RU BE

Сітніца Рыгор Сямёнавіч

Сітніца Рыгор Сямёнавіч - беларускі графік, пісьменнік, паэт, публіцыст, мастак

1 студзеня 1958г

Гомельская вобласць, Петрыкаўскі раён, Курыцічы

Графік, Пісьменнік, Паэт, Публіцыст, Мастак

Руск. Ситница Григорий Семенович

Беларускі графік, паэт. Лаўрэат літаратурнай прэміі «Залаты апостраф» (2006).

Біяграфічныя звесткі

Пасля заканчэння шостага класа сярэдняй школы на радзіме, па рэкамендацыі настаўніка, Івана Маліноўскага, перавёўся вучыцца ў Мінск, у Рэспубліканскую школу-інтэрнат па выяўленчым мастацтве і музыцы імя І. Ахрэмчыка, якую скончыў у 1976 годзе. Пасля паступіў на аддзяленне графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытуту, які скончыў у 1982 годзе. Вучыўся ў В. П. Шаранговіча. З 1980 году прымае ўдзел ў рэспубліканскіх, замежных і міжнародных мастацкіх выставах і літаратурных імпрэзах. З 1983 года выкладае ў Беларускім каледжы мастацтваў. Выкладаў таксама ў Беларускай акадэміі мастацтваў.

У 1985 годзе стаў сябрам Беларускага саюза мастакоў, а ў 2007 годзе — першым намеснікам грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз мастакоў». У 2013 годзе абраны кіраўніком Беларускага саюза мастакоў.

Творчасць

Творчасці ўласцівы спалучэнне супрэматычных і канструктывісцкіх прынцыпаў у пабудове кампазіцыі, гіперрэалістычная трактоўка формы, сімвалічнасць мастацкай мовы. Стылістычная манера мастака надае канкрэтным аб’ектам ягоных твораў грунтоўную сутнасць сімвалаў, знакаў і выводзіць іх на памежжа, дзе форма, не губляючы сваёй рэалістычнасці, спалучае рысы абстрактнага вобразу.

Таксама творчасці характэрна пільная ўвага да беларускіх нацыянальных каштоўнасцей: гісторыі, этнаграфіі, фальклору, як неад’емных частак агульнаеўрапейскага культурнага кантэксту.

Творы мастака знаходзяцца ў фондах наступных музеяў Беларусі:

  • Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь
  • Мастацкі фонд Беларускага саюза мастакоў
  • Музей сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску
  • Літаратурны музей Максіма Багдановіча
  • Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы
  • Дзяржаўны музеі гісторыі Вялікай Айчынай вайны
  • Магілёўскі абласны мастацкі музей імя Паўла Масленікава
  • Дзяржаўны гісторыка-культурны музей-запаведнік "Заслаўе"
  • Мастацкі збор Сабору Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мінску

У замежных калекцыях:

  • Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы (Польшча)
  • Муніцыпальны мастацкі цэнтр горада Бельска-Бяла (Польшча)
  • Прыватны збор — калекцыя графікі Франса Салеса Грыля ў Мюнхене)
  • Манастыр Святога Георга на грэчаскім востраве Касас, дзе мастак быў на пленэры.
  • Мастацкі збор Міністэрства марскога гандлю Грэцыі.

Рыгор Сітніца вядомы таксама як паэт і публіцыст. Яго творы друкаваліся у Беларусі ў часопісах «Полымя» і «Дзеяслоў», а таксама за мяжой. З’яўляецца лаўрэатам літаратурных прэмій «Полымя» (2001) і «Залаты апостраф» (2006).

Узнагароды

  • Медаль Францыска Скарыны (2012)
  • Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2019)
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(