16 мая 1911г - 5 ліпеня 1996г
Мінская вобласць, Слуцкі раён, Еўлічы
Дзіцячы пісьменнік, Драматург, Пісьменнік, Паэт
Руск. Василь Витка
Беларускі літаратурны крытык, паэт, перакладчык, публіцыст, празаік, літаратурны крытык, драматург, педагог; класік беларускай дзіцячай літаратуры. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1970).
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Быў старэйшым дзіцем у сям’і, акрамя яго было яшчэ двое братоў і дзве сястры.
Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928), працаваў слесарам на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у заводскай шматтыражцы (1929-30), рэдакцыях газет «Камуніст» (Бабруйск, 1930-33), «Ударнік» (Жлобін, 1933-35). Пасля пераехаў у Мінск, дзе з 1935 года працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена».
У 1935 годзе адбылося яго знаёмства з будучай жонкай яўрэйкай Вольгай (Эльке) Рыгораўнай Лерман. У 1936 годзе яны пабраліся шлюбам. Вольга была трэцяй па ўзросце з сямі дочак у сям’і Рыгора і Рахілі Беркаўны Лерманаў. Яе малодшая сястра Геня выйшла замуж за паэта Рыгору Суніцу, брата Міхася Лынькова. У 1937 годзе ў Цімоха і Вольгі нарадзіўся сын Вісарыён, названы бацькам у гонар рускага пісьменніка Вісарыёна Бялінскага.
У час сталінскіх рэпрэсій, у 1937 годзе быў выключаны з камсамола і выгнаны з рэдакцыі «Чырвонай змены» «за страту пільнасці і лібералізм». На працу не бралі, дапамог Рыгор Лынькоў, які узяў на сваё імя тэрміновую работу і перадаў яе Крысько. Гаспадыня прыватнага дамка на вуліцы Розы Люксембург, якая здавала сям’і пакойчык, спалохалася і пагнала іх з кватэры. Тады Міхась Лынькоў дамогся праз Літфонд, каб яго пасялілі ў флігельку вартаўніка пры Доме творчасці ў Пухавічах. У гэты час Цімох Крысько захварэў на сустаўны раматус і пачаў хадзіць з кіёчкам. Праз дзевяць месяцаў быў адноўлены на працы. Працаваў у рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва» (1937-38) і часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1938-39).
У лістападзе 1939 года яго прызваны ў армію. Служба праходзіла ў Чырвоным Урочышчы пад Мінскам. Удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і да самага пачатку вайны працаваў сакратаром Беластоцкага абласнога аддзялення СП БССР. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны хутка паехалі ў Гомель, дзе Крысько пайшоў у ваенкамат, каб стаць дабраахвотнікам, але яго не прапусцілі па зроку і адразу ж накіравалі ў Маскву працаваць у беларускіх выданнях. Размінуўся з жонкай і сустрэўся з ёй толькі пад канец вайны. Вольга пешкі з двума маленькімі дзецьмі на руках дайшла з Гомеля ў Оршу, а потым дабралася да Смаленска, дзе ёй удалося сесці ў цягнік. Так сям’я апынулася ў эвакуацыі ў Кургане.
Цімох працаваў у рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь», а з 1942 — у аддзеле прапаганды і агітацыі ЦК КПБ, рэдактар масавых выданняў для акупіраваных раёнаў. Супрацоўнічаў у сатырычных часопісах «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну».
З дня ўтварэння часопіса «Беларусь» (студзень 1944) працаваў яго адказным сакратаром, з 1948 — намеснікам, з 1951 — галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1957-74 — галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». У 1974-87 — член сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1943.
Жыў у Доме пісьменнікаў па вул. Карла Маркса, 36.
Паводле ўспамінаў унучкі, Юліі Чарняўскай, пасля рэферэндуму 1995 года аб змяненні дзяржаўнай сімволікі на новую, ініцыяванага прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, Васіль Вітка напісаў да гэтай падзеі верш, пасля якога яго імгненна перасталі друкаваць, а пасля смерці на могілках раптам не стала месца для яго пахавання, беларускае тэлебачанне не сказала ні слова пра смерць заслужанага дзеяча культуры, не ўдалося таксама дамагчыся мемарыяльнай дошкі на яго доме.
Друкавацца пачаў у 1928.
Першы зборнік вершаў «Гартаванне» выдадзены ў 1944 ў Маскве. Затым выйшлі зборнікі паэзіі «Поўдзень» (1946), «Вернасць» (1953), «Ружа і штык» (1958), «Паверка» (1961), «Вершы» (1968), «Беларуская калыханка» (1971), «Праводзіны лета» (1972), «Вышыні святла» (1977), «Случчына» (1981), «Трэція пеўні» (1988), зборнік сатыры і гумару «Для дома, для альбома і трохі для эпохі» (1983). Для дзяцей выдаў кніжкі паэзіі і вершаваных казак «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1958), «Казка пра цара Зубра» (1960), «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Казкі» (1968, 1976), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Ладачкі-ладкі» (1977), «Мы будуем метро» (1979), «Мінскія балады» (1982), «Казкі і краскі», «Госці», «Загадка пра зярнятка» (усе 1984), «Дзецям» (выбраныя творы ў дзвюх кнігах, 1986), «Свята дружбы» (1987), зборнік апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962). У 1973 выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.
Аўтар п’ес «Прамень будучыні» (1948), «Шчасце паэта», прысвечанай Я. Купалу (1951, пастаўлена тэатрам імя Я. Купалы ў 1952).
Напісаў многа літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў на маральна-этычныя і выхаваўчыя тэмы, пісаў артыкулы пра К. Чорнага, М. Лынькова, М. Танка, Я. Брыля, В. Сухамлінскага і іншых. У 1977 выдаў кнігу дзённікаў, нарысаў і апавяданняў «Дзеці і мы», у 1982 — кнігу «Урокі», у 1988 — «Азбука душы». Адзін з аўтараў чытанак «Роднае слова» для 1 (1969), 2 (1970) і 3 (1988) класаў.
На беларускую мову пераклаў паэму У. Маякоўскага «Добра!» (1940, з Р. Лыньковым), «Паны Галаўлёвы» М. Салтыкова-Шчадрына (1956), кнігу В. Сухамлінскага «Блакітныя жураўлі» (1971), асобныя творы Л. Талстога, А. Чэхава, Я. Райніса, М. Ціханава, М. Рыльскага, М. Бажана, М. Стэльмаха, а таксама творы іншых рускіх, украінскіх, латышскіх, балгарскіх і польскіх пісьменнікаў.
На латышскую мову творы В. Віткі перакладаў Імантс Ласманіс, на украінскую Марыя Пазнанская, Юрый Назаранка и Любоў Забашта, на англійскую Уолтэр Мэй і Сяргей Сасінскі, на сербскую Вера Кусіцкі і Пётр Антановіч, на славацкую Гелена Крыжанова-Брындзова, на эстонскую Муя Вээтам, на балгарскую Найдзен Вылчаў, на чэшскую Здэнка Берграва, на французскую Сцяпан Батура, на нямецкую Уладзімір Чапега, на польскую Барыс Ошэраў і Аляксандр Барскі, на літоўскую Анзельмас Матуціс і Альбінас Жукаўскас, на нідэрландскую Р. дэ Врыес, на узбекскую Пулат Мумінаў.
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за кнігі «Беларуская калыханка», «Казкі» і «Чытанка-маляванка». У 1978 узнагароджаны дыпломам Міжнароднага журы па прэміях Х. К. Андэрсена (1978) з занясеннем прозвішча пісьменніка ў Ганаровы спіс дацкага казачніка.
Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума — «Знак Пашаны» і медалямі.
10 кастрычніка 1991 узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.