28 жніўня 1951г
Гродзенская вобласць, Астравецкі раён, Слабодка
Руск. Александрович Виктор Францевич
Беларускі графік і жывапісец. Член Беларускага Саюза мастакоў (1987).
Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння ў 1968 годзе Астравецкай сярэдняй школы, год працаваў на мясцовай аўтабазе № 4. У 1975 скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. У 1975—1981 Выкладаў на кафедры графікі гэтага інстытута, з невялікім перапынкам на службу ў войску (1976—1977).
Працы Віктара Александровіча адзначаны шматлікімі дыпломамі на конкурсах кнігі ў Беларусі і за межамі краіны. Творы мастака знаходзяцца ў музеях беларускай сталіцы, прыватных калекцыях. У 1999 годзе адбылася персанальная выстаўка майстра на радзіме — у Астраўцы.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1975 года. Працаваў пераважна ў галіне станковай графікі, пазней кніжнай. Ілюстратар твораў мастацкай літаратуры. З ранніх работ — афармленне кнігі Якуба Коласа «Рыбакова хата» (1975), літаграфічная Iлюстрацыя да паэмы Янкі Купалы «Адвечная песня», серыя «Адвечная песня» па матывах паэмы Янкі Купалы (1979), літаграфічны партрэт Цёткі (1980). Выканаў афармленне (гуаш, соус, пастэль, акварэль, тэмпера) кніг «Вялікі лес» — трылогіі Барыса Сачанкі (1979—1983), «Вершы Янкі Купалы» (кніжка-мініяцюра (1980)), «РВС» Аркадзя Гайдара (1981), «Белая знічка» Алеся Савіцкага (1983), «Цяжкія часы» Чарльза Дыкенса (1983), «Станаўленне» Генрыха Далідовіча (1984), «Цыганскія песні» (1984), «Алімпіяда» Івана Пташнікава (1984), «Лес шуміць» Уладзіміра Караленкі (1984), «Кепска будзе» Францішка Багушэвіча (1985), «Сымон-музыка» Якуба Коласа (1986), «Чайкі на хвалях» Івана Чыгрынава (1988), «Міколка-паравоз» Міхася Лынькова (1989), «Параненая памяць» Івана Новікава (1990), «Людзі на балоце» (1991), «Подых навальніцы» (1991), «Завеі і снежань» (1995) — Івана Мележа, зборнік беларускіх народных казак «Ня сілай, а розумам» (1997).