RU BE

Тэраўскі Уладзімір Васілевіч

Тэраўскі Уладзімір Васілевіч - беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст

11 лістапада 1871г - 10 лістапада 1938г

Мінская вобласць, Слуцкі раён, Леніна

Дырыжор, Кампазітар, Фалькларыст

Руск. Теравский Владимир Васильевич

Беларускі дырыжор, кампазітар, фалькларыст, царкоўнаслужыцель.

Біяграфія

Нарадзіўся 11 (23) лістапада 1871 года ў мястэчку Раманава Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер — в. Леніна Слуцкага раёна Мінскай вобласці). Беларус. Быў малодшым сынам ў сям’і беларускага святара Васіля Тэраўскага. Бацька скончыў Мінскую духоўную семінарыю, рукапаложаны ў сан іерэя. Да 1889 года — настаяцель Георгіеўскага храма ў мястэчку Раманава; кіраваў царкоўным хорам Узнагароджаны набедранікам, скуф’ёй, нагрудным крыжам (1881), камілаўкай (да 1886). Сястра Вольга стала жонкай пісьменніка Дзмітрыя Гаўрылавіча Булгакоўскага.

У 1889 годзе скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча. Вучыўся ў Мінскай епархіяльнай семінарыі. У 1892—1895 служыў у войску. Пасля дэмабілізацыі з 1895 дзяржаўны кантралёр Лібава-Роменскай чыгункі. З 1897 працаваў на Уральскіх заводах графа Строганава, служыў рэгентам, настаўнікам у Пермскай губерні. Знаходзячы на Урале, кіраваў аматарскімі рабочымі хорамі на Білімбаеўскім і Шайтанскім чыгуначных заводах і спяваў у хоры Д. Агрэнева-Славянскага. У рэпертуар хору ўваходзілі і беларускія народныя песні.

З 1900 супрацоўнік Мінскага аддзялення дзяржаўнага банка. З 1901 канцылярскі чыноўнік 2-га разраду Мінскай кантрольнай палаты, адначасова настаўнік спеваў і гімнастыкі Губернскага папячыцельства дзіцячых прытулкаў. У 1904 епіскапам Міхаілам (Цемнарусавым) прызначаны псаломшчыкам Мінскага Петра-Паўлаўскага кафедральнага сабора. Адначасова памочнік рэгента Мінскага архіерэйскага хора. Потым псаломшчык царквы Св. Марыі Магдаліны на вул. Старажоўскай, настаўнік спеваў 3-га Мінскага прыходскага вучылішча. Быў членам Беларускай асацыяцыі стваральнікаў мастацкіх твораў.

У ліпені 1914 стварыў адзін з першых беларускіх харавых калектываў — Мінскі беларускі хор, які ў 1917 увайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі, канцэртаваў з ім па рэспубліцы, удзельнічаў у драматычных спектаклях. Значную частку рэпертуару хору складалі беларускія народныя песні. Узначальваў музычную частку Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі. Таксама супрацоўнічаў з мастацкай трупай «Беларускі народны тэатр» пад кіраўніцтвам Ф. Аляхновіча.

Браў удзел у арганізацыі культурна-асветнага асяродка пры «Беларускай хатцы». Выступаў перад дэлегатамі з’езда беларускіх партый і арганізацый у ліпені 1917 г. Восенню 1919 г. па запрашэнні У. Ігнатоўскага, рэктара Мінскага педагагічнага інстытута, працаваў выкладчыкам.

У 1918—1919 кіраваў харавой капэлай у Беларускім савецкім тэатры, уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва. 19 верасня 1919 г. у Мінск прыехаў Юзаф Пілсудскі, з якім звязваліся надзеі стварэння польска-беларускай федэрацыі. З той нагоды ў мінскім гарадскім тэатры адбыўся спектакль, у якім выступаў і хор Тэраўскага: хор заспяваў песню, якая на афішах была пазначана як «беларускі гімн».

Улетку 1920 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Асіповічах за выкананне песень «Каля хацiнкi» і «Панам мы песнi не спяваем» (падчас вобшуку пры ім быў знойдзены рэвальвер). Пасля ўтварэння Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Мінску яго галоўны хормайстар.

У 1919—1920 гг. — сябра Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. Працаваў лектарам на настаўніцкіх курсах. У гэты ж час па прапанове Беларускай вайсковай камісіі пачаў працу па складанні спеўніка для беларускага войска. Спеўнік быў падрыхтаваны да лета 1920 г., але асобнай кніжкай выйшаў толькі ў 1921 г. («Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый»). Наступная кніга — «Беларускі лірнік» — была выдадзена З. Жылуновічам у Берліне ў 1922 г. Праз 4 гады ў Менску выйшаў яшчэ адзін спеўнік для курсантаў Аб’яднанай беларускай вайсковай школы («Вайсковы зборнік», 1926).

