25 лютага 1957г - 23 красавіка 2004г
Магілёўская вобласць, Касцюковіцкі раён, Бялынкавічы
Дзіцячы пісьменнік, Пісьменнік, Паэт
Руск. Алесь Письменков
Беларускі паэт, эсэіст. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1984).
Нарадзіўся ў рабочай сям’і. Бацька паэта, Уладзімір Сямёнавіч, працаваў шафёрам, маці, Марыя Сямёнаўна, — медсястрой у бальніцы. На выхаванне і сталенне Алеся ды яго малодшага брата Міколы ў значнай ступені паўплывалі родныя бацькоў: апавядальнікі і надзвычай гасцінныя дзед Сямён Варфаламеевіч і бабуля Анісся Васільеўна.
Вучыўся ў Бялынкавіцкай сярэдняй школе, асаблівы ўплыў на Алеся зрабіў настаўнік мовы і літаратуры А. Нікіценка, які падчас вучобы ў Смаленску неаднойчы сустракаўся з А. Твардоўскім і М. Ісакоўскім. Пасля школы, у 1974—1975 гадах працаваў карэспандэнтам касцюковіцкай раённай газеты «Сцяг камунізму». У 1975 годзе паступіў на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1980 годзе.
У 1980—1982 гадах працаваў карэспандэнтам у аддзеле крытыкі і бібліяграфіі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», у 1982 годзе перайшоў у часопіс «Полымя» на пасаду рэдактара аддзела навукі і мастацтва. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1984 года, у 1990 годзе абраны сакратаром саюза. Пазней вяртаецца ў «Полымя» намеснікам галоўнага рэдактара, але потым ізноў перайшоў у «ЛіМ» на пасаду галоўнага рэдактара (1999—2002). У 2002 годзе перайшоў у рэдакцыю часопіса «Вожык» (2002—2004).
Памёр 23 красавіка 2004 года ў Мінску на працоўным месцы ад сардэчнага прыступу. Пахаваны ў Мінску на Кальварыйскіх могілках.
Дэбютаваў вершам у 1972 годзе ў касцюковіцкай раённай газеце «Сцяг камунізму». Тады ж асабіста пазнаёміўся з Аляксеем Пысіным, які прыязджаў на сустрэчу з членамі раённага літаб’яднання. А. Пысін так пісаў пра сваё знаёмства з Алесем Пісьмянковым: «На касцюковіцкім семінары асабліва прыемным было знаёмства з семнаццацігадовым Алесем Пісьмянковым. Нядаўні дзесяцікласнік, ён працаваў карэктарам у раённай газеце… Танклявы, светлавалосы, знешне ён нагадваў гарадскога падлетка, але быў занадта ціхі і сарамлівы. Можа, разумеючы гэта, у сваіх вершах хацеў быць трохі „байчэйшым“, надаваў свайму лірычнаму герою больш сталасці і мужнасці. А лепшыя яго вершы па-юнацку шчырыя і непасрэдныя, у іх шмат пачуцця і такой добрай наіўнасці, якая асабліва кранае».
Аўтар кнігі паэзіі «Белы камень» (1983). Пасля першага зборніка паэзіі выйшлі кнігі «Чытаю зоры» (1988), «Планіда» (1994), «Журавель над студняй» (1998), «Я не памру, пакуль люблю…» (2000, выбранае). Зборнік «Думаць вершы» (2005) выйшаў пасмяротна. У 2012 годзе ў «Рэдакцыі газеты „Звязда“ выйшаў зборнік выбраных твораў „Не знікай“ (укладальнік жонка пісьменніка — Алена Пісьмянкова).
Лірык па характары, А. Пісьмянкоў быў лірыкам і ў паэзіі, але лірыкам, якому не чужой была і філасофія жыцця. Як лічыць доктор філалагічных навук, прафесар Алесь Бельскі — Алесь Пісьмянкова з’яўляецца „паэтам лірыка-рамантычнага светауспрымання“, які вызначаўся надзіва гарманічным спалучэннем адкрытай пачуццёвасці і спакойнага глыбокага роздуму».
Галоўны герой А. Пісьмянкова — беларус, які мае трывалую культурна-гістарычную памяць, які адчувае сябе на зямлі продкаў паўнакроўна і надзейна, які ганарыцца прыналежнасцю да зямлі Беларусі, якая нарадзіла Скарыну,Каліноўскага, Багушэвіча і Багдановіча. Разам тым, ён быў поўны непрымірымасці да чэрствасці, абыякавасці, душэўнай глухаты. Для яго характэрна дабрыня, добразычлівае стаўленне да чалавека.
Як лічаць літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук Вольга Русілка "…для А.Пісьмянкова паэзія была не прафесіяй, а спосабам жыцця, мыслення, абсалютна арганічнай формай самавыражэння і самарэалізацыі.
Пісаў творыі для дзяцей: кнігі «Заўзятары» (1993), «Ласуны — веселуны» (1997), «Мы з братам» (2003). Калі працаваў у «Вожыку» спрабаваў сябе ў сатыры. Пісаў таксама нарысы, эсэ, аўтар перакладаў. Асобныя вершы паэта пакладзены на музыку.
Зборнікі вершаў
Творы для дзяцей