20 верасня 1959г
Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён, Поразава
Руск. Поплавский Евгений Владимирович
Беларускі кампазітар, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.
Скончыў Беларускую кансерваторыю (Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі) па класу Ігара Лучанка і Дзмітрыя Смольскага ў 1986 годзе. Стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі і тамсама браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леўва.
У 1991 годзе па яго ініцыятыве быў арганізаваны ў Мінску Міжнародны фестываль сучаснай камернай музыкі, які праводзіўся кожныя два гады да 1995. Адзін з арганізатараў і дырэктар (1992—96) нацыянальнага тэатральна-канцэртнага аб'яднання «Беларуская капэла», з 1996 музычны рэдактар Беларускага інстытута праблем культуры.
3 1997 па 1999 атрымліваў стыпендыю Польскага Урада, на падставе чаго працаваў у Гданьску ў Акадэміі музыкі імя Ст. Манюшкі над творам для сімфанічнага аркестра «Барбара Радзівіл» і Студыі электраакустычнай музыкі Акадэміі музыкі ў Кракаве над уласным творчым праектам. Удзельнічаў у летніх курсах Аcanthe 2000 / Ircam.
У творчасці звяртаецца да сучасных тэхнік кампазіцыі, яго музыка вылучаецца вытанчанасцю гучання. Асноўныя творы: кантаты «Бацькаўшчына» на вершы Н. Гілевіча, Л. Геніюш (1985), «Званы маёй Русі» на вершы А. Фета, М. Рубцова (1986); сімфанічная паэма «Quo vadis?» (1985), сімфонія «Lux aetema» памяці Ф. Скарыны і эскізы «Поразава» (1991) для сімфанічнага аркестра; «Музыка для альта і камернага аркестра памяці Станіслава Глякоўскага» (1987), «Dea Luna» (1996), «Барбара Радзівіл» (1999), камерны балет «Людзі святла месяца» (1995); камерна-інструментальны — Саната для альта і фартэпіяна (1984), «Навела» для гітары і струннага квартэта з керамічнымі званочкамі (1991); канцэрт «Мой ціхі дом» на вершы Я. Купалы, Я. Коласа, Л. Геніюш (1987), цыклы «Пагода ўжо позняй восені» на вершы Л. Стафа (1998), «Супрасльскай мадонне» на тэксты з Супрасльскага ірмалагіёна (1999) для хору, вакальныя цыклы на вершы А. Гаруна, М. Багдановіча; электронныя творы «Карозія часу», «Лунаючы ў прасторы».
На Нацыянальным конкурсе кампазітараў, прысвечаным 500-годдзю Францыска Скарыны (1991 год) атрымаў II прэмію за сімфонію «Lux aeterna» для тэнара, хору і сімфанічнага аркестра на словы Лявона Эміліта, прэм'ера якой адбылася 21 сакавіка 1997 года падчас святкавання 1000-годдзя Гданьска (Сімфанічны аркестр Балтыцкай філармоніі, хоры Акадэміі музыкі і Гданьскага ўніверсітэта, тэнар — Пётр Кусевіч, дырыжор — Зыгмунт Рыхарт).
Лаўрэат міжнароднага конкурсу «Йіглава — 2000» (Прага).