Арышт

Арыштаваны 3 верасня 1921 года з жонкай Надзеяй Прохараўнай. Праходзіў па адной справе з артыстамі Усеваладам Фальскім, Уладзімірам Кубарам, яго жонкай Надзеяй Кубар, загадчыкам дэзінфекцыйнага аддзела наркамата аховы здароўя Сямёнам Валачковічам, старшым механікам Мінскага тэлеграфа Герасімам Раманчыкам, тэлеграфістамі Міхаілам Бакуном і Ганнай Бруевіч, медсястрой Мінскага шпіталя Сінкліцікіяй Малчанавай. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 23 верасня 1921 У. Кубар і Г. Бруевіч асуджаны да ВМП і 19 кастрычніка 1921 расстраляны. М. Бакун, С. Валачковіч, Н. Кубар, С. Малчанава, Г. Раманчык прыгавораны да 2 гадоў ППК. У. Тэраўскі і У. Фальскі як «неданосчыкі» да ВМП (заменена на 5 гадоў ППК) і этапаваны ў Смаленскі папраўчы дом. Жонку У. Тэраўскага асудзілі да года зняволення ў Мінскім працоўным лагеры. Пасля вызваленя 24 мая 1923 кіраваў харавымі калектывамі БДУ, МБПТ, саюза паштавікоў-тэлеграфістаў.

Браў удзел у рабоце музычнай секцыі Інбелкульта. У 1930 быў расфарміраваны хор Тэраўскага пры Белдзяржуніверсітэце, а ў 1931 ён звольнены з работы ў БДТ-1, абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме. Служыў псаломшчыкам у царкве св. Марыі Магдаліны. Меў цяжкае матэрыяльнае становішча. Да 1933 г. служыў у Пярэспенскай царкве. Рэгент царкоўнага хору Мікалаеўскага сабора ў Мінску. Зноў арыштаваны 17 жніўня 1938 у Мінску па адрасе: вул. Старажоўская, д. 74, кв. 4. Прыгавораны 1 лістапада 1938 года тройкай НКУС як «агент польскай разведкі» да ВМП. Расстраляны 10 лістапада 1938.

Па першай справе (групавая, № 20479-с; захоўваецца з фотаздымкамі ў архіве КДБ Беларусі) рэабілітаваны пракуратурай БВА 6.8.1996, па другой (№ 10927-с; захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі) — трыбуналам БВА 1.10.1957.

Творчасць

Выявіў вялікія музычныя здольнасці ў дзіцячыя гады.

Стварыў музыку да спектакляў БДТ-1 «Бязвінная кроў» У. Галубка (1918), «Каваль-ваявода» (1925), «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е. Міровіча, «Панскі гайдук» Н. Бываеўскага і інш, заснаваную на шырокім выкарыстанні беларускага фальклору. Найбольш вядомай стала музыка да спектакля «На Купалле» М. Чарота (1921). Напісаў песні і рамансы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, З. Бядулі, М. Чарота і інш. Запісваў і гарманізаваў народныя песні, частка якіх апублікавана ў зборніках «Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый» (1921), «Беларускі лірнік» (1922), «Вайсковы зборнік» (1926).

Тэраўскі аўтар гімна «Ваяцкі марш» («Мы выйдзем шчыльнымі радамі…»), гімна «Беларуская марсельеза» (на верш Аляксандра Мікульчыка «Адвеку мы спалі…»).

Тэраўскі напісаў музыку да песні «Купалінка», якую многія лічаць народнай, яна з’яўляецца фрагментам музычнага суправаджэння спектаклю «На Купалле», таксама ёсць думка, што ён з’яўляецца аўтарам музыкі да песні «Шумныя бярозы» на словы Я. Купалы.

Цікава, што ў час выступленняў У. Тэраўскі меў звычку часам дырыжыраваць пальцамі, павярнуўшыся да хора спіной. Тэраўскі быў круглаваты і лысагаловы, даволі мажны. Ён любіў апранацца ў тон усяму хору па-народнаму: белая беларуская світка, пад ёй вышываная кашуля з саматканым поясам.

Ацэнкі і значэнне творчасці

У. Тэраўскі стаяў ля вытокаў стварэння нацыянальнай оперы i нацыянальнай музычнай школы. Толькі спектакль «На купалле» вытрымаў у 1920-я гады 432 паказы.

З. Бядуля ў сваім артыкуле «Штрыхi аб беларускай культуры» адзначаў, што хорам Тэраўскага магла б ганарыцца любая нацыя, болей культурная за нашу, і называў Уладзіміра Тэраўскага мастаком-самародкам.

Я. Кіпель пісаў, што займаючыся з моладдзю ў хоры‚ У. Тэраўскі стараўся рабіць з харыстаў нацыянальна свядомых людзей. Хор Тэраўскага меў велізарны ўплыў і на беларускае грамадства‚ і на развіццё беларушчыны.

Працуючы дырыжорам і кампазітарам, У. Тэраўскі меў сувязі з беларускім нацыянальным рухам. Падчас адкрыцця Першага Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 года хор пад яго кіраўніцтвам выканаў тры беларускія песні: Беларускую Марсельезу, «А хто там ідзе» і «Кроў нашу льюць даўно ўжо каты». Усе тры песні былі прынятыя авацыямі. Песня «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» стала гімнам БНР.

У хоры У. Тэраўскага спявалі Алеся і Андрэй Александровічы, жонка Я. Кіпеля Марыя, Міхась Чарот, стваральнік гімна Рэспублікі Беларусь Н. Сакалоўскі і іншыя. У вершы «Ахвярую Беларускаму хору Тэраўскага» (1919) Міхась Чарот са шчырым узрушэннем заклікаў спяваць «родную, пекную песню» і будзіць край свой ад цяжкага сну.

Бібліяграфія

  • Ўл. Тэрраўскi. Беларускi сьпеўнiк з нотамi на 3 галаса паводле народных мэлёдый. — Менск, 1921. — С. 58.
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(