972 — загадчык рэдакцыі прозы, у 1976-80 — намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1968.
Друкуецца з 1954. Як пісьменнік дэбютаваў апавяданнем у 1958 (альманах «Брэст»). Першы зборнік апавяданняў і аповесцей «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваеннай вёсцы. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваеннае жыццё паказаў у рамане «Хлопцы, чые вы будзеце…» (ч. 1-2, 1990-94). Аўтар дэтэктыўна-фантастычнай аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці Паўла Місько ўласцівыя ўвага да бытавой стыхіі народнага жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае народнае слова.
Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), аднаактовых п'ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (калектыўны зборнік «Радзіма мая дарагая», 1989) і інш.
У творы для дзяцей уваходзіць прыгодніцкі і фантастычны элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны»,1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.).
Пісаў вершы. Выдаў зборнік «Ружовыя ліўні» (2001), раман у вершах «Пакуль зямлю мілуе сонца…» (2005).
Пераклаў на беларускую мову паэму М. Гогаля «Мёртвыя душы», казку П. Яршова «Канёк-гарбунок», паасобныя творы У. Цендракова, У. Лічуціна, Я. Носава, В. Бялова, К. Чукоўскага, перакладаў таксама з украінскай, польскай і балгарскай моў.