18 сакавіка 1921г - 21 жніўня 2012г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Географ, Геамарфолаг, Лімнолаг, Навуковец
Руск. Якушко Ольга Филипповна
Беларускі географ і лімнолаг, доктар геаграфічных навук (1970), прафесар (1972). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).
Бацька — Піліп Васілевіч Якушка, з сялян, брат архітэктара Герасіма Якушкі, таксама вучыўся на архітэктара, як інжынер-будаўнік браў удзел у вялікіх будоўлях першых савецкіх пяцігодак, у т.л. галоўнага корпуса БДУ (цяпер корпус геаграфічнага факультэта БДУ), Аршанскага льнокамбіната, апошняй чаргі Дома ўрада. Маці працавала ў бібліятэках Мінска.
У 1938 годзе пасля заканчэння сярэдняй школы № 5 г. Мінска, нягледзячы на жаданне бацькі, каб дачка стала будаўніком або інжынерам, паступіла на геолага-глебава-геаграфічны факультэт БДУ і да пачатку Вялікай Айчыннай вайны паспела скончыць 3 курсы. Вайна заспела Вольгу Піліпаўну на вучэбнай практыцы на Каўказе, потым яна апынулася за Уралам, у Кургане, пасля даведалася, што бацька мабілізаваны на вялікую ваенную будоўлю ў раёне Куйбышава (Самары), і паехала да яго, жыла ў гарадку пры станцыі Безымянка, якая неўзабаве ператварылася ў буйны цэнтр аднаўлення авіяцыйных заводаў вывезеных з Масквы. Працавала на маторабудаўнічым заводзе № 24.
У 1943 годзе даведалася аб аднаўленні працы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і вяртаецца на вучобу на станцыю Сходня пад Масквой. Гэтым часам знаёміцца з В. А. Дзяменцьевым, які чытаў курс фізічнай геаграфіі. В. А. Дзяменцьеў аказаў вялікі ўплыў на яе далейшую навуковую дзейнасць і лёс як навукоўца.
У 1945 годзе пасля вызвалення Мінска Вольга Філіпаўна адна з першых вяртаецца ў горад, дзе разам з выкладчыкамі і студэнтамі ўдзельнічае ў аднаўленні будынкаў універсітэцкага гарадка БДУ. У тым жа 1945 годзе скончыла геаграфічны факультэт з адзнакай, паступіла ў аспірантуру, якую скончыла ў 1948 годзе.
Пасля сканчэння аспірантуры, з 1948 года працуе выкладчыкам кафедры фізічнай геаграфіі геаграфічнага факультэта БДУ. У1949 годзе паспяхова абараняе кандыдацкую дысертацыю на тэму «Геамарфалогія паўднёвай часткі Мінскага ўзвышша». Уся далейшая Працоўная, навуковая і педагагічная дзейнасць В. П. Якушка звязана з універсітэтам, дзе яна за 40 гадоў прайшла шлях ад выкладчыка да доктара геаграфічных навук, прафесара.
У 1952 годзе была зацверджана ў вучоным званні дацэнта кафедры фізічнай геаграфіі.
У 1954 годзе стала членам геаграфічнага таварыства СССР. З 1995 па 1990 год-удзельнік усесаюзных з’ездаў геаграфічнага таварыства СССР.
На працягу многіх гадоў прафесар А. Ф. Якушка выконвала вялікую грамадскую працу. З 1959 па 1961 год абіралася дэпутатам Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў працаўнікоў. З 1967 па 1971 год з’яўлялася дэпутатам Ленінскага раённага Савета дэпутатаў працаўнікоў г. Мінска. Таксама была членам партыйнага і прафсаюзнага камітэтаў універсітэта.
У 1970 годзе абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Гісторыя развіцця і сучасны стан азёр поўначы Беларусі» і становіцца першай у Рэспубліцы жанчынай-доктарам геаграфічных навук. У гэтым жа годзе была ўзнагароджана медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна».
З 1970 па 1973 гады ўдзельнічала ў навукова-турыстычных паездках па краінах Усходняй Афрыкі: Танзанія, Замбія, Мадагаскар, Маўрыкій.
У 1972 годзе зацверджаны ў вучоным званні прафесара па кафедры фізічнай геаграфіі замежных краін. У 1973 годзе арганізавала і ўзначаліла кафедру агульнага землязнаўства і навукова-даследчую лабараторыю возеразнаўства БДУ.
У 1976 годзе была ўдзельнікам міжнароднага паліналагічнага кангрэса ў Індыі (г. Лакхнау).
У 1978 годзе была камандзіраваная ў Люблянскі універсітэт для навуковай працы, пазней адправілася ў Сафійскі універсітэт для чытання лекцый. У 1979 годзе праводзіла навуковую працу ў Якуцкім універсітэце. У 1981 годзе была камандзіраваная ў Балгарыю (г. Варна) на ХІІ з’езд географаў Балгарыі. У 1983 годзе чытала лекцыі ў Берлінскім універсітэце.
У 1990 годзе была ўдзельнікам ІХ з’езда геаграфічнага таварыства СССР і была абраная яго ганаровым членам.
Навуковая дзейнасць звязана з вывучэннем і картаграфаваннем ландшафтаў, распрацоўкай схемы фізіка-геаграфічнага раянавання тэрыторыі Беларусі. Кірунак навуковай дзейнасці даволі шырокі. У тэарэтычнай геамарфалёгіі даследаванні вяліся па праблемах літамарфагенэза Беларускага Паазер’я і Мінскага ўзвышша, геамарфалагічнага раянавання, праяўлення карставых працэсаў і сучасных працэсаў фармавання рэльефу ў раёнах распаўсюджвання лёсападобных парод Мінскага і Навагрудскага узвышшаў і Аршана-Магілёўскай падвышанай раўніны. Шырокае прымяненне маюць працы прыкладной накіраванасці: па марфаметрыі рэльефу, інжынернай, ландшафтнай і экалагічнай геамарфалёгіі.
Будучы дацэнтам на кафедры фізічнай геаграфіі, Вольга Піліпаўна прымае актыўны ўдзел у ландшафтнай здымцы поўначы і цэнтра рэспублікі, а таксама ў стварэнні схем фізіка-геаграфічнага і геамарфалагічнага раянавання Беларусі.
З сярэдзіны 50-х гг. яна звяртаецца да вывучэння азёр Беларусі — новай праблемы ў геаграфічнай навуцы ў рэгіёне. Быў напісаны шэраг манаграфій, навучальных дапаможнікаў, асобных артыкулаў, у якіх на аснове працяглых даследаванняў была распрацавана комплексная лімналагічная класіфікацыя азёр. Вольга Піліпаўна вывучае гісторыю іх развіцця ў галацэне, заканамернасці эвалюцыі лімнасістэм, праблемы іх ўстойлівага развіцця, антрапагеннае эўтрафаванне ва ўмовах інтэнсіўнай гаспадарчай дзейнасці, навуковыя прынцыпы абгрунтавання ахоўных азёрных ландшафтаў і асобных азёр. Настольнай кнігай цэлага пакалення лімнолагаў сталі выданні: «Геаграфія азёр Беларусі» (1967), «Беларускае Паазер’е» (1971), «Азеразнаўства» (1981).
У 70-х гг. пры асабістым удзеле А. Ф. Якушкі сфармавалася школа палеагеографаў Беларусі.
У пачатку 80-х гг. пад кіраўніцтвам В. П. Якушкі і пры яе асабістым удзеле быў выдадзены першы даведнік па азёрах, які ўключаў комплекс дадзеных больш чым пра 500 азёр Беларусі. Гэтая праца шырока выкарыстоўваецца шматлікімі навуковымі і вытворчымі арганізацыямі: у практыцы меліярацыйных работ пры вырашэнні пытанняў рацыянальнага выкарыстання тэрыторый багатых азёрамі, рыбаразвядзенні.
В. П. Якушка прымала ўдзел у вывучэнні і картаграфаванні ландшафтаў, распрацоўцы схемы фізіка-геаграфічнага раянавання тэрыторыі Беларусі, развіцця айчыннага і замежнага ландшафтазнаўства. Сумесна з балгарскімі навукоўцамі яна ўнясла істотны ўклад у развіццё вучэння аб антрапагенных ландшафтах: былі вызначаны крытэрыі выдзялення таксанамічных адзінак азёрных ландшафтаў па комплексе прыродных і антрапагенных фактараў, якія не маюць аналагаў у лімналагічнай навуцы.
Значны ўнёсак В. П Якушка ў стварэнне ў рэспубліцы сеткі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, аснову якіх як правіла складаюць возера. Гэта заказнікі рэспубліканскага значэння «Ельня», «Блакітныя азёры», «Белае», «Крывое», «Доўгае», «Рычы», «Сіньша», «Чырвоны Бор»; нацыянальныя паркі «Нарачанскі» і «Браслаўскія азёры».
Навуковая дзейнасць спалучалася з педагагічнай. Якушка В. П. чытала лекцыі па асноўных геаграфічных курсах «агульнаму землязнаўству», «агульнай геамарфалёгіі» спецкурсам «сучасныя праблемы геамарфалёгіі», «лімналогія», «геамарфалогія Беларусі».
Навуковая дзейнасць Вольгі Піліпаўны пастаянна спалучаецца з падрыхтоўкай спецыялістаў геаграфічнага профілю. У 1973 годзе пры кафедры агульнага землязнаўства была арганізавана новая спецыялізацыя па геамарфалогіі і геафізіцы. З гэтай мэтай публікуюцца шматлікія артыкулы і навучальныя дапаможнікі.
Прымала ўдзел у стварэнні падручніка па геаграфіі БССР для сярэдняй школы, які вытрымаў 10 выданняў, хрэстаматый па геаграфіі для сярэдняй школы, падручнікаў для вышэйшай школы «Прырода Беларусі» і «Геаграфія Беларусі», шматлікіх спецыялізаваных зборнікаў.
Навуковыя працы Вольгі Піліпаўны Якушка атрымалі шырокую вядомасць у колах лімнолагаў, географаў, геамарфолагаў. Яна неаднаразова выступала з дакладамі, лекцыямі на міжнародных, усесаюзных, рэспубліканскіх канферэнцыях і з’ездах у ПНР, НРБ, Індыі, СФРЮ, Ленінградзе, Маскве, Іркуцку, Вільне і Таліне. Вольга Піліпаўна — навуковы кансультант лабараторыі азеразнаўства якуцкага ўніверсітэта, яна мела цеснае супрацоўніцтва з Інстытутам азеразнаўства АН СССР, з’яўлялася членам Савета Геагрфічнага таварыства СССР і БССР, актыўна праца ў БелСЭ як аўтар шматлікіх артыкулаў, член рэдкалегіі і навуковы кансультант.