15 красавіка 1939г
Магілёўская вобласць, Магілёўскі раён, Магілёў
Руск. Рубинов Анатолий Николаевич
Беларускі фізік, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991; член-карэспандэнт з 1984), доктар фізіка-матэматычных навук (1973), прафесар (1980). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).
Нарадзіўся 15 красавіка 1939 года ў Магілёве.
У 1961 годзе скончыў Белдзяржуніверсітэт.
Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам, аспірантам, старэйшым інжынерам-канструктарам, галоўным інжынерам лабараторыі, старэйшым навуковым супрацоўнікам.
З 1964 г. у Інстытуце фізікі, з 1970 г. загадчык лабараторыі генеравальных арганічных злучэнняў, адначасова ў 1987—1998 гг. намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
У 2002—2006 гг. старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь.
З 2006 г. першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
31 кастрычніка 2008 г. абраны намеснікам старшыні Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання, 24 мая 2010 — старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу чацвёртага склікання. З 19 кастрычніка 2012 па 16 студзеня 2015 — старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу пятага склікання.
Аўтар больш 300 навуковых прац, у тым ліку 4 манаграфій. У 1964 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю «Методы изучения оптических свойств вещества при больших освещенностях», а ў 1972 г. — доктарскую на тэму «Оптические квантовые генераторы на основе растворов сложных органических соединений».
Працы ў вобласці лазернай фізікі і спектраскапіі складаных арганічных злучэнняў. Распрацаваў новыя метады вывучэння спектраскапіі ўзбуджаных станаў лазерных асяроддзяў, лязеры на растворах арганічных злучэнняў. Даследаваў залежнасць спектру флуарэсцэнцыі раствораў ад частаты ўзбуджальнага святла (з’ява батахромнай люмінесцэнцыі), развіў метады ўнутрырэзанатарнай лазернай спектраскапіі, стварыў перабудаваныя па спектры лазеры з размеркаванай зваротнай сувяззю. Распрацаваў навуковыя асновы нерэзананснага ўзаемадзеяння лазернага выпраменьвання з біялагічнымі аб’ектамі.
У 2004 годзе быў выдадзены збор вершаў Анатоля Рубінава «Гори-гори, свеча зажженная…» накладам 260 асобнікаў, які ўтрымлівае цыклы «Песни души», «В пути», «Из заграницы», «Кто доскачет первым», «Гроза над землей проносилась», «Мы думали, мир навсегда», «Ох, ребята, это что ж такое деется…», «Мчится тройка-перестройка», «Жизнь — смешная очень штука…».
У 2010 годзе выйшлі зборнікі вершаў Анатоля Рубінава «Вот она, наша жизнь» і «Сердце и память», кожны накладам 1000 асобнікаў. Гэтыя выданні крытыкавалі як чытачы, так і асобныя эксперты з-за зместу пэўных вершаў.