21 лютага 1966г - 13 красавіка 2017г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Руск. Бохан Юрий Николаевич
Беларускі гісторык і археолаг. Доктар гістарычных навук (2003), дацэнт (2008), прафесар гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Скончыў гістарычны факультэт МДПІ імя Горкага (1990), аспірантуру Інстытута гісторыі АН БССР па спецыяльнасці «археалогія» (1993).
Працаваў у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі на пасадах навуковага супрацоўніка аддзела гісторыі Беларусі XIII—XVIII стст. (1993—1997), выконваў абавязкі загадчыка аддзела (1997—2001) і з’яўляўся загадчыкам гэтага аддзела (2001—2005). З 2005 года працаваў загадчыкам кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
Даследаваў пытанні ўрбаністычнага развіцця Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVIII стст., узбраення і арганізацыі войска Вялікага Княства Літоўскага ў XIV—XVI стст., побыту феадалаў Вялікага Княства Літоўскага ў XV—XVI стст., праблемы Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г.
У 1994 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Мястэчкі вярхоўяў Віліі і нёманскай Беразіны ў XV—XVIII ст. (па археалагічных і пісьмовых крыніцах)» (нав. кіраўнік Г. В. Штыхаў).
У 2003 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Узбраенне і структура войска Вялікага княства Літоўскага у другой палове XIV—канцы XVI ст.»
Удзельнічаў у раскопках г. Полацку, г. п. Міры, г. Маладзечна і в. Лебедзева, самастойна праводзіў археалагічныя раскопкі ў в. Лоск (1990—1992).
Адзін з аўтараў кніг «Археалогія Беларусі» (т. 4, 2001), «Гісторыя Беларусі» (т. 3, 2004), «Гісторыя Беларусі ў 6 т. Том 2. Беларусь у перыяд Вялікага Княства Літоўскага» (Мн., 2008).
Удзельнічаў у запісе асобных перадач з цыкла «Беларускі альбом» («Першы нацыянальны канал» Беларускага радыё).
Уваходзіў у склад Дзяржаўнага геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Экспертнага савета па гісторыі пры ВАК Рэспублікі Беларусь, Секцыі і Прэзідыума метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі РБ, сябра Савета Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Савета ІСГА БДЭУ, галоўны рэдактар зборніка «Архивариус», старшыня рэдакцыйнага савета часопіса «Беларускі гістарычны часопіс», сябра рэдкалегіі часопіса «Веснік Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта».