11 лістапада 1875г - 17 сакавіка 1951г
Мінская вобласць, Мінскі раён, Мінск
Руск. Павлович Альберт Францевич
Беларускі паэт-гумарыст, драматург.
Скончыў 4-класнае гарадское вучылішча ў Мінску (1894). Працаваў ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Жыў у Мінску. 3 1932 года ў Маскве, на Урале, з 1945 года ў Курску.
Літаратурную дзейнасць пачаў у канцы ХІХ стагоддзя, у беларускім друку выступіў у 1907 годзе (газета «Наша ніва»). Друкаваўся ў альманаху «Маладая Беларусь», часопісе «Лучынка» і інш. Выдаў зборнік вершаў «Снапок» (1910), драму «Васількі» (1919). У лірычных вершах гучалі патрыятычныя матывы. Творчасць А. Паўловіча цесна звязана з фальклорам. Найбольш вядомымі і папулярнымі былі яго вершаваныя гумарыстычныя апавяданні, жартоўныя сцэнкі, пераказы беларускіх народных анекдотаў («Пан і акуляры», «Ракі», «Шчодрая ахвяра», «Маладая гаспадынька» і інш.). Аўтар артыкулаў «Забытае» (да гісторыі тэксту «Гутаркі Данілы са Сцяпанам», 1925), «Сялянка» В. Дуніна-Марцінкевіча на мінскай сцэне» (1929). На беларускую мову перакладаў творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, М. Канапніцкай, У. Сыракомлі. Займаўся жывапісам, вышываў дываны.