1981г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Руск. Вальжина Морт
Беларуская пісьменніца, паэтэса, перакладчыца.
Скончыла МДЛУ. Іграла ў п'есе «Калекцыянер» (аўтар і рэжысёр: Вольга Гапеева), першы і адзіны паказ якой адбыўся 2.10.2003 у рамках фестываля «Тры дні».
Друкавалася ў беларускіх і замежных літаратурных выданнях (Nihil, Orient Express, Kafka). Аўтар кнігі «Я тоненькая як твае вейкі» (2005). Друкавался ў сумесных зборніках паэзіі «12+1. Конкурс маладых літаратараў імя Наталлі Арсенневай» (2004), «Frontlinie» і інш. Перакладае з польскай і англійскай. Паасобныя творы В. Морт перакладзеныя на нямецкую, польскую, шведскую, англійскую, літоўскую, латышскую, славенскую, балгарскую, украінскую мовы.
Удзельніца міжнародных фестываляў паэзіі ў Германіі, Швецыі, Ірландыі, Славеніі, Літве. Фіналістка літаратурнага конкурсу імя Н. Арсенневай (вясна 2003). Лаўрэат міжнароднай літаратурнай узнагароды «Крышталь віленіцы» Міжнароднага літаратурнага фестываля «Віленіца-2004» (Славенія, 2005).
З 2006 Вальжына Морт жыве і працуе ў ЗША, дзе ў 2008 у выдавецтве Copper Canyon Press выйшаў зборнік беларускамоўных вершаў з іх перакладамі на англійскую мову «Factory of Tears» («Фабрыка слёз»), названы амерыканскім друкам «першым у гісторыі беларуска-англійскім паэтычным зборнікам, выдадзеным на тэрыторыі Злучаных Штатаў». Пераклад выканалі паэт Франц Райт і яго жонка Элізабет Олькерс Райт. Кніга таксама выйшла ў перакладах у Швецыі і Германіі. У 2010 Вальжына Морт была ўганаравана амерыканскай літаратурнай стыпендыяй Фундацыі Лэнэна (2009 Lannan Literary Fellowship), якой штогод уганароўваюцца як вядомыя, гэтак і маладыя «аўтары надзвычайных літаратурных якасцей, якія зрабілі значны ўнёсак у англамоўную літаратуру і выяўляюць патэнцыял для далейшай яскравай працы».
Творчасць Вальжыны Морт характарызуецца экспрэсіўнасцю лексікі.