RU BE

Пётра Сергіевіч

Пётра Сергіевіч - беларускі графік, жывапісец, мастак

10 ліпеня 1900г - 1 лістапада 1984г

Віцебская вобласць, Браслаўскі раён, Стаўрова

Графік, Жывапісец, Мастак

Руск. Сергиевич Пётр Александрович

Беларускі жывапісец і графік, мастак-манументаліст. Заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы (1965). Сапраўднае імя Пётр Аляксандравіч Сергіевіч.

Біяграфія

Нарадзіўся ў вёсцы Стаўрова на Браслаўшчыне ў беднай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Вольнай школе малюнку і жывапісу Адама Варнаса ў Вільні. У 1919 годзе паступіў у Акадэмію прыгожых мастацтваў Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, якую ўзначальваў прафесар Фердынанд Рушчыц. Разам з мастаком Людамірам Сляндзінскім яны паспрыялі фарміраванню Сергіевіча як майстра пейзажа, партрэта і манументальнага роспісу.

У 1924—1925 гадах вучыўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў. У 1928 годзе вярнуўся ў Вільню, быў прыхільнікам і актыўным дзеячам беларускага адраджэння ў 1930-я гады.

У 1932 годзе прыняў удзел у калектыўнай выстаўцы Віленскага незалежнага таварыства мастакоў-пластыкаў, якая адбывалася ў Вільні і Варшаве. Тры гады пазней прадстаўленая ўласная выстаўка мастака ў Вільні (26 снежня 1935 — 8 студзеня 1936). У 1938 годзе падарожнічае па Італіі. У часе Другой сусветнай вайны жыве, на змену, у Вільні і ў Стаўрове (Шляхотчыне).

У 1943 годзе адбылася яго другая персанальная выстаўка ў Вільні. У 1944—1945 гадах працаваў захавальнікам фондаў у Беларускім музеі ў Вільні, пасля вайны — старшым выкладчыкам на кафедры малюнку і жывапісу ў Віленскім інстытуце прыгожых мастацтваў.

У 1960 годзе атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтва Літоўскай ССР за заслугі ў развіцці выяўленчага мастацтва. Юбілейныя выстаўкі ў Вільні ладзіліся ў 1960, 1970, 1980 гадах. У 1962 годзе — індывідуальная выстаўка ў Мінску, у Палацы мастацтва. У 1968 годзе прымаў удзел у выстаўцы ў варшаўскай «Захэнце». У 1978 годзе працы Сергіевіча былі выстаўлены ў Мінску. Пабачылі свет некалькі каталогаў выставак.

Памёр у лістападзе 1984 года ў Вільнюсе і пахаваны на віленскіх Антокальскіх могілках, побач пахаваная жонка Станіслава (1910—1995).

Творчасць

Яго творчасць вызначаецца вобразнасцю пластычнага і кампазіцыйнага вырашэння, эмацыянальным ладам, цікаўнасцю да самабытнасці беларускай народнай культуры, часам алегарычнасцю і рамантычнасцю. Мастацкай завершанасцю, глыбокім псіхалагізмам, філасофскім гучаннем вылучаюцца жывапісныя партрэты: «Партрэт маці» (1929), Станіслава Глякоўскага (1938), «Беларуская настаўніца» (1938), «Рыгор Шырма» (1930—1940-я), «Дзяўчына ў сінім сарафане», «Аўтапартрэт» (абодва 1940), Францішка Багушэвіча, Мікалая Дучыца, «Селянін» (усе 1946), «Партрэт жонкі» (1946, 1957), «Старшыня калгаса» (1952), «Землямер» (1956), Максіма Танка (1957), «Сталяр», «Нарачанскі рыбак» (абодва 1968) і інш. Гістарычнае мінулае роднай зямлі, дзейнасць яе выдатных сыноў адлюстроўваюць наступныя карціны:

  • «Усяслаў Полацкі» (1932),
  • «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 года» (1955),
  • «Скарына ў друкарні» (1957),
  • «К. Каліноўскі і В. Урублеўскі на аглядзе паўстанцаў» (1959),
  • «Скарына ў рабочым кабінеце» (1960),
  • «Арышт Паўлюка Багрыма» (1970) і інш.

Значнае месца ў творчасці Пётры Сергіевіча займала купалаўская тэма:

  • «А хто там ідзе?»,
  • «Званар» (2 варыянты),
  • «А ты, сіраціна, жыві» (усе 1947),
  • «Гусляр»,
  • эцюды на тэмы паэмы Янкі Купалы «Яна і я» — «Ворыва» і «На сенажаць» (1959),
  • «Партрэт Дамініка Луцэвіча» (1971),
  • трыпціх на тэмы верша Янкі Купалы «А зязюлька кукавала» — «Калыханка», «Ясевы універсітэты», «Сейбіт» (1970-я) і інш.

Жыццю сялян Заходняй Беларусі прысвечаны палотны «Перавозка будаўнічага грузу цераз возера Богіна» (1926), «За прасніцай», «Жыццё», «Вяселле на Беларусі» (усе 1929), «Залёты» (1930), «Беларусы» (1930-я г.), «Шляхам жыцця» («Падарожныя», 1934), «Араты» (1938), «Каваль куе каня» (1939), рэвалюцыйным падзеям у Літве — «Дэманстрацыя беспрацоўных у Каўнасе ў 1925 годзе» (1954). Рэвалюцыйным пафасам напоўнена карціна «Вясляр» («Насуперак буры», 1940, 2 варыянты). Тэму Другой сусветнай вайны адлюстроўваюць партрэт «Партызан Федзя» (1943), карціна «У партызанскай кузні» (1945). Хараство роднай прыроды апяваецца ў пейзажах «Забытая званіца» (1936), «Ноч» (1941), «Пад снегавым пакрывалам» (1942), «Вясновая казка» (1957), тэматычнай карціне «Вячэрняя балада» (1970) і інш.

Працаваў таксама ў станковай (серыя партрэтаў «Беларускія народныя тыпы», 1930-я) і кніжнай (афармляў часопіс «Нёман», 1931—1932; кнігі Міхася Машары «На сонечны бераг!», 1934 і «На прадвесні», 1935, і інш.) графіцы.

Выканаў размалёўкі ў касцёлах у Солах (1934), Смаргоні (1936), Шарашове (1938); у бернардзінскім касцёле ў Гродне, аформіў касцёл у Корцы (Украіна; 1930-я). Аўтар абразоў «Св. Францыск» (1934), «Маці Божая Поразаўская» (1937) і інш.

Фонды Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску налічваюць 14 карцін Пётры Сергіевіча, сярод якіх — «А хто там ідзе» (1945), «Партрэт Уладзіславы Станкевіч» (1952), «Янка Купала за чытаннем сваіх твораў у карчме» (1957) і г. д. Дзве яго работы — «А ты, сіраціна, жыві!» і «Званар» — ёсць часткай новай стацыянарнай экспазіцыі музея. Дзве карціны захоўваюцца ў карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка ў Мінску.

Памяць

  • У 1994 годзе «Белпошта» выпусціла паштовую марку
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(