RU BE

Шкаруба Валерый Фёдаравіч

Шкаруба Валерый Фёдаравіч - беларускі жывапісец, пейзажыст, мастак

10 снежня 1957г - 19 лістапада 2020г

Мінская вобласць, Барысаўскі раён, Барысаў

Жывапісец, Пейзажыст, Мастак

Руск. Шкарубо Валерий Фёдорович

Беларускі мастак-жывапісец.

Біяграфія

Нарадзіўся 10 снежня 1957 года ў Барысаве. З дзяцінства быў прывучаны да цяжкай сялянскай працы, а яго бацькі і дзяды ўсе моцна былі звязаны з працай на зямлі.

У шэсць гадоў Валерый узяўся маляваць, чым здзівіў сваіх бацькоў, таму што ў іх родзе ніхто такой справай не займаўся.

З 1965 па 1973 гады ў Барысаве займаўся ў выяўленчым гуртку Дома піянераў, а пасля тры гады ўдасканальваў сваё майстэрства ў студыі выяўленчага мастацтва Палаца культуры ў Барысаве. Пра той час юнацтва Валерый Шкаруба адзначыў: «Вельмі дапамагло мне тое, што ў Барысаве была адкрыта студыя выяўленчага мастацтва. Я меў магчымасць атрымаць першапачатковую мастацкую адукацыю. У мяне былі добрыя настаўнікі, энтузіясты сваёй справы». У 1975 г. скончыў сярэднюю школу № 16 горада Барысава.

У 1975—1981 гадах вучыўся і скончыў дызайнерскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў Мінску.

Валерый Шкаруба пачаў свой творчы шлях як дызайнер ЭВМ у НДІ ЭВМ у Мінску, дзе працаваў дзесяць гадоў: ён распрацоўваў знешні выгляд першых камп’ютараў і меў шэраг прамысловых вынаходніцтваў. Праца прамысловага дызайнера яго не задавальняла, таму штовечар ён займаўся жывапісам, кіраваў дзіцячай мастацкай студыяй. Да тагож, было складана сумяшчаць працу і творчасць, бо яго вабіў жывапіс. З 1984 года пачаў удзельнічаць у мастацкіх выстаўках у Беларусі і за яе межамі.

Член Беларускага саюза мастакоў з 1989 года.

Жыў у Мінску.

Памёр 19 лістапада 2020 года ў Мінску.

Творчасць

Валерый Шкаруба працаваў у станковым жывапісе, пераважна ў жанры пейзажа. Пра свой выбар мастак адзначыў: «Мяне часта пытаюцца, чаму пішу толькі пейзажы. Былі ў маёй творчай біяграфіі і партрэты, і нацюрморты. Але „сціплы“ беларускі краявід бліжэй майму душэўнаму стану, светаадчуванню. Каб зразумець гэта, трэба зазірнуць у дзяцінства. Мне пашчасціла: маленства прайшло на ўскрайку Барысава, у прыватным доме. Я жыў у амаль вясковым асяродку. Побач — Бярэзіна, лес, палі. Шмат і з асалодай пісаў навакольныя краявіды.».

Складовымі рысамі манеры пісьма мастака з’яўляюцца скрупулёзная тэхніка алейнага жывапісу, лесіроўка, тонкая прапрацоўка формы, гарманічнасць у святле і колеры, глыбокая пераменнасць святлопаветранай атмасферы. Галоўныя сюжэты яго карцін — таямнічыя лясы, ціхія рэчкі, заснежаныя палі, вясковыя пралескі, драўляныя хаты на фоне лірычных краявідаў, дарогі Беларусі, якія зафіксаваны на палатне заўсёды бязлюднымі і ў памежныя станы ў прыродзе: восень, вясна, вечар, туман, змярканне, апошні прамень сонца, час перад узыходам сонца і г.д.

Мастак ў 2015 годзе адзначыў пра сваю творчасць: «Менавіта Барысаўшчына стала для мяне кропкай адліку, якая ператварылася ў доўгую лінію эстэтыкі, заснаванай на пейзажным жывапісу. Мае працы — гэта ціхая песня ў славу Беларусі».

Мастацтвазнавец Кацярына Ізафатава ахарактарызавала магію карцін Валерыя Шкарубы так: «у іх ёсць асаблівая філігранная індывідуальна-непаўторная пластыка, што гіпнатызуе і дзякуючы якой някідкія пейзажныя матывы беларускай зямлі зменьваюцца і ўспрымаюцца як фрагменты Вечнасці. Уменне ствараць „высокую прастату“, здольнасць Малое пераўтварыць у Вялікае, пагрузіць гледача ў глыбіннае ўспрыманне Часу, якое цяжка перадаць словамі, — вось што робіць почырк майстра пазнавальным з першага погляду».

Мастацтвазнавец Валерый Жук заўважае: «У творах В. Шкарубы дзіўным чынам спалучаюцца аскетычнасць колеравага вырашэння і графічная дакладнасць ліній, што абумоўлівае хісткасць і няўлоўнасць выяўленага стану. Тонкія градацыі амаль манахромнага каларыту набываюць пераканаўчую праўдзівасць, даюць адчуванне каляровасці, узнаўляюць прастору, вільготнае восеньскае паветра, туманную смугу сырой халоднай раніцы. Мікракосмас і макракосмас нібы выраўноўваюцца ў правах, становяцца аднолькава каштоўнымі для нашага ўспрымання і важнымі ў іерархіі прыродных матываў».

Мастацкія творы Валерыя Шкарубы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь («Белае змярканне» (1991), «Восеньскае святло» (2002) і інш.), Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), Магілеўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, фондах Беларускага саюзу мастакоў, Нямецкім федэральным банку (Лейпцыг, Германія), Музеі мастацтваў «Джынтай» (Пекін, Кітай), Музеі замежнага мастацтва Міністэрства культуры Кітая (Кітай) і інш., а таксама ў прыватных калекцыях у ЗША, Францыі, Італіі, Германіі, Бельгіі, Грэцыі, Аўстрыі, Славеніі, Даніі, Польшчы, Турцыі, Кітая, Расіі, Японіі.

У 1997 годзе Мерэт Меер-Грабер, якая з’яўляецца ўнучкай Марка Шагала і віцэ-прэзідэнтам Камітэта Марка Шагала, набыла на выстаўцы ў гонар 40-годдзя Валерыя Шкарубы ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь карціну мастака «Белае змярканне» (1991) і ў 1998 годзе падаравала гэты твор Нацыянальнаму мастацкаму музею Рэспублікі Беларусь, калі даведалася, што ў мастацкім музеі ў Мінску няма ніводнай карціны Валерыя Шкарубы.

20 лістапада 2015 года ў Барысаве на другім паверсе цэнтральнай бібліятэцы імя І. Х. Каладзеева адбылося ўрачыстае адкрыццё карціннай галерэі Валерыя Шкарубы. У памяшканні агульнай плошчай 130 квадратных метраў было выстаўлена 30 карцін, якія Валерый Шкаруба перадаў у дар роднаму гораду.

Узнагароды

  • Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (2002) — за серыю пейзажаў «Спрадвечнае», выкананых у 1997—2000 гадах,
  • медаль Францыска Скарыны (2008),
  • Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2014),
  • Ганаровы грамадзянін Барысаўскага раёна (2014),
  • Ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці (2018),
  • Ордэн Францыска Скарыны (2020).
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(