2 студзеня 1925г - 1 красавіка 2010г
Мінская вобласць, Барысаўскі раён, Барысаў
Руск. Демидчик Евгений Павлович
Беларускі вучоны ў галіне хірургіі і анкалогіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1996), доктар медыцынскіх навук (1988), прафесар (1988). Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь (1997).
Скончыў Мінскі медыцынскі інстытут (1957). У 1966—1974 гг. асістэнт, дацэнт кафедры шпітальнай хірургіі, адначасова галоўны хірург Мінскага гарздраўаддзела (1966—1987), у 1974—1996 гг. загадчык кафедры анкалогіі Мінскага медыцынскага інстытута. З 1996 г. прафесар Мінскага медыцынскага інстытута, у 1990—2000 гг. кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У 1998—2006 гг. кіраўнік даследчай групы Інстытута фізіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2003 г. галоўны навуковы супрацоўнік цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыі, з 2005 г. прафесар ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны медыцынскі універсітэт».
Асноўныя працы ў галіне хірургіі і анкалогіі. Даказаў, што вялікі рост захворвання дзяцей на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі абумоўлены дзеяннем падвышанай радыяцыі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ім вызначаны клініка-біялагічныя асаблівасці радыяцыйна-індукаванага рака шчытападобнай залозы ў дзяцей, устаноўлены адрозненні генетычных пашкоджанняў у залежнасці ад гісталагічнага тыпу пухліны, распрацавана тэхніка аптымальных першасных і паўторных хірургічных умяшанняў пры рэцыдывах і метастазах гэтай пухліны. Прапанаваў метад камбінаванага лячэння хворых неаперабельным тырэоідным ракам і вызначыў эфектыўнасць радыаёдтэрапіі пры лёгачных метастазах рака шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў, якія атрымалі апраменьванне падчас Чарнобыльскай катастрофы. Аўтар больш за 380 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій і даведнікаў па хірургіі, эндакрыналогіі і гастраэнтэралогіі, 11 патэнтаў на вынаходствы.