RU BE

Вера Вярба

Вера Вярба - беларускі паэт

14 студзеня 1942г - 15 ліпеня 2012г

Віцебская вобласць, Талачынскі раён, Высокі Гарадзец

Паэт

Руск. Вера Верба

Беларуская паэтэса, перакладчыца. Сапраўднае імя Гертруда Пятроўна Сакалова.

Яна стала адной з яркіх прадстаўніц плеяды жанчын-паэтэс (разам з Е. Лось, Я. Янішчыц, Н. Мацяш, Т. Бондар, Р. Баравіковай, Г. Каржанеўскай і інш.), якія сваёй творчасцю аздобілі і ўзбагацілі беларускую літаратуру другой паловы ХХ стагоддзя.

Біяграфічныя звесткі

Сапраўднае імя - Гертруда Сакалова. Нарадзілася 14 студзеня 1942 года ў вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна ў сям'і службоўцаў. Бацька, Пётр Андрэевіч Маркаў, загінуў у 1941 пад Смаленскам. Маці, Надзея Васілеўна Казлоўская, працавала інжынерам у Мінску. У 1958 В. Вярба скончыла сярэднюю школу ў Мінску і паступіла на філалагічны факультэт БДУ, які скончыла ў 1964. Пасля атрымання дыплома піша ў часопіс «Маладосць» і ўладкоўваецца старшым інспектарам аддзела прапаганды літаратуры упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку. Сур'ёзная пасада і вымушае паэтку ўзяць псеўданім. 3 1972 — літсупрацоўніца, потым загадчыца аддзела пісем і інфармацыі рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», з 1977 пазаштатны карэспандэнт часопіса «Работніца і сялянка», з 1980 — у часопісе «Беларусь». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1964 г., выбіралася членам бюро секцыі паэзіі СП БССР; жыла ў Мінску. Мае сына.

Псеўданiм

Гертруда Сакалова. Аўтарка, якая сваім творчым псеўданімам абрала лірычнае спалучэнне Вера Вярба.

Вера Харужая стала для паэтэсы ідэалам, пуцяводнай зоркай: «Я іду па слядах тваіх // за справядлівасцю і мужнасцю, // За высокай гордасцю і дружнасцю. // Кожны крок мой – на белай паперы, // Я дайду да цябе, мая Вера!». Відавочна, што менавіта гэтая гераіня паўплывала на выбар псеўданіма паэткі.

Другой часткай псеўданіма стала назва дрэва. У беларускім фальклоры вярба з’яўляецца сімвалам смутку. Як зазначае І. Чарота, «усходнеславянскія супольныя прынцыпы паэтызацыі вярбы на першы план ставяць лірычныя, часцей за ўсё любоўныя тэмы, у якіх дрэва ўвасабляе тугу». Паэтка ўспрымае дрэвы, як блізкія істоты, яны падобныя да людзей: «Затужылі вербы над вірамі. // ...Але нельга вербам адарвацца // Ад радзімы, ад сваіх віроў». У творчасці В. Вярбы сімволіка гэтага дрэва прадвызначыла яркія адметнасці яе лірычнага слова – сувязь з роднымі каранямі, народна-песенную аснову і самотна-шчымлівы, пяшчотны настрой.

Творчасць

Дэбютавала ў 1958. З гэтага ж года пачалі публікавацца яе вершы ў друку (у часопісах «Вясёлка», «Бярозка», «Маладосць», «Полымя» і інш.). Беларускі паэт Мікола Аўрамчык з цікавасцю згадвае, як васьмікласніцай Вера Вярба прыйшла з сваімі вершамі ў рэдакцыю часопіса «Маладосць»: «Яна вельмі смелы чалавек была і вельмі своеасаблівы чалавек. Магла і жартаваць, і кпіць з хлопцаў з нашых з усіх, з паэтаў – тым больш. Вельмі дзёрзка трымалася, вельмі своеасабліва. Я нікога не магу параўнаць з ёй, нікога з тых паэтаў, якія амаль за сорак год маёй кансультацыі паэзіі прыходзілі да мяне. Яна своеасаблівая і, канечне, паэтэса ад Бога. Тут нічога не скажаш».

Ужо ў 1962 г. выдалі першую кнігу паэтэсы «Вочы вясны», якая была высока ацэненая крытыкамі. У 1964 г. В. Вярбу прынялі ў Саюз пісьменнікаў БССР. Адзін з вершаў – «Ручнікі» – з першага зборніка спадабаўся выкладчыку Полацкага педагагінага вучылішча Мікалаю Пятрэнку і ён напісаў на гэтыя словы песню. «Ручнікі» пасля выканання самадзейным дуэтам з Лёзна – Тамарай Дзядковай і Валянцінай Альхоўскай – на рэспубліканскім конкурсе мастацкай самадзейнасці сталі вядомаю песняй, якая пазней увайшла ў рэпертуар «Песняроў» і зрабіла маладую аўтарку папулярнай на ўсю краіну.

Вера Вярба выклікала захапленне. Генадзь Бураўкін прыгадваў: «Я памятаю прыход Веры Вярбы ў нашу паэзію. Не заўважыць гэтага прыходу нельга было, бо Вера была трапяткой, тоненькай, прыгожай, і вершы яе адразу ж былі непадобныя да іншых. Акрамя відавочнага таленту, у іх была жаноцкасць, тая жаноцкасць, якой вельмі і вельмі не хапала беларускай паэзіі навогул і, у прыватнасці, творчасці паэтак. Яна стала вельмі хутка вядомай…». Сапраўды, з першага зборніка ў творах паэтэсы прагучала выразная жаноцкасць, эмацыянальнасць, была відавочная перавага інтымнай лірыкі. Многія рэцэнзенты (В. Бечык, А. Куляшоў, В. Рагойша, А. Яскевіч ды інш.) адзначылі адметнае лірыка-непасрэднае самавыяўленне паэтэсы, яе «свежы голас». А. Лойка, напрыклад, вылучыў як самыя «цікавыя» творы з першага зборніка паэтэсы – «напісаныя ў інтанацыях і рытмах народнай песні – «У апошні », «У мяне каханне...»

Стаўшы вядомай у дваццацігадовым узросце, Вера Вярба на далейшым творчым шляху сустрэла цяжкія выпрабаванні: за шэрагам захапляльных рэцэнзій пайшлі разгромныя. У 1965 г. В. Вярба падрыхтавала другі свой зборнік «Снежань», але чытач яго так і не пабачыў. У рэцэнзіі на гэтую нявыдадзеную кнігу С. Грахоўскі пісаў: «Чытаючы многія вершы, пераконваешся, што В. Вярба піша так, як пішацца, мала клапоцячыся аб тым, што яна скажа людзям… Ствараецца ўражанне, што ў кніжку ўключаны першыя варыянты, а часам чарнавікі, непрадуманыя, неадшліфаваныя, напісаныя паспешліва і абыякава…». Рэцэнзент Я. Мазалькоў адзначыў паэзію В. Вярбы як «шчырую гарачую лірыку», а саму аўтарку «як несумненна адораную паэтэсу, для якой характэрны пошукі яркай своеасаблівай формы, імкненне упрыгожыць верш унутранымі рытмамі, асанансамі, маляўнічымі і незвычайнымі вобразамі», але зусім не зразумеў і раскрытыкаваў верш «Як надаелі размовы аб модзе…»: «Канечне, недарэчна лічыць «злачынствам» падмаляваныя па-моднаму вусны і нават размаляваныя вейкі. Але таксама недарэчна лічыць кароткія сукенкі і адкрытыя каленкі прыкметай якіх-небудзь асобых вартасцяў маладых людзей, якія не жадаюць адставаць ад моды!»

Адказам на крытыку гучаць радкі з верша В. Вярбы: «За што вы толькі не судзілі – // А я па-свойму ўсё раблю. // На зайздрасць вам мяне любілі, // І я на зайздрасць вам – люблю. // Пакінулі свой след капытны // На маладой маёй душы, // Мой вобраз юны абабіты, // Як слуп аб’яўны ля шашы <…> І некаму мне крыўду скласці, // І некалі прыняць дакор. // Жыву і прычакаю шчасця // Усім чарцям наперакор».

Толькі значна пазней, у 1982 г. дапытлівая літаратуразнаўца Т. Чабан у даследаванні «Крылы рамантыкі: рамантычныя тэндэнцыі ў сучаснай беларускай паэзіі» змагла максімальна наблізіцца да раскрыцця таямніцы таленту В. Вярбы. Аналізуючы творчасць беларускіх паэтаў-рамантыкаў, яна вылучае ў гэтай сувязі паэзію В. Вярбы. Канешне, рамантычнасць і жаноцкасць – паняцці не ідэнтычныя, але ў асобнай канатацыі суадносныя. Даследчыца, спалучаючы рамантычныя тэндэнцыі з фальклорнай традыцыяй, акцэнтуе ўвагу на эмацыянальнасці стылю паэтэсы: «Класічныя» рамантыкі, раскрываючы ўнутраны свет чалавека, асаблівую ўвагу звярталі на эмацыянальны бок яго жыцця – «жыццё сэрца» (Бялінскі)». Характарызуючы лірыку паэтэсы, Т. Чабан адзначае «эмацыянальны пачатак», адвяргаючы «прагматызм, рацыяналізм». Лірычнай гераіні В. Вярбы ўласціва «жаноцкая (звярніце ўвагу – жаноцкая, а не жаночая – І. Ш.) кволасць, пяшчота да ўсяго жывога, душэўная ранімасць». У працы Т. Чабан, акрамя пералічаных рыс жаноцкасці, характэрных для паэзіі В. Вярбы, выяўляюцца прыклады змяншэння лагічна-рэчыўнага пачатку: «гранічна эмацыянальныя, суб’ектыўныя, неадназначныя эпітэты («засмучаныя далi», «строгі маладзік», «позні кароль», «перабалелы дзень» і г. д.), непрадбачаныя, ірацыянальныя параўнанні («рух ласкавых рук – як міг і недарэчнасць»), катахрэза – непаслядоўнасць у развіцці паэтычнага вобраза». Усё гэта дае магчымасць пры дапамозе «недагавораных» слоў і сімвалічных вобразаў звяртацца да чытача, «мінуючы логіку».

У гэтым ракурсе важным акцэнтам з’яўляецца актуалізацыя пытання ўзроставай мяжы. Сапраўды, цяжка аспрэчыць факт асаблівай балючасці гэтай тэмы для жанчыны, і таму неаднаразова гэтая тэма пульсуе ў многіх творах В. Вярбы: «Як гэта цяжка быць дарослай, // Як гэта цяжка быць жанчынай <…> А потым старасць, потым восень, // Хаваеш першыя маршчыны».

Яшчэ адной яркай адметнасцю жаноцкасці ў творчасці В. Вярбы стала тэма мацярынства. Невыпадкова трэцяя яе кніга – зборнік вершаў для дзяцей «Пралеска» (1968). Яшчэ ў васямнаццацігадовым узросце паэтэса ўсведамляла як найвышэйшае шчасце для жанчыны – быць маці: «Як найшчаслівейшая жанчына, // Дзіця падносіш да грудзей. // На твары свецяцца маршчыны, // І вочы сталі маладзей» (1960); кранае сваёй пяшчотай верш з першай кнігі паэтэсы – «Дачцэ, якой яшчэ няма» (1960).

Рэалізаваўшы сябе як жанчына-маці, паэтэса адзін за другім «нараджала» кнігі вершаў: «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982), «Яраслаўна» (1986). У 1976 г. выйшла «Выбранае», у 1987-м – кніжка выбранай паэзіі «Белыя пісьмы», у 1995-м – «Апошні верасень».

Ваенная тэма прадстаўлена ў паэзіі Веры Вярбы таксама і праз асэнсаванне гераічнага вобразу сваёй зямлячкі Веры Харужай, якой яна прысвячае некалькі твораў («Веры Харужай», «Харужай», «Вера», асобны раздзел з паэмы «Каліна» – «Прыпяць» і інш.). Да паэтычнага твору «Вера» аўтар складае аб’ёмную прадмову ў прозе, дзе ўспамінае сюжэты, якія яна прачытала, разбіраючы архіўныя дакументы, акрамя таго ў гэтай прадмове – асновы канцэпцыі асэнсавання гэтай трагедыі ўсімі беларускімі паэтамі пасляваеннага пакалення: «Для майго пакалення вайна – гісторыя. <...> І вайна паўстала перада мной болем і гневам цэлага народа. <...> Яны загінулі, верачы ў справядлівасць, уславіўшы Беларусь. Іх смерць – не толькі помнік гераізму, яна дакор нам, жывым. Яе нельга забыць, усклаўшы на магілу вянок з кветак. І калі народ стварае гісторыю, ён павінен яе ведаць».

Для Веры Вярбы ўласціва нацыянальная адметнасць, якая выяўляецца ў выбары тэм, праблем, у своеасаблівым поглядзе на розныя бакі жыцця, нарэшце ў нацыянальным моўным каларыце. Для большасці яе твораў характэрны пранікнёны лірызм, эмацыянальнасць, чуласць да ўсяго навакольнага ў свеце, абвостранае пачуццё прыгожага. Нацыянальна-эстэтычная сутнасць яе паэзіі сведчыць пра адметную ментальнасць і мастацкую эстэтыку. Паэтычнае слова цесна звязана з моўным каларытам, і пры перакладзе на іншыя мовы твор нярэдка страчвае свой сэнс. Эстэтычныя карані яе паэзіі – у беларускай песеннай прасодыі. Моўная плынь яе твораў успрымаецца як музыка душы. Нездарма на яе вершы напісалі музыку кампазітары М. Пятрэнка, I. Барсукоў, Л. Свердзель

В. Вярба заўсёды з трапяткой павагай адносілася да справы свайго жыцця – паэзіі, узвышаючы той адрэзак часу, калі нараджаецца верш, уздымаючы паэта да экзістэнцыяльнага «творцы часу», пра гэта яна піша з упэўненасцю: «Я веру, што жыццё прадбачыць // І прадчувае лёс паэт...» І гэта не проста жаночая інтуіцыя, а паэтычны прагнастыцызм, заснаваны на глыбокім разуменні чалавека, жыцця і часу з пазіцый вечнага і вечнасці. У В. Вярбы «...кожны верш мой, нават слова – // Мой час, мой дзень, мой боль і хлеб». Вера Вярба не аставіла аўтабіяграфіі, яна «знікла» са старонак «свецкіх хронік» і перастала пісаць вершы яшчэ задоўга да таго, як пайшла з жыцця. Магчыма, ёй хацелася застацца ў памяці нашчадкаў вечна маладой і прыгожай. Яна аставіла для сваіх чытачоў наказ: «Дык будзьце ж у строгай важнасці // Да шчырасці ласкавей. // Чакайце, чытайце ўважліва, // Як пісьмы, вершы мае».

Лірычная творчасць Веры Вярбы – гэта высокамастацкі феномен, тайну якога даследчыкам паэзіі неабходна паспрабаваць раскрыць.

Пра значнасць беларускай паэзіі Веры Вярбы ў культурнай прасторы сведчаць пераклады яе твораў на іншыя мовы свету як блізкага, так і далёкага замежжа: на балгарскую, польскую, чэшскую, рускую, украінскую, латышскую, грузінскую, узбекскую і іншыя мовы свету.

Калі вы заўважылі памылку ў тэксце, калі ласка, вылучыце яе і націсніце Ctrl+Enter
© «Нашы людзі», 2021-2024
Паведаміць пра памылку
Паведамленне адпраўлена!
Адбылася памылка :(