RU BE

Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны)

Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) - беларускі драматург, пісьменнік, паэт

4 лістапада 1887г - 11 красавіка 1937г

Мінская вобласць, Капыльскі раён, Капыль

Драматург, Пісьменнік, Паэт

Руск. Жилунович Дмитрий Фёдорович (Тишка Гартный)

Беларускі пісьменнік, паэт і перакладчык, грамадскі і дзяржаўны дзеяч. Акадэмік АН БССР (1928).

Біяграфія

Паходзіць з сялян. У 1905 годзе скончыў двухкласную школу ў Капылі. Працаваў рамеснікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне.

Удзельнік рэвалюцыі 1905—1907, з 1906 член Капыльскай арганізацыі РСДРП. Ствараў рукапісныя часопісы.

У траўні 1913 года пачаў працу на заводзе «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. У 1914 годзе пераходзіць на завод «Айваз». Быў удзельнікам культурна-выдавецкай суполкі «Знание».

З лютага па снежань 1918 — сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыята. Рэдактар першай беларускай бальшавіцкай газеты «Дзянніца». З кастрычніка 1918 прыняты ў РКП(б). Аўтар маніфеста аб утварэнні Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь, з 1 студзеня 1919 па 3 лютага 1919 старшыня Часовага ўрада яе.

У 1919—1920 — сакратар газеты «Красная звезда» (Харкаў), палітработнік на Паўднёвым фронце Чырвонай Арміі. Потым — літаратурны супрацоўнік у штабе Заходняга фронту (у Смаленску). З 1920 года — сакратар і адказны рэдактар газеты «Савецкая Беларусь».

З 1921 жыве ў Мінску. Узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў намеснікам наркама асветы і старшынёй Галоўмастацтва БССР, з’яўляўся членам прэзідыума Інбелкульта і навуковым сакратаром камісіі па вывучэнні рэвалюцыйнага руху на Беларусі.

У сакавіку 1922 наведаў Берлін, наладзіў выданне беларускіх падручнікаў і мастацкіх кніг. За два месяцы было надрукавана 10 назваў агульным накладам 138 500 экзэмпляраў (у тым ліку кніга паэзіі «Песьні працы і змаганьня» і першая частка рамана «Сокі цаліны» Гартнага). У красавіку 1922 узначаліў беларускае кааператыўнае выдавецтва «Адраджэнне», выпусціўшае за адзін год 14 кніг. Неўзабаве выдавецтва было абвінавачана ў «нацыянал-шавінізме» і было пераназвана, як «Савецкая Беларусь». У снежні выдавецтва выпусціла № 1 часопіса «Полымя», рэдактарам якога стаў Жылуновіч. У гэтым жа годзе разам з часткай іншых творцаў пытае дазволу на стварэнне беларускай літаратурнай арганізацыі «Вір». Статут «Віру» зацверджаны не быў.

У 1925 зноў ездзіў да Берліну з мэтай удзелу ў Другой Усебеларускай канферэнцыі. У 1927 годзе разам з Купалам, Чаротам і Зарэцкім наведаў Польшчу і Чэхію, выступіў перад беларусамі Варшавы.

Ініцыятар стварэння літаратурнай арганізацыі «Полымя». Член ЦВК БССР у 1920—1931. Акадэмік БелАН з 1928. Удзельнік Саюза пісьменнікаў СССР з 1934. У 1934—1936 працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН.

Рэпрэсіі

Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай «за сувязь з <…> нацдэмаўскімі і фашысцкімі элементамі». Арыштаваны 15.11.1936, пераведзены (7.4.1937) у Магілёўскую псіхіятрычную лячэбніцу, дзе і памёр (па афіцыйнай версіі ад гангрэны лёгкіх; па іншых звестках — скончыў жыццё самагубствам).

Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахавання 11.4.1989 устаноўлены помнік. Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987.

Творчасць

Друкавацца пачаў з 1908 — верш «Бяздольны» ў газеце «Наша ніва». Выступаў як паэт, празаік, драматург, публіцыст, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, крытык.

У 1912 газета «Правда» змяшчае некалькі вершаў і нарыс, прысвечаны працаўнікам. Першая кніга «Pieśni» (Песні) выйшла ў 1913.

Цішка Гартны — пачынальнік рабочай тэматыкі ў беларускай паэзіі і прозе. У рамане «Сокі цаліны» (нап. 1914—1929) паказаў шляхі фарміравання характару рэвалюцыйнага змагара, узняў некранутыя пласты народнага жыцця, разгарнуў шырокія малюнкі заводскіх будняў, стварыў яскравыя вобразы сялян-местачкоўцаў. У зборніках апавяданняў «Трэскі на хвалях» (1924) і «Прысады» (1927) адлюстравана разбуджаная рэвалюцыяй беларуская вёска. У творах Цішкі Гартнага заўважаўся паварот ад аднабаковай рамантызацыі і лірыка-эмацыянальнага ўспрыняцця грамадзянскай вайны да рэалістычнага паказу канкрэтнага чалавека і яго псіхалогіі. У рамане «Перагуды» (1935) паказаў вёску ў перыяд калектывізацыі. У зборніку «Узгоркі і нізіны» (1928) — даследаванні творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, А. Гурло.

Ц. Гартны пераклаў на беларускую мову першую кнігу рамана А. Фадзеева «Апошні з удэге» (Мн.. 1932), пачаў перакладаць «Мёртвыя душы» М. Гогаля.

Крытыка і прызнанне

Вось як адзначыў творчасць Цішкі Гартнага Янка Купала:

Цішка не «майструе вершаў», а пяе, пяе ўсёй сваёй набалелай душой, усім сваім сэрцам гарачым, кіпучым. Нойдзеце тут і галубіныя песні кахання, і сумныя жальбы, і смелыя жаданні, і ва ўсім чуваць песняра праўдзівага, вынасіўшага кожнае слова ў сваіх набалелых грудзях.
Агляд кніг (1913)

Цішка Гартны мог стаць першым Народным паэтам Беларусі — у 1923 пленум ЦК КП(б)Б пастанавіў надаць яму такое званне. З невядомых прычын пастанова не была зведзена ў жыццё.

Творы Гартнага перакладаліся на рускую, украінскую і іншыя мовы.

У 2000 годзе ў Капылі перад Капыльскім раённым краязнаўчым музеем устаноўлены помнік Цішку Гартнаму (скульптар Уладзімір Бандарэнка).

Яго імем названы вуліцы ў Мінску, Капылі.

Бібліяграфія

  • Песьні (1913)
  • Хвалі жыцьця (1918) — п’есы
  • Песьні працы і змаганьня (1922)
  • Сокі цаліны (1922)
  • Трэскі на хвалях (1924) — апавяданні
  • Сацыялістка (1924) — п’есы
  • Урачыстасьць (1925)
  • Дзьве сілы (1927) — п’есы
  • Прысады (1927) — п’есы, апавяданні
  • Узгоркі і нізіны (1928) — зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў
  • На новым месцы (1930) — зборнік аповесцяў
  • Гаспадар (1930)
  • Зялёны шум (1931)
  • Гоман зарніц (1932)
  • Наступ на горны (1932) — вершы, апавяданні
  • Збор твораў у 4 тамах (1929—1932)
Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